Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага яснага дня.
Паглядзі, як усход разгараецца,
Колькі ў хмарках залётных агня.
Максім Багдановіч
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

ДЗЕ ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ...      К. Акула            прагляд

Пра гэта, відаць, можна было-б пісаць зьявамі, як у сцэнічных абразох, ці што...

Давялося мне зьведаць бальшыню беларускіх эміграцыйных асяродкаў, амаль тых прыказачных "куткоў выгнаньня"... Шмат суродзічаў прыгадваю з выгляду. Некаторых, што так ці накш цягнуць ці падпіхаюць цяжкі й скрыпучы воз беларускага вызвольнага змаганьня, ведаю бліжэй. Пра іх варта згадаць.

Макулінкі ў жыцьці, кроплі ў моры. Сваё, тое, што Беларусяй жыве, дыхае й для яе няспынна працуе. За межамі паняволенай і запрыгоненай бацькаўшчыны. Кроплі поўныя й сакавітыя. Людзі сьпелыя, якія ведаюць, што сьведама робяць. І ў сваей поўнай адданасьці тэй працы яны прыгожыя й незаменныя...

Сяргея Гутырчыка можна было-бы назваць чалавекам ізь бел-чырвона-белым сьцягам. Вэтэран Беларускай Самааховы, пазьней Беларускай Краёвай Абароны. Здаецца, што думаў удома й думаў тут, у Злучаных Штатах, найбольш жаўнерскімі катэгорыямі. Дзесьці пачынаючы зь пяцідзесятых гадоў групу Беларуска-Амэрыкамнскіх Вэтэранаў зь Ню Брансвіку й ваколіцаў пару разоў на год бачыце ізь сьцягамі - беларускім, амэрыканскім і вэтэранскім - на вуліцах гораду ў маршы. Звычайна гэта было на Дзень Памінак а іншы раз увосень, на Парадзе Сьцягоў. А пазьней пабудавалі помнік Беларускі Гэроям на могільіку ў Іст Брансвіку, і пачалі там-жа, заўсёды ізь сьцягамі, кажны год у дзень гэрояў ушаноўваць памяць паўшых у змаганьні за вольнасьць і незалежнасьць Бацькаўшчыны...

Ушаноўваючы традыцыі змаганьня беларускага народу за сваю вольнасьць і незалежнасьць, ды адзначаючы 25-я ўгодкі існаваньня беларускае вэтэранскае арганізацыі, губэрнатар штату Ню Джэрзі Вільям Т, Кагіл праклямаваў дзень 3-га сьнежня 1972 году Днём Беларуска-Амэрыканскіх Вэтэранаў у штаце Ню Джэрзі.

Можа для кантрасту, каб лепш прадставіць вам Сяргея Гутырчыка, дамо слова Сытому Язэпу. Вы не сустракалі такога? А вось ён перад намі, зірнеце на яго: вырас, як казалі дома, аж пад неба... Найбольш любіць дзьве дзейнасьці, ці, лепш сказаць, бязьдзейнасьці - жраньне й абломаўшчыну. Таму не зьдзіўляйцеся, што сьпераду жывот-мех, як туга напханая падушка. Аж сапе, як ідзе. Сыты Язэп жыве ў краіне вялікіх вольнасьцяў, таму і ўяўленьню свайму і языку дае вялікую волю. Ён усё ведае, ён поўны цынізму, ён думак і разважаньняў махляр. І вось ён:  

- Гутырчык? Фэ! Падумаеш, гярой які! Што ён із гэтым сваім сьцягам тут выхадзіць? Патрыёт! Унь калі за Беларусь змагацца, дык чаму дома не астаўся й ні змагаецца! Хэ-хэ...

Чуючы такое, сьвярбіць рука. Але разважаеш сабе так: Бог побач добрага, сатварыў і благое. А Сыты Язэп, із дурной усьмешкай на тучным твары, далей заганяе кол:

- Што вы тутака такія, як ты й Гутырчык, Беларусь збудуеце?

