Эх, скручу я дудку!
Такое зайграю,
Што ўсім будзе чутка
Ад краю да краю!..
Франьцішак Багушэвіч
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

СТРАЦІМ-ЛЕБЕДЗЬ      М. Багдановіч   1916         прагляд

Не анёл у трубу уструбіў –

З хмары Бог старому Ною гаварыў:

«Поўна з краем чаша гневу майго  

На людскія грахі ды бясчыннасьці.  

Вось надойдзе часіна суровая,  

Лінуць зь неба залівы бязьмерныя  

I абмыюць ад бруду смуроднага  

Ўсю зямлю яны, белы-вольны сьвет».  


Пачынаў тут Ной будаваць каўчэг  

З таго дзерава ліванскага.  

Ўшыркі гэтаму каўчэгу – сто лакцёў,  

А ўдаўжкі – болей тысячы.  

Ды узяў туды Ной і птах і зьвяроў,  

Каб ня зьвёўся іх род зь зямлі.  

Ды ня плыў к яму з мора сіняга  

Страцім-лебедзь – горды, моцны птах.  

Яго звычаі – арліныя,  

Яго ўцехі – сакаліныя;  

Пер’і-пер’ечкі бялеюцца  

Ды на золку агнявеюцца.  

У яго ў крыле – трыста тры пяра:  

Узмахне крылом – быццам бор шуміць,  

Узмахне другім – што мяцель гудзіць.  

Як учнуць дажджы, – пацякла вада,  

Разьлілася горш ад павадка.  

Затапіла ўсе лугі-лагі,  

Ўсе лугі-лагі, ўсе лясы-бары;  

Уздымаецца вышэй ад гор.  

Птахі ў небе стаяй лётаюць,  

Енчаць жаласна, ад нуды крычаць,  

Выглядаюць стуль прытулачку.  

А па ўсёй зямлі толькі хвалі б’юць,  

Толькі хвалі б’юць белай пенаю.  

Ды па іх дужы, сьмелы плавае  

Страцім-лебедзь – горды, моцны птах.  

Узмахне крылом – быццам бор шуміць,  

Узмахне другім – як мяцель гудзіць.  

I населі тут на лебедзя  

Птахі дробныя ўсёй стаяю.  

Лебедзь зь сілы выбіваецца,  

Птушкі ажна усьцяшаюцца.  

Дзень ён плавае, другі-трэці дзень,  

На чацьвёрты стаў прасіць-маліць:  

«Вы ўзьляціце хоць на час які,  

Выбіваюся з астатніх сіл.  

Дайце вы грудзям, гэй, вальней ўздыхнуць!  

Дайце вы крылам, гэй, шырэй ўзмахнуць!»

Не паслухалі птахі лебедзя.  

Пацямнела у яго ў вачах,  

Крыльлі ўрэшце надламаліся,  

Галава ў ваду апусьцілася.  

I пайшоў на дно мора сіняга  

Страцім-лебедзь – моцны, горды птах.  


Ад усіх цяпер патомкі ёсьць,  

Ды няма адных – Страцімавых.

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 12.05.2009