|
ЧАСТКА ПЕРШАЯ Вечар!.. У небе высокім Слаўся над хмарамі дым... Веяла нечым далёкім, Нечым такім дарагім. Веяла пахамі жыта, Веяла прэлай травой I дарагім перажытым Пад сінявою страхой... Нібыта родную вёску Нехта у горад прывёз... ...Тлелі зь вячэрняга воску Дальнія сьвечкі нябёс. Плечы ахутвала сьцюжа. Падалі долу лісты... – Добрага вечару, дружа!.. – Яська!.. Няўжо гэта ты?!.. Дружа! Так многа, Так многа Вёсен і зім уцякло... ...Новае ў сэрцы жыло, Беглі другія дарогі... Момант!.. Адно вокаімгненьне – Зноўку сышліся чаўны... – Тодар!.. Жыцьцё не скляпеньне Акамянелай труны. Кажуць: ня сыдуцца горы, Шапку ня скіне Казьбек, А чалавек – Гэта ня цень касагору... Цень ад гары не ляціць... Людзі шукаюць другога... ...Заўжды, браток, у жыцьці Сходзяцца зноўку дарогі... * * * Мы спаткаліся зь ім... ...Сем гадоў праімчала, бы дым, Нібы сон... ...Сем гадоў!.. А так сьвежы былі успаміны... Нібы толькі учора За чорным укомскім сталом Мы нэрвова паціснулі рукі. З задуменнай усьмешкай вачэй На пражытае глянулі, I пайшлі, I пайшлі Да далёкіх другіх берагоў... Час ішоў!.. Пад бялявымі чарамі месяцу Многа канула сьлёз і вады У бяздонную сінь акіяну... Людзі плакалі, Людзі імкнуліся, – Будавалі... Змагаліся... Марылі... Кожны грэўся ля дальняга вогнішча Недасягнутых сёньня надзей... ...Разышліся У той дзень Беларусі Лучнікамі кадзіла нямая туга... ...Сем гадоў праімчала, бы дым, – Нібы сон... ...Сем гадоў!.. Мы спаткаліся зноўку... Толькі што гэта?! Сёньня ня тыя дарогі і мы... Сёньня думаю я аб інакшым – Сёньня думаеш ты аб другім... * * * Ноч!.. Агні!.. Тэатральная ложа!.. Каляровасьць!.. Трымценьне!.. Шум!.. Нешта сэрца трывожыць, Трывожыць, I тугой авявае душу. Я шукаю знарок супакою, Я хачу адпачынак знайсьці... Раскажы мне што-небудзь такое, Раскажы аб мінулым жыцьці. Штосьці сэрца ахутвае вусьціж, Назіраючы фільмы жыцьця... Не люблю расфарбованых вуснаў, Не люблю, За півонь на фальшывым экране Я ніколі душы не аддам... ...А вось тут, – Паглядзі, па-за намі Колькі, колькі Расьпісаных дам. Ім жыцьцё – дыямэнтныя мілі, Пазалота бялявых плячэй... Мо' за гэтым і душы астылі, I патухлі усьмешкай вачэй?!. Я шукаю ад супакою, Я хачу адпачынак знайсьці... Раскажы мне што-небудзь такое, Раскажы аб мінулым жыцьці... – Не пытай! Ты ня ведаеш, дружа, Што на сэрцы Паўтысячы ран, Што уперадзе сьцюжа I сьцюжа, I асеньняга шчасьця экран. Што ты, Яська, Як баба якая, Галаву апускаеш на дол?!. – Не дзівіся!.. I горды арол Свае крыльлі дашчэнту ламае... ...Не дзівіся!.. У вагнёх кананады Дагарэла, Што можа гарэць... На разьбітай Жыцьцёвай эстрадзе Зараз нечым надзеі сагрэць. Перажыў я Крывавую бойку, I сябе, як відаць, перажыў... Колісь я Дарагою вінтоўкай, Бы каханай сваёй даражыў. Даражыў... I ня рэдка, Ня рэдка, Калі месяц маліўся цішы, Я адважна ішоў у разьведку Зь нечуваным спакоем душы. Бо я ведаў: Ад роднае хаты Не прыйшоў я для скаргі і сьлёз, Дзе служылі вячэрню гарматы, I дыміліся сьвечы нябёс... А мой бацька, (Як потым пісалі) Пасылаў свайму сыну праклён, Ўспамінаючы часта мэдалі I аджытыя тасьмы пагон. Час ішоў... На разьбітыя сьцены Асядала туга і туман, Ападалі адвечныя сьцені, Праясьняўся жыцьцёвы экран. I тады я Ідэі ня здрадзіў, Калі штык мой Іржой загараў... На нязвыклай укомскай пасадзе Я гарэў... Палымеў... Дагараў!.. А мой бацька (Як потым пісалі) Ні сябе, ні мяне не журыў, Ён укінуў у печку мэдалі I пагоны з сурдутам спаліў... Адчыніў Магазін на Каломне, А празь месяц ён піша ў лістох: – Прыязджай, даражэнькі, дадому, Не зважай, Не зважай ні на што. Вельмі рад я, Што сын камсамолец, Але ты Не зусім камсамоль... Вецер з поўначы зноўку нагоніць І сьнягі, I асеньнюю золь... Расьцьвітаюць і астры, Бы казка, Прыгажэй іх увосень няма, Але прыйдзе на лыжах зіма – Хто пазнае, Дзе сьнег, а дзе краскі?! А ідэі – Ня цьмін залаты? А імкненьні – Ня тыя ж лілеі? Я ня ведаю, Што гэта ты Так аддаўся душою ідэям?! Вецер з поўначы Зноўку нагоніць I тугу, I жыцёвую золь... Вельмі рад я, Што ты камсамолец, Але ты Не зусім камсамоль. * * * Дні плылі, I плылі у прадвечнасьць, Нібы каўкі на чорную баль, А на сэрцы расла супярэчнасьць, Пахмурнела ружовая даль. У ружовых агнёх захапленьня Дагарэла, Што можа гарэць... Дзе шукаць, I якога збавеньня, Калі нечым надзеі сагрэць?.. Пустацьветам На чорным экране Адцьвіла, Нібы сон, маладосьць... Зь нерасквечанай краскай каханьня Мне зьявіўся нягаданы госьць. Пакахаў я Аднойчы дзяўчыну (Хіба ў казцы пра гэта казаць), Пакахаў!.. Як сябе, Як айчыну, Як ня ўмеюць на сьвеце кахаць. Толькі, ведаеш, Позьняя вішня Асыпае зь пялёсткамі плён... I мяне за жыцьцёвым кілішкам Напаткаў векавечны закон. Я кахаў, – Цалавалі другія, Я маліўся, – А нехта пляваў, Я шукаў дарагога Месію, А Іуда яго прадаваў... Я ішоў, Дзе сьмяяліся ружы, Дзе, здавалася, гінуў туман, А прыходзіў: Жыцьцёвая сьцюжа Абрывала далёкі экран. За півонь на фальшывым экране Я расьпяў на пахілым крыжы I апошнюю краску каханьня, I апошнія крозы душы. Вось тады За сталы рэстарану Мяне кінуў бязьлітасны лёс, Заліваць нечуваныя раны Разам з болем Нявылітых сьлёз. * * * Помню вечар... Той памятны вечар... Асыпалася лісьце бяроз, I дыміліся першыя сьвечы На эмалевай сіні нябёс. Штосьці стукала, Стукала сэрца... ...Быццам нехта Разбурыў сусьвет... ...Адабралі білет на ячэйцы, Адабралі партыйны білет... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Ноч! Агні! Рэстаранныя скрыпкі! Каляровасьць! Трымценьне! Шум! ...Нейчы голас надломана-хрыплы Дзікім рогатам раніў душу... Залівалі тут Душы і раны, Дзе туман свае рукі прасьцёр... А за чорнай сьцяной рэстарану Будавалі другое жыцьцё... Мне хацелася Жыць па-другому, А ці здолен я? Цяжка сказаць... Мо’ ніколі жытнёвым заломам Самастойна на ногі ня стаць... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Што сказаць?! Ты ня ведаеш, дружа, Што на сэрцы паўтысячы ран, Што наперадзе Сьцюжа I сьцюжа, I асеньняга шчасьця экран... Я застыў у сваім задуменьні, А калега павіс галавой... Ападалі люстраныя цені, – Галасіла раяль за сьцяной. Нібы хтосьці Узрыдамі грудзі Над халоднай труной надрываў... Чорны смутак душу авяваў... Безудзельна праходзілі людзі... Эх вы, Яські!.. Няўжо за гарамі Вас пакінуў жыцьцёвы цягнік. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Вашы душы іржой загараюць, Як на полі пакінуты штык... Заўжды позна расьцьвіўшая вішня Асыпае пялёсткамі плён... Вось і вас За жыцьцёвым кілішкам Напаткаў векавечны закон... Мы усе на палёх кананады Загубілі юнацкія дні... Але зараз На новай эстрадзе Не патухнуць жывыя вагні... Паглядзі! На разьбітыя сьцены Асядае туга і туман... Ападаюць адвечныя сьцені, Праясьняецца новы экран...
|
|