Гэтаму, што "вырас аж пад неба" можа й няведама, што ніхто адзін вольнай Беларусі ня збудуе, але кожны павінен сваю долю ўлажыць.

І зьява ў Гутырчыкавай хаце - шасьціпакоевым "бангалоў" на ціхай, абсаджанай яварамі, вуліцы Самэрсэту. Ягоная гасьцінная, стрыманая й ветлівая жонка Літвінка ўсю ўвагу прысьвячае гасьцям і мужу. А Сяргей прынёс сьцяг Беларуска-Амэрыканскіх Вэтэранаў, разглядае яго як нейкую важную гістарычную рэліквію.

- Глянь, Кастусь, ужо маем чатыры істужкі - узнагароды ад Амэрыканскага Легіёну за нашы парадныя маршы. Мы-ж кажны год, і ня раз на год ходзім. І заўсёды побач вось гэтага, вэтэранскага, лунае й наш беларускі, бел-чырвона-белы сьцяг. І гонар нам ад чужых. Знеш, гэта як рэкляма, а Амэрыканцы-ж ня могуць безь яе. Значыцца ў гэтых нашых сьцягох ды ў нашых маршах жывець Беларусь.

Сяргей скупы на словы, ці, дакладней, не красамоўны. Слоў дарэмна не раськідае. У ягоных вачах гордасьць. І ўяўляеш сабе, што калі-б ты апынуўся ў цяжкім баі, хацелася-б мець побач Сяргея. Калі-б у цябе да кулямёта не хапіла амуніцыі, Сяргей выкапаў-бы яе спад зямлі, ды, падбадзёрваючы цябе, памог-бы, каб раўней ішла кулямётная істужка, каб ямчэй касіць агнём нікчэмнікаў... А ў выпадку няшчасьця, калі-б аслабеў ты ад ранаў, ён падзяліўся-б з табой сваёй крывёю.

Тыя з нас, што добра ведаюць эміграцыйную рэальнасьць, дзе шмат нашых людзей "стаіць на плошчы 25-га Сакавіка" ды зусім наперад ня рухаецца, добра цэняць такіх, як Сяргей. Нялёгка арганізаваць "вольных" Беларусаў. Колькі-ж нэрваў і намаганьняў трэба.

А вы зірніце на Сяргея й Беларуска-Амэрыканскіх Вэтэранаў. Яны ўжо гадамі носяць нашы сьцягі на вольнай зямлі Вашынгтона. Падчас Амэрыканскае Рэвалюцыі ў гэтых ваколіцах праславіўся вялікі Літвін Тадэвуш Касьцюшка, а цяпер гэнай самай, Касьцюшкавай зямлі нашчадкі прадаўжаюць свой марш да вольнасьці. І лунае бел-чырвона-белы сьцяг на вуліцах Ню Брансвіку. Каб жыла Беларусь!

У суме нашай агульнасй нацыянальна-вызвольнай працы можа гэта й няшмат. Ды нас-жа жахліва мала. І як хораша сябе адчуваеш, калі ведаеш, што нехта з году ў год амаль літаральна стаіць на варце, ды не зважаючы на ніякіх сытых язэпаў горда нясе наш сьцяг. І гэта на чужыне, якая ўжо для дзяцей ягоных, роднай маткай сталася. І дзеці ад бацькоў пераймаюць, багацейшымі самі робяцца й сваю бацькаўшчыну ўзбагацяць.

Параўнайце гэту групу нашых вэтэранаў, ды іхную на выгляд сьціплую працу із тымі гультаямі, што даўно "распакаваліся", ці хаця-б з тымі "працэнтамі лювэнскага капіталу", якім Бог куды больш даў, ды якія жывуць адно для сябе.

Гутырчык і Кажура, Стагановіч і Даніловіч, Субота і Дубяга, Машанскі і Напеін, і іншыя...

Яны з нашымі сьцягамі, дый ці толькі зь імі. Яны й цімала папрацавалі, каб трымалася беларуская вайсковая традыцыя ў вольным сьвеце сярод нашых суродзічаў, што прыйшлі з раськіданых гнёздаў. Безь яе, традыцыі, няма вольнага народу.

