Мушка-зелянушка й Камарык-насаты тварык
|
Блізка рэчкі Самацечкі камары таўкуцца, І «таўкачыкі» сьпяваюць, і у скокі тнуцца; «Гэй, гоп, таўкачыкі, Гэй, гоп, асінавы, Ды работы Максімавы...» А Максім ляжыць на траўцы, сонна пазірае, Камарок за камарочкам да яго шыбае, І пясьняр з усіх найлепшы ўжо зьвініць ля вуха, Як камарыка няўмысьне загубіла муха.
|
Захісталася сасонка баравая, Затужыла дзяўчынанька маладая, Жартаўлівая пяюшка-сакатушка, А на імя – дык мушка-зелянушка: – «Ой, чаму-ж ды ня судзілася мне долі, Што мяне і ня сваталі ніколі. А пасагу прабагатага я маю: Куст шыпшыны ад краю і да краю, Шчэлка ў яблыні – ад ветру каб хавацца, Ліст альховы – на ночку накрывацца, Ды да краю поўны мёдам кацялішча З жалудовай вялізнай шалупішчы, Калі гэты мёд у місачку кладзецца, Ажно сьліна ў роце набярэцца». Як пачуў тыя жаласьці камарык, Паскрабаў і насочак ён і тварык: – «А чаму-ж бы мне ды зь ёй не пажаніцца? Пэўна, пойдзе, каб болей ня журыцца. Хоць насаценькі я, шэры, хударлявы, Дык у скоках за тое-ж я рухавы...» І хапіўся камарочак прыбірацца, Каб ля мушкі-пяюшкі увіхацца.
|
Прыляцела мушка да хаты, – Аж у яе камарык насаты. Сватоўе-хрушчы усьсядаюць, З бацькам-маткай штось размаўляюць: «Мы – стралцы, шукаем куніцу, Ня куніцу, але дзявіцу». Гаманілі болей гадзіны Ды гавораць так да дзяўчыны: – «Ці да смаку наш госьць багаты?» – «Папытайце ў мамы і таты». Тут гарэлкай усё змацавалі, А пасьля і заручын даждалі. Браў камар ад мушкі-дзяўчыны Дарагі ручнік з павучыны, Што яна на траўцы сьцяліла І на ясным сонцы бяліла. У нядзелю будзе вясельле, Захадзіў камар, як з пахмельля, – І пяе і скача паціху, Ды як сыпне ураз «шырсьцяніху»: – «Шырсьцяніха, шырсьцяніха мая, Пакахала камара-гультая, А камар не зважае на яе, Толькі лётае ды песьні пяе».
|
Загудзела, расшумелася дуброва: Аб вясельлі у дуброве прайшло слова, Як вянок на муху свацейкі надзелі, Ўсе навокала аж вочы праглядзелі. А калі бацьком журылася дзяўчына, Аж заплакала жаноцкая радзіма: – «Ускланяюся татачку і матачцы, Калі ўжо апрыкрала ім у хатачцы. І чаму-ж вы мяне гадавалі, Ды ў чужую сямейку аддалі?» У каравайніцы сьлімачак запрасілі, І яны дзяжу напродзіў замясілі. Авадзень быў камаровым старшым дружкам, Рассыпаўся дробным макам перад мушкай. Матылькі – баяры, пчолачкі – баяркі, Спрытны, шпаркі, асабліва як да чаркі. А найстаршая баярачка – чмяліха Так сьпявала, аж баяр пабрала ліха: – «Ой, багаты баяры, багаты, Ды забыліся ўзяць грашаняты. Хоць няшмат грашанят яны маюць, Дык затое свой гонар трымаюць: Хто капейку дае – грыўняй ліча яе, А хто грыўню паклаў – што рубля дараваў». А як сыпнулі-урэзалі музыкі, Дык узьняўся разам гоман там вялікі. Чмель пузаты на басолі гучна грае, А на йскрыпцы ёмка пчолка падцінае. І знайшлося мушанётка дробна-мала, Што званіла ткі някепска у цымбалы. Лоўка конікі у скоках выціналі, У гару стрыбалі, звонка