Кожны з нас прыпасае Радзімы куток,
Каб да старасьці чэрпаць адтуль успаміны —
Дым над хатай, снапамі прыціснуты ток,
Матчын сьпеў і гароды, прапахлыя кмінам...
Гэта быў сорак першы палаючы год.
Прабіраліся мы з акружэньня на ўсход.
У аршанскіх лясах на адной з дарог
Я пазнаў сярод верасу сьлед маіх ног.
I паклікала родная хата мяне.
Я падпоўз да сяла, калі гаснулі зоркі,
Расхінуў асьцярожна кусты і зьнямеў —
Каміны... каміны... Дух пажарышча горкі.
Разьвіднела. А певень людзей не будзіў.
Цішыня. Мёртвы попел. Hi стуку, ні груку.
Толькі клён, што мой бацька калісь пасадзіў,
Грэў на сонцы свае абгарэлыя рукі.
Я схаваў твар у травы. I зямля, як дзіцё,
Да мяне прытулілася целам магутным:
«Дзе ж ты быў, дзе ж хаваўся ты гэтулькі дзён,
Што дамоў не ішоў?» — запытала ледзь чутна.
Не прыпомню цяпер, што ў адказ я шаптаў —
Ці зямлю суцяшаў, ці пра маці пытаў.
Слоў вугольле зьлятала з патрэсканых губ,
I растоптаны кут быў да болю мне люб.
Наліваліся кветкі сьцюдзёнай расой,
I прамыла раса мае сумныя вочы,
Каб убачыў я ўсё, каб запомніў усё,
Каб я думаў пра помсту і ўдзень, і уночы.