Схіляю перад вамі галаву, шаноўныя вэтэраны. Вялікая вам за працу пашана!


* * *


Увесь час майго трохтыднёвага побыту ў Аўстраліі дакучала сухая сьпякота. А ў тыя дні адбывалася сустрэча Беларусаў Аўстраліі і ў Беларускім Грамадзкім Доме, па сваіх разьмерах ня вельмі прасторным, было даволі цесна. Гарачыня дакучала і на дварэ. Навокал ніводнага дрэўца.

У куце я спасьцярог кніжны стол, ля якога было куды больш вольнага месца, чымся каля буфэту з напіткамі й закусяй. Я накіраваўся туды. Із сабой, памятаю, меў невялікую валізку з кніжкамі, між якіх быў і нядаўна выданы царкоўны "Службоўнік". Я быў перакананы, што бальшыня прысутных суродзічаў калі й чула пра гэтую кнігу дык яе яшчэ ня бачыла. Вось чаму, доўга ня думаючы, я выняў з валізкі й палажыў на пярэднім краю стала некалькі штук "Службоўніка".

- Спадар Акукла, вы тут мне ці ня думаеце загаспадарыць? Ваш стол у Тароньце, а тут мой...

Побач мяне стаяў, із вымушаным сур'ёзным відам, Мікола Нікан. Заўсёды ветлівы, руплівы й надзвычайна ахвярны ў працы.

- Прабачце, спадар Нікан, я не хачу забіраць у вас бізнэсу, але...

- Ну, ну, глядзіце, - дакараў мяне з усьмешкай Нікан, - а то як не зараблю, дык голадам буду марыццца. А гэта ў вас што? "Службоўнік"? Пакіньце, я дагледжу.

Апроч сваей вялікай арганізацыйнай нагрузкі працы, Мікола Нікан вось ужо дзясяткі гадоў возіцца з кніжнымі сталамі, зьбіраше падпіску на пэрыёдыку, рассылае яе. Цяжкая і надта няўдзячная гэта праца, але дзякуючы такім выдатным людзям, як Мікола Нікан, расьце на эміграцыі беларуская літаратура й друкаваная пэрыёдыка.


* * *


Прыгадваю, што А.Калодка, падчас галоўнай зборкі ў сэрыі розных цырымоніяў Сустрэчы Беларусаў Аўстраліі ў Мэльбурне, чытаў даклад, калі памяць мяне не падводзіць, пра гісторыю Літоўскага Статуту. Голас калішняга вязьня Аўшвіц Біркэнаў то цішэў, што ледзь чуваць яго было, то дрыжэў і мацнеў. Накіпела. Чалавек хваляваўся. Ззаду аставаўся жудасны шлях, а цяпер Калодка дажываў свой век на сьціплай пэнсіі-ашкадаваньні ад ураду Фэдэральнай Рэспублікі Нямеччыны.

Калодка цэлы час браў удзел, на колькі высмактаныя гітлераўскімі нацыстамі фізычныя сілы дазвалялі, у мясцовым беларускім грамадзкім, рэлігійным і культурным жыцьці. Я яго бачыў першы раз у жыцьці й захапляўся нязломнай маральнай сілай гэтага чалавека. А што гэта за чалавек, у якога ў зьняможаным целе тлее такі нязгасна-палымяны дух?

- Падчас вайны Калодка ў нас у Вялейцы быў свой чалавек, - апавядаў мне ў Тароньце Нікіфар зь Вялейшчыны, - Да яго ў якой хочаш справе ішоў увесь народ з усіх вёсак. Калі дзе каго пакрыўдзіла якое паляч'ё, што было пазашывалася ў нашу адміністрацыю, дык людзі казалі: ідзіце ў Вялейку да Калодкі, пажальцеся яму. Ён свой чалавек і ён надзвычайна спагадлівы. Ён разьбярэцца ў чым справа й паможа. І ўсе да яго йшлі з рознымі справамі, найчасьцей з крыўдамі ад уладаў. І ён усім, як толькі мог, памагаў, а калі ня мог сам ды пасылаў да якога іншага начальніка. Так Калодка ўдома быў наш добры й вялікі чалавек, масу нашых людзей ад бяды выратаваў...

