Старажытных дамоў мармуровая скура
адзінокі паэта лятае па дахах
каляровых вітрын маляваная дура
як Хрыстос на крыжы, памірае на гмахах
прыгажосьць існуе па-за межамі зроку
прыгажосьць існуе па-за межамі часу
скараціўшы адлегласьць у некалькі крокаў
нашы вочы і рукі застаюцца сам-насам
вы – кляновага лісьця залатыя манэты
пацалункі і позіркі цёплага ветру
вы – мае ненароджаныя санэты!
засталося прайсьці толькі некалькі мэтраў
і ніхто не дакажа, што сусьвет мы адкрылі
продкі продкаў маіх зноў зьбяруцца на веча
каб забойцу зрабіць матыльковыя крылы
і тады я скажу, што імгненнае – вечна