«Малая Беларуская» – менавіта так часта завуць Менскую Дзіцячую Чыгунку. Нягледзячы на назоў, тут усё сапраўднае – і два цеплавозы з шасьцю вагонамі, і правілы руху, і машыністы, і пасажыры, і начальнікі станцыі. Адрозніваецца ад вялікай магістралі гэтая дарога толькі шырынёй каляіны (амаль удвая ўжэй за «дарослую») і даўжынёй трасы – толькі чатыры кіламэтры, а не тысячы.
Вандраваньне па Дзіцячай Чыгунцы – прыемнае і не стамляе, па дарозе толькі тры станцыі – Заслонава, Піянэрская і Сасноввы Бор. Заслонава разьмешчана на праспэкце Незалежнасьці. Яе ведаюць усе менчукі, і менавіта сюды ўпершыню прыходзяць будучыя юныя чыгуначнікі і іх пасажыры. Тут вучацца, праводзяць сьвяты і прымаюць госьцяў.
На наступнай станцыі, Піянэрскай, цягнікі дзіцячай дарогі робяць тэхнічны прыпынак, каб правесці экіпіяваньне лакаматываў і вагонаў, адрамантаваць іх і падрыхтаваць да рэйса. Канчатковы прыпынак Сасновы Бор, дзе цягнік паварочваецца, знаходзіцца ў прыгожым парку. Адсюль цягнікі пачынаюць свой зваротны шлях. Яшчэ 4 кіламэтры да Заслонава – і паўгадзінны рэйс завершаны.