Я, прыгадваю, прасіў тады шматгаманлівага Нікіфара, каб сеў за стол, узяў самапіску ў правую руку, кавалак паперы, ды, пацеючы ад вялікіх намаганьняў, сваімі словамі, як умее, запісаў што ведае пра Калодку. Але пэнсіянер Нікіфар і дагэтуль не сабраўся гэтага зрабіць.

Слухаючы тады Калодкаў даклад у Мэльбурне, я быў сьведмы таго, што слухаю чалавека, які сваей нястомнай працай для народу на бацькаўшчыне, у грозны ваенны час, заслужыў сабе пачэснае месца ў нашай гісторыі. "Наш чалавек" тады ў народных вуснах было вялікай пахвалой і ўзнагародай.

Гэны-ж народ не называў тады "нашым чалавекам" нікога з тых "запраўды праваслаўных" нікчэмнікаў, якія подлымі даносамі пасадзілі яго, гэроя-змагара, у нацыстоўскі лягер сьмерці.

Дзякую Богу за Калодку, а яму самому пашана ад мяне, беларускага патрыёта з суседняй Вялейшчыне Глыбоччыны.


* * *


У прыгожы сонечны дзень мы стаялі перад новай царквой у Рычманд Гіл, паўночным прадмесьці Ню Ёрку. Кастусь Мерляк апавядаў мне як яе будавалі.

- Бачыш, купал хацелі мы даць крыху больш уперад, бліжэй вуліцы, але нам не дазволілі, бо ёсьць такое мясцовае байло (права), якое рэгулюе вышыню будынкаў у адлегласьці іхнай ад вуліцаў. Дык давялося тады нашаму архітэктару зьмяніць крыху пляны...

Кастусь апавядаў тое голасам, у якім чуваць было пашану да працы; з такім задавальненьнем добры гаспадар гаворыць пра належна апрацаваную й засеяную ніву. Ён-жа назваў і нейкі лік, значыцца прыблізную камэрцыйную вартасьць гэтага храму, што пабудавала група людзей, якая пакінула некалі парафію Сьвятога Кірылы Тутаўскага ў Брукліне й пачала тут новае жыцьцё. Прыгожая царква. Яшчэ адно сьветчаньне, як наш ахвярны народ працуе для Бога й народу, ставіць Госпаду й сабе помнікі. На бацькаўшчыне чужынцы нашы сьвятыні руйнуюць, а нашы выгнаньнікі на чужыне будуюць.

І яшчэ мне думалася, як больш плённым было-б жніво, калі-б усе нашы праваслаўныя парафіі, на чатырох кантынэнтах, належалі да адзінай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, а не цягаліся па розных шляхох "з Варагаў у Грэкі", ці, яшчэ горш, наведвалі чужыя сьвятыні...


* * *


26-га лістапада 1983 году ў Тароньце, на сьвяткаваньні 35-х угодкаў заснаваньня Згуртаваньня Беларусаў Канады, д-р Раіса Жук-Грышкевіч мела галоўны даклад, які расьцягнула аж на цэлую гадзіну. Мяркавалася, што выкінуўшы аж зашмат непатрэбных згадак пра адну асобу дый пра сябе, магла-б час напалову скараціць. Галоўнае, што Раіса, - як мы яе тут звычайна называем, - не згадала нічога пра некаторых людзей, якія гэтага заслужылі, хоць праца іх канцэнтравалася толькі ў пэўных пэрыядах беларускага арганізацыйнага жыцьця.

Насамперш варта й неабходна было згадаць Валер'яна Навіцкага. Родам са Случчыны, ён скончыў Менскі Пэдагагічны Інстытут, а падчас вайны працаваў кіраўніком СБМ у павеце.

