АД АЎТАРА
Пэрыяд Другой Сусьветнай вайны прынёс беларускаму народу найбольш цярпеньняў і каштаваў яму ахвяраў. Даўно здадзеныя на злом і пераплаўленыя ў іншыя прылады вайны ці міру зброя, што ірвала-крывавіла зьняможанае цела нашае Бцькаўшчыны. Але маскоўскі акупант, не дазволіўшы прыгнечанаму народу залячыць і загаіць ваенных ранаў, запрог яго ў непасільнае ярмо ды сыцее й дужэе за кошт мільёнаў нашых нешчасьлівых родзічаў.
Партыйныя прыслужнікі Масквы ў навуцы й культуры туга набіваюць кішэні бальшавіцкімі чырвонцамі за мізэрна-хвальшывыя працы, дзе намагаліся й намагаюцца ў крывым люстэрку паказаць той векапомны час. Тыя-ж, для якіх праўда, сьветлая маральнасьць, гонар і чыстае сумленьне даражэй юдаўскіх маскоўскіх прэміяў, бляшак-мэдалёў ды тытулаў, прымушаныя сяньня маўчаць, чакаючы на лепшую будучыню, калі змогуць тварыць бяз прымусу.
Адрэзак часу, што дзеліць нас ад вайны, быў-бы амаль дастатковым, каб хоць з большага вычарпаць багацьце матар'ялаў, што назьбіралася ў басэйне падзеяў за час вайны ў Беларусі. Але яшчэ дагэтуль амаль незакранутая сыравіна вялікіх ваенных эпапеяў у літаратуры, неадсьпяванай застаецца слава беларускіх волатаў-гэрояў у музыцы. Нашы нацыянальна-сьведамыя й патрыятычныя масы на эміграцыі ўсё яшчэ дзеляцца й жывуць ласкуткамі ўспамінаў ды там-сям падбіраюць каласкі з плённых чужых ніваў. Удома-ж бальшавіцкія партыйцы славяць крывадушных катаў паняволаенага народу.
Беларускія эміграцыйныя пісьменьнікі маюць амаль неабмежаваную вольнасьць тварэньня ды й багатую спадчыну гістарычных матар'ялаў. Адылі яны, аддаючы львіную частку свайго часу заробкам на штодзённы хлеб і жыцьцё, абмежаваліся да гэтага часу адно колькімі ўрыўкамі-нарысамі ці кароткімі паэмамі. Асноўны-ж запас сыравіны, што адносіцца да людзей і падзеяў у Беларусі падчас апошняе вайны, усё яшчэ неўпарадкаваны й недасьледаваны, чакае лепшае будучыні.
Аддаючы гэту працу ў карыстаньне грамадзтва, аўтар спадзяецца, што яна хоць у малой ступені запоўніць вышэйзгаданы прабел.
Вялікая падзяка належыцьца сябром із Школы Камандзераў Беларускае Краёвае Абароны ў Менску, што пасьпяшылі нам на дапамогу зь інфармацыямі. За помач у інфармацыях складаем вялікае беларускае дзякуй і наступным асобам: сьв. пам. а. мітр. прат. Данілюку, ген. Ф.Кушалю, д-ру М.Шчорсу, сп-ні Л.Пітушчысе, сп.сп. Г.Барановічу, А.Маркевічу й іншым, а за парады пры апрацоўцы матар'ялу - д-ру В.Жуку. За перагляд і некаторую карэкту ў мове рукапісу дзякую сп. А.Марговічу.
Гэтта асабліва жадаем падчыркнуць вялікую вартасьць фінансавае дапамогі сп-ра К.Каранеўскага і д-ра Б.Рагулі, ды й трэйцяга сябры, які жадае астацца ананімным, дзякуючы якім магчымай сталася рэалізацыя выданьня кнігі.
Д-ру Ст.Станкевічу і сп-ні З.Станкевічысе за цяжкую й наагул тэхнічную працу, зьвязаную з выданьнем, належыцьца найбольшшая ўдзячнасьць. Фактычна дзякуючы вялікай ахвярнасьці ў працы сп-ва Станкевічаў і магчымым было выдаць гэту працу ў так скорым часе.
К.Акула
Сябром із школы камандзераў Беларускае Краёвае Абароны ў Менску
МЕЧ
Яго ў зямлі знайшоў маёй разлогай
Гаручы прадзедаў вузкі загон.
Вясёлым звонам аказаўся ён,
Калі чапіў канцом майго нарога.
Абцёр пабожна йржу часа благога,
І заблішчэў старых стагодзьдзяў сон
І напіс на клінку, нібы закон -
«Да рэшты бой!» - зірнуў загадам строга.
І вось няма нясьмеласьці, разваг
Для сэрца вернага - чужынцам страх:
Радзімы схоў вартуйце, маткі, сёстры!
Я з грамадой іду па шчасьце нам.
Мой меч зіхціць непераможны, войстры.
Змагуся сам - дык іншым перадам!
1924 г.
Уладзімір Жылка