падпявалі: – Камары скакаць Выракаюцца: Ногі доўгія – Паламаюцца. – Гэтак скачуць – хто патроху, хто памногу. Нейкі конік адтаптаў чмялісе ногу. Госьці спорна п’юць-ядуць ды размаўляюць, А музыкі граюць, дыхту заўдаваюць. Умела муха на вясельле запрашаці, Дык над тое лепш умела частаваці. Усяго стаяла досыць для гасьціны: Навет мёд быў і чмяліны і пчаліны Хрушч вялізны так гарэлкі насмактаўся, Што зваліўся ды ў куточку адсыпаўся. Восы ў шатах чорных з жоўтымі стрычкамі, Проста елі мушку злоснымі вачамі. А яна ля мужа сьціпленька сядзела І зялёненькай спаднічкай зігацела. Мурашоўна нізка зьвесіла галоўку, Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку. Ды як скрыкнула, як ахнула раптоўна: У кроплі дожджыка танула мурашоўна. Усё сьцямнела, кроплі шпарка заскакалі, У дупло, дзе жыла мушка, пападалі. Пахаваліся ўсе госьці у куточкі: Так спынілася вясельле сярод ночкі, А назаўтра усе, як толькі ўсталі зраньня, Дык пайшлі да камара на баляваньне. І былі яшчэ нарэшце перазовы, Каб ня стала аб радзіме кепскай мовы.
|
Абляцелі красачкі Не ў пару, Невясёла шэраму Камару. Як пачаў ён параю З мушкай жыць, Давялося беднаму Патужыць. Ня умее мушачка Працаваць, Толькі ўмее з хлопцамі Жартаваць; Ані выткаць кросенкі, Ані шыць, Ані стравы хораша Наварыць. Паштурхаў камарычак Галаву: Як я з гэткай жонкаю Пражыву? Дзе я вочы, брацікі, Меў свае, Як сабе за жонкаю Браў яе? Паляцеў ён плакацца У лясок. Сеў на дуб зялёненькі, Пад лісток. Пахінуў галовачку, Уздыхнуў Песьню сумна, жудасна Зацягнуў. – Выйду ў поле ды разважу тое гора, Гэй, гаротнае, маркотнае! Ты шырока, маё полейка, Ад кусточка да кусточка разьлягаешся, Ты глыбока, сэрца, краешся. Дзе цяпер я сьмерць сваю спаткаю: Ці у моры, ці у рэчцы, ці ў ставочку, Што капытам пры дарозе быў прабіты І да краю буйным дожджыкам наліты?»
|
– Ды і што-ж там за шум учыніўся? – А камарык там з дубу зваліўся. Грымнуў ён на зямлю з высакосьці І пабіў – паламаў сабе косьці. Цесьлі дошкі з дубоў пілавалі, Габлявалі, труну змайстравалі. Ўсю чырвонай кітайкай аббілі, Стужкай чорнай з краёў адтачылі. Гэй, кладуць камара ў дамавіну, Заклікаюць сяброў і радзіму. Камары над труной затрубілі, Сьветлячкі лепш за зорак сьвяцілі. – «Вы паціху, музыкі, зайграйце, Майго сэрца у край не ўражайце!» – Горка мушка-ўдава галасіла, Борздай сьмерці у Бога прасіла: – «Мой мужочак, мой камарочак, Ты падай мне з труны галасочак. Ах, ніхто над табой не заплача, Толькі хмарачка дробнымі дажджамі, Толькі мушачка горкімі сьлязамі». – Палажылі дамоўку на мары, Панясьлі праз лугі ды папары. Ля дарогі магілу капалі І у ёй камара пахавалі, У сырую зямельку злажылі, Зьверху насып вялікі зрабілі. Людзі добрыя шляхамі мінаюць, Шапкі нізка здымаюць, пытаюць: – «Ня іначай, вяльможны вандроўнік, – Генэрал, ці маёр, ці палкоўнік?» – – «Не, ляжыць тут камар – камарочак, У каторага з локаць насочак».
|
|
|
|