У Канаду Навіцкі трапіў зь Нямеччыны і ўжо ў 1949 годзе прыбыў у Таронта. Згуртаваньне Беларусаў Канады адно што карэньне тады ў чужую глебу запушчала й кажны чалавек свой быў надзвычайна дарагі. "Беларускі Эмігрант" адбіваўся на рататары. Наклёўвалася арганізаваньне праваслаўнае парафіі. Каля гэтага ўсяго была вялікая маса працы.

Навіцкі даваў у грамадзкую й выдавецкую працу вялікі ўклад, у кіраўнічых ворганах займаў розныя пазыцыі, а ў "Беларускі Эмігрант" пісаў цікавыя артыкулы, пераважна на тэмы дзейнасьці расейскіх "адзінанедзялімцаў".

У гэным часе, у пачатку пяцідзесятых гадоў, калі ведамы "ускалосаўскі" штурмавік, гадунец камуністычнага інстытуту журналістыкі Сяргей Зіняк-Хмара, як казаў Мікола Панькоў, "распусьціў крылы", пачалося ў Канадзе зацятае змаганьне з хмараўскім гнільлём. Побач зь іншымі, найбольш актыўнымі сябрамі Згуртаваньня Беларусаў Канады й Беларускага Выдавецкага Фонду, браў у тым змаганьні вельмі актыўны ўдзел і В. Навіцкі.

У нашай сьціплай лікам людзей грамадзе, цэнным быў кажны чалавек. Хмара ніколі ня грэбаваў ніякімі сродкамі, а заўсёды дзеяў і цяпер дзее мэтадамі камуністычнага палітрука-агітатара, разьлічанымі на людзкую цямноту й нясьведамасьць.

Пасьля Навіцкі пайшоў вучыцца на ўнівэрсытэт і менш браў удзелу ў працы, а атрымаўшы дыплём і добрую прафэсію, зноў далучыўся да нашае грамады, сваімі прафэсыйнымі ведамі й іншымі ўкладамі зноў памагаючы галоўна ў парафіі Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Тароньце.

За ягоныя шматлікія заслугі для агульнага дабра нашае грамады ў Тароньце й Канадзе Валер'яну Навіцкаму належыцца прызнаньне і ўдзячнасьць.


* * *


Часта чуеш пра так званых незаменных людзей. Магчыма такія ёсьць, калі разважаць павярхоўнымі людзкімі катэгорыямі. Хочацца, каб такі чалавек як найдаўжэй жыў для агульнага дабра. У Бога, відаць, іншая мерка. Прыйшоў час і Бог яму, такому незаменнаму чалавеку, як выражаецца адзін мой вульгарны сябра, лапатай па азадку...

Вось такі, здавалася нам, зусім незаменны на ягонай рэлігійнай і навукова-грамадзкай ніве чалавек, біскуп Часлаў Сіповіч пакінуў нас у самы ўрачысты дзень сьвяткаваньня дзесяцігодзьдзя заснаваньня бібліятэкі й музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане. Ён занямог, ці, дакладней кажучы, меў удар сэрца, выконваючы абавязкі гаспадара сьвята падчас мае прамовы й пару гадзін пасьля сканаў у шпіталі.

Мяне гэна катастрофа надта ўзварушыла і, ня гледзячы на ўсе намаганьні, усё-ж я на наступны дзень зусім раськіс. Айцец Алесь Надсон, каторы, - ведаю гэта, - сам правёў бяссонную ноч, бо на яго як на нікога іншага абрушылася гэна вялікая катастрофа, прыйшоў мяне суцяшаць.

- Калі ты верыш у Бога, дык трэба яму за ўсё-ўсё быць удзячным, за ўсё, што ён дае, ... навет і за такое вось...

Дакладныя словы ня прыгадаю, але айцец Алесь гаварыў нешта ў гэтым сэнсе.

- Усе мы ад Бога, Ён ведае што робіць і мы яго ня маем права квэст'янаваць.

