Ты прыйдзі ка мне вясною,
Кветкаю прыйдзі;
Заквіці красой са мною,
Думку разбудзі...
Ты прыйдзі ка мне улетку,
Коласам прыйдзі;
Песьняй жніўнай на палетку
Думку саладзі...
Ты прыйдзі ка мне зімою,
Сонейкам прыйдзі,
Даўнай казкай залатою
Думку абудзі...
Ты прыйдзі ка мне увосень,
Зоркаю прыйдзі;
Ў сьвет далёкі з шумам сосен
Думку павядзі...
Ты прыйдзі і на магілкі,
Кветкаю прыйдзі;
Белай ручкай клён няхілкі
Шчыра пасадзі...
Ты прыйдзі...
(1911)
Аўтар верша - вялікі Я. Купала.
Задаволенаму сэрцу ўсюды сьвеціць сонца. (прыказка)
