Сьпяваці, і з часам, у добрую пору,
Выклікаць водклік у сонным сяле...
Ўсю Беларусь – неабнятну, як мора,
Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.
Янка Купала
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 
 фота(10)
 для друку

Адзнакi: 10.0 /2 Водгукі(0)
Курапаты горад Менск, Менская вобласць
Мейсца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1937—1941 гадоў.
 
Курапаты: 

Курапаты — мейсца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1937—1941 гадоў. На гэтым мейсцы супрацоўнікі НКВД БССР зьнішчалі людзей. Ва ўрочышчы налічаецца больш за 500 масавых пахаваньняў. З 1988 года высілкамі грамадскасьці пачаў стварацца мэмарыял памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.  

  

Першым публічным аповядам аб трагедыі ўрочышча стаў артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва "Курапаты — дарога сьмерці", апублікаваны 3 чэрвеня 1988 у штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва".  


"Гэта стала першым выпадкам на тэрыторыі былога СССР, калі было выяўлена такое вялікае пахаваньне ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў і зьвесткі аб ім апублікаваныя, — успамінае кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў. — Упершыню была ўзбуджана крымінальная справа па факце зьдзяйсьненьня злачынстваў савецкім кіраўніцтвам супраць беларускага народа. Не трэба забываць, што КПСС тады знаходзілася ў руля ўлады. І публікацыя матэрыялу была мужным учынкам…  

Толькі пазьней былі апублікаваныя мейсцы іншых масавых пахаваньняў — у Левашова пад Санкт-Пецярбургам, у Бутава пад Масквой і іншыя".  


У 2001 г. Пракуратура Рэспублікі Беларусь афіцыйна пацьвердзіла факт масавых растрэлаў грамадзян краіны органамі НКВД у Курапатах. Аб гэтым гаворыцца ў лісьце, адпраўленым на адрас грамадскай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыяла Курапаты", якая запатрабавала рассакрэціць вынікі расьсьледаваньняў на мейсцы пахаваньняў. У адным з пунктаў ліста канстатуецца: "Як першапачатковым, так і дадатковым расьсьледаваньнем усталявана, што ў 1937 - 1940-х гадох ворганамі НКВД зь мейсцаў зьняволеньня вывозіліся ва ўрочышча Курапаты людзі і тамака расстрэльваліся".  


У ліпені 1988 г. у Курапатах пачала працаваць сьледчая група пракуратуры БССР, была таксама створаная дзяржаўная камісія.  

  

Пры выбарковай эксгумацыі 6 пахаваньняў былі выяўленыя чалавечыя рэшткі (313 чэрапоў, косткі, 340 зубных пратэзаў з жоўтага і белага мэталаў), асабістыя рэчы (грабянцы, зубныя шчоткі, мыльніцы, кашалькі, абутак, астаткі адзежы), а таксама 177 гільзаў і 28 куль. 164 рэвальверныя гільзы і 21 куля - з рэвальвера сістэмы "Наган", 1 гільза - зь пісталета ТТ, гэта значыць штатнай зброі супрацоўнікаў НКВД. Было знойдзена і некалькі стрэляных гільзаў ад пісталетаў сістэм "Браўнінг" і "Вальтар". Зброя гэтых сістэм выпускалася і да 1941 г., нярэдка менавіта такой зброяй узнагароджваўся кіравальны склад НКВД. Усе рэчыўныя доказы, знойдзеныя ў магілах, - гільзы, манэты і іншыя, датаваныя 1937-1940 гг. Больш за 50 сьведак зь ліку жыхароў вёсак Цна-Ёдкава, Падбалоцьце, Драздова паказалі, што ў 1937-1941 гг. супрацоўнікі НКВД прывозілі ў лясны масіў на крытых аўтамашынах людзей і расстрэльвалі іх.  

  

Члены Камісіі, археолагі Андрэй Мяцельскі і Валянціна Вяргей паведамілі наступнае: «Да прыкладу, у апошняй магіле, дзе былі знойдзеныя косткі 370 чалавек, людзей склалі штабелямі, перасыпалі зямлёй, а зьверху распалілі вогнішча зь іх адзежы і рэчаў. Быў знойдзены абутак 1930-х гадоў, куфлі, грабеньчыкі, нават паперы аб канфіскацыі рэчаў. Немцы дакумэнтаў на адабраныя рэчы не выдавалі. Акрамя таго, у магілах не былі знойдзеныя косткі ні аднаго дзіцяці, а як стралялі немцы - вядома. Знойдзеныя рэчы кажуць аб тым, што людзей адпраўлялі ў Курапаты адразу з этапу, адкуль яны прыбывалі із сваімі пажыткамі. Значыць, людзей не трымалі ў камэрах, і не праводзілі ніякага сьледства. Гэта сапраўдны генацыд супраць народа. Падобнае па маштабах злачынства адбывалася, можа быць, толькі ў Камбоджы. Гэта была грамадзянская вайна ўзброенай улады супраць бяззбройнага народа».  


Матэрыялы сьледства налічалі больш за 10 тамоў. Усяго падчас сьледства на тэрыторыі каля 15 гектараў было выяўлена 510 магільных западзін.  


У 1995 г. Пракуратура РБ правяла праверку вэрсій і вынікаў папярэдняга расьсьледваньня. Была зроблена выснова, што ў Курапатах адбываліся растрэлы ў прадваенны час.


У 1997 г. ужо ваенная пракуратура правяла расьсьледаваньне. Былі праведзеныя эксгумацыі 9 пахаваньняў і выяўленая самая буйная зь вядомых на сёньня братэрскіх магілаў. У адной яме быў пахаваны прах 373 чалавек. Выснова засталася ранейшай - ва ўрочышчы ў прадваенныя гады растрэлы рабіліся ворганамі НКВД.  


У красавіку 1999 г. была вынесена пастанова аб спыненьні крымінальнай справы ў сувязі з тым, што новыя вэрсіі не пацьвердзіліся, а ўсе папярэднія расьсьледаваньні праведзены ў адпаведнасьці з законам.  


Па меркаваньні І. Кузьняцова, ва ўрочышча можа быць пахавана не менш за 30 тысяч чалавек. Гэтая ж лічба фігуравала і падчас першага сьледства, у 1988 г.  


Па агульнай колькасьці рэпрэсаваных у Беларусі афіцыйнай статыстыкі няма. Адзінай крыніцай, якая выкарыстоўваецца ў афіцыйных справаздачах з'яўляецца кніга Ўладзіміра Адамушка "Палiтычныя рэпрэсii 20-50-х гадоў у Беларусi". У ёй са спасылкай на Камітэт па архівах і справаводству, куды перадаваліся ўсе зьвесткі па рэабілітацыі, паведамлялася, што ў той перыяд часу ў Беларусі было рэпрэсавана каля 600 тысяч чалавек. Зь іх, як сьцьвярджаецца ў кнізе, расстраляна больш за 35 тысяч. Аднак рэальная колькасьць ахвяр у некалькі разоў больш. Па меркаваньні І.Кузьняцова, толькі ў Менску налічаецца як мінімум 8 мейсцаў масавых растрэлаў, дзе прах не менш за 50 тысяч ахвяр тэрору. А на тэрыторыі Беларусі, лічыць гісторык, каля 40 мейсцаў растрэлаў і пахаваньняў.  


Яшчэ ў 1989 г. была прынята пастанова Савета Міністраў аб узьвядзеньні ва ўрочышчы Курапаты помніка ахвярам палітычных рэпрэсій 1937-1941 гг. У тым жа годзе тамака быў усталяваны закладны камень з мэмарыяльнай дошкай, тэкст на якой нагадваў, што ў адпаведнасьці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 г. у Курапатах будзе збудаваны помнік ахвярам палітычных рэпрэсій. Быў абвешчаны конкурс праектаў. Але дагэтуль (жнівень 2009 г.) нічога не зроблена. А ўзьведзены на мейсцы трагедыі народны мэмарыял з сотняў крыжоў рэгулярна падвяргаецца нападам вандалаў-сталіністаў.  


Па ініцыятыве членаў секцыі "Мэмарыял" 29 кастрычніка адзначаецца ў нацыянальным каляндары як Дзень Памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі. 29 кастрычніка - гэта дата сімвалічная менавіта для беларусаў, таму што менавіта ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 1937 года ў Менску было расстраляна больш за сто знакамітых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: пісьменьнікаў, паэтаў, прадстаўнікоў сфэраў навукі і адукацыі.


http://www.minsk-old-new.com/

Дадаў PL 17.08.2009