І тады й пасьля шмат я думаў пра айца Алеся Надсана. Чалавек гэта надзвычайна сьціплы, працавіты, глыбока веруючы. У тым музэі й бібліятэцы працы шмат. Як казаў адзін з нашых пісьменьнікаў з Польшчы, - гэта "беларускае вакно ў сьвет". Туды прыяжджаюць і навукоўцы, і звычайныя людзі з цэлага сьвету, у тым ліку з-за ведамае "заслоны", каб вывучаць Беларусь. А тут яшчэ Англа-Беларускае Навуковае Таварыства. А гэтта ў айца Алеся яшчэ інвэнтар дамоў і царквы. Як сьвятар, ён яшчэ абслугоўвае Беларусаў Парыжа дый памагае тым, што ў Рыме.

Галоўна дзякуючы нястомнай працы айца Надсона ды перадусім Міхалюкоў, што жывуць тут-жа збоку, і трымаецца тая "маленькая Фінчлейская Беларусь". І прыходзяць добрыя, ці менш зычлівыя людзі, каб заглянуць у тое "беларускае вакно". І ёсьць ужо ня так сьціплыя плёны. Яны будуць расьці.

У часы фізычнай нямогласьці, ці якой духовай дэпрэсіі прыгадваю сьціплага й надзвычайна ахвярнага й пабожнага айца Алеся. Такога чалавека, відаць, ня вытлумачыш рознымі мудрасьцямі Пола Сартра ці Сьпінозы. Тут нешта большае, якраз тое, ад чаго ўсё да нас ідзе. І лягчэй жывецца й працуецца, калі ведаеш, што ёсьць у нас такія людзі, як айцец Алесь. І жадаеш, каб яму яшчэ больш памагаў у жыцьці і ў плённай працы Бог!


* * *


Малодшы Азарка, што паходзіць з выдатнай сям'і Азаркаў, з Самэрсэту, - старшыня Саюзу Беларуска-Амэрыканскае Моладзі, - паказвае мне рэклямную брашуру Дэпартамэнту Дарогаў штату Ню Джэрзі.

- Зірнеце, спадар Акула. Яны тут пішуць пра нашага Тадэвуша Касьцюшку, ды называюць яго Палякам. Гэта для нас крыўдна. Трэба было-б нешта напісаць і выдаць, каб вытлумачыць Амэрыканцам, што Касьцюшка не Паляк, а Беларус...

Малодшы Азарка - адзін з нашых парасткаў на чужыне. Ён ніколі ня бачыў радзімы бацькоў, але бароніць інтарэсы Беларусі. Хацелася-б, каб такіх парасткаў у нас на чужыне былі сотні тысячаў, мільёны, і каб далёка й шырака, на помач нашаму паняволенаму народу, чуваць быў іх магутны голас.

Але пра нашу моладзь на чужыне трэба пісаць яшчэ шырэй, ды асобна...


* * *


Разьдзел гэты, які можна было-б назваць "Пра нашых выдатных людзей на эміграцыі, ці на выгнаньні", можна было-б прадаўжаць. Хацелася-б назваць яшчэ шматлікіх, каторыыя даюць вялікі ўклад у нашу рэлігійную, культурна-навуковую, грамадзкую ці палітычную працу. Але паўстае небясьпека: а што калі пра каго забудзешся? І з другога боку пытаньне: чаму аўтар гэтых радкоў можа меркаваць, што ён зьяўляецца аўтарытэтам, які асьмельваецца клясыфікаваць людзей, няхай сабе і з найлепшымі намерамі?

Тых колькі асобаў, што згадаліся пры працы ці ў іншай сытуацыі, бязь ніякіх пабочных думак, паказаны ў сваей адданасьці ня толькі для вызваленьня паняволенай бацькаўшчыны, але й нашай эміграцыйнай грамады.

К а б   ж ы л а   Б е л а р у с ь !

Гэта - наш дэвіз, наша сьвятая сьвятых усякіх пачынаньняў на чужыне.

Некалі перачытваючы кадэбэшніцкую агітку "Голас Радзімы", я натрапіў на нейкага партыйнага паўзубна, каторы цешыўся з таго, што... выміраюