Сьпяваці, і з часам, у добрую пору,
Выклікаць водклік у сонным сяле...
Ўсю Беларусь – неабнятну, як мора,
Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.
Янка Купала
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

АПОВЕСЬЦЬ ПРА САПРАЎДНАГА ЧУЖЫНЦА

Я насамрэч чужаніца й нішто насамрэчна-чужынскае мне не чужое,

Ненасамрэчна-чужынскае ці насамрэч-нечужынскае ўжо я,

Нібы раба, забіваю на пляжы і, быццам араба, зь сябе выціскаю па кропле,

Каб, стаючыся напраўду чужынцам ад капелюша да абцаса пантоплі,


З гонарам вымавіць: так, насамсправе, я ўжо наўсуцэль чужаніца,

Бацька і маці таксама чужынцы, чужынка мая сужаніца,

Сёстры й браты, і стрыечны пляменьнік, бабуля, і дзеці, і ўнукі,

Нат ненароджаны праўнук ім зробіцца без аніякай прынукі,


Нат спадкаемцы-нашчадкі, наступнікі покуль ня страцілі шанец –

Кожны – прынамсі аднойчы – адчуе, што ён натуральны чужанец

(Перапрашаю, чужынец), адчуе любою сваёю чужынскай вантробай,

Кожнай чужынскай душэўнаю фібрай адчуе, што ён тут – пабочнай асобай,


Ён тут сугней у самоце, мармоль у маркоце, закладнік такіх жа, як сам ён, дзікунак:

Гэткія дзеўчыны не пакладуць ні жыцьця, ні каханьня на ўласны швайцарскі рахунак

Сына сваіх марнатраўных бацькоў і наймарнатраўнейшага часу –

Часу зацятых і палкіх чужынцаў, тае неўтаймоўнае, дзікае расы,


Што аніколі ня будзе празь верных насьледнікаў, собскіх сыноў пераймацца

(Хай ужо тыя насьледуюць і пераймаюць, калі не лякаюцца марнае працы!),

Што прыбірае відзежы ў ядваб, аздабляе трызьненьні каштоўным каменьнем

І, імкнучы ў безназоўнай цямрэчы за пекным жаночым найменьнем,


Кожнае ночы палюе на любасьць і песьціць запал запаволенай міны,

Кожнага дня захлынаецца мрояй пра тое, чаго не было, але так, быццам проста гартае ўспаміны,

Кожнага вечару ведае праўду, а зраньня ізноў дае веры – канец выдае на пачатак!

(Мова мяне выдае, пане Зыгмунце!) – і, натуральна, ізноў памыляецца – дурань! ніякі ты мой не нашчадак! –


Я ў тваім веку таксама жанчын унікаў, але гэта былі, насамперш, прыгажуні,

а, па-другое, сапраўдныя дзеўчыны, а не фантомы ўяўленьня – шальбэра й шыбуні:

Калі ўжо грэбаваць, дык найпякнейшаю ў сьвеце істотай,

Каб, карыстаючы з добрай нагоды ўглядзецца ў суладную нагасьць і ўчуць п’яны водар лістоты,


Бачыць ня плоць алімпійскай красуні, бо нат багавіца чужынцу ня роўня,

А звычайнейшыя грудзі і сьпіны, і шыі, і рукі, і ногі ў мужчынскай пароўні

(Зрэшты, у сьвеце празрыстых фіранак, дзе дома і сьцены віжуюць, за сценамі ж – блазны і вязьні,

Найпрыдатнейшае сховішча – ў пары расійскае лазьні!).


  А. Хадановіч

вэрсія для друку

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 26.08.2009