АКТ ПЕРШЫ
Час каля Купалля. Поўдня. Хата Зябліка. Марыля — хворая: то сядзіць, то ляжыць на ложку. Данілка на зямлі скрыпку майструе. Старац сівы, як голуб, абчэплены торбамі і з кіем у руках сядзіць на лаве.
З'ЯВА І
(Mapыля, Данілка, Старац.)
С т а p a ц. Так, так, пані гаспадыня! Заўсёды бяда бяду вядзе, але ніколі не трэба здавацца. Ліха перамелецца, і ўсё добра будзе. Калісь і мяне ціскалі няшчасці з усіх бакоў, а цяпер... Э! Што казаць? — Жыву сабе і гора ніякага не знаю. Торбачкі за плечы, кій сукаваты ў рукі і хаджу сабе, як ні ў чым не бывала, па дарожках пуцявінках. Так, так, пані гаспадыня!
М а р ы л я (гаворыць з трудом). Гэта ж толькі падумаць, дзедка. Мала усялякага безгалоўя, а тут на табе, яшчэ гэта хвароба. Лета не за тарою, скора касьба пачнецца, жніво, работы гібель, а ты ляжы тут прыкава-най да ложка, як пакутніца якая. Лепей хай бы ўжо смертачка прыйшла на маю галаву няшчасную, дык хаця б хаты не завальвала. Не так я вясну спатыкала і праводзіла, як мне сёлета прыйшлося, ох, не так, як і сам знаеш! (Кашляе.) А тэты суд у майго з дваром... То ж не давядзі ты, Божанька. Гаспадарку ўсю змарнавалі, да няма нічога дайшлі, і сягоння ўжо не ведаеш чалавек, дзе заутра сонейка прыйдзецца сустрэнуць. Ох, Божа ты наш справядлівы, за якія грахі цяжкія караеш ты нашу сямейку! Ах, як жа цяжанька! Падай мне вады, Данілка. (Данілка падае.)
Д а н і л к а. Праўду мамка кажа. Страшэнна нягодна жыць на свеце. Вось хоць бы і мне такая бяда зрабілася: скрыпку старую, што была ў мяне раней, татка са злосці паламаў, а цяпер і рабі што хочаш. Пакуль жа я новую такую змайструю... Ну, але затое калі і зраблю, дык вот жа зайграю — цэлы свет дзіву дасца!
С т а р а ц. А дзе ж гаспадар ваш, пані гаспадыня?
Д а н і л к а. Тата пайшоў у двор прасіцца, каб яшчэ трохі пачакалі і не выкідалі нас адгэтуль.
М а р ы л я. Так, так. Сягоння сышоу час наш выехаць, а мой нічога яшчэ сабе не прыстараўся.
С т а р а ц. Дрэнна, вельмі дрэнна, калі так выходзіць. Свайго не меўшы,— трэба легчы спаць не еўшы.
Д а н і л к а. Вось табе дык добра, дзедка: з адной хаты выкінуць, дык у другую пойдзеш.
М а р ы л я. Усе ж да апошняга часу думалі, што за нам! зямлю прызнаюць, тым часам наадварот выйшла.
С т а р а ц. Так, так, пані гаспадыня. Чалавек страляе, а чорт кулю носіць.
М а р ы л я. Мой жа чалавек — каб вы, дзедка, бачы-лі: за апошні час як набраў сабе нечага ў галаву, дык проста з розуму сыходзіць. Учарнеў, асунуўся, азыз, толькі таўпехаецца з кута ў кут, як сам не свой. Баюся, дзедка, вельмі баюся, каб з ім, барані божа, чаго благога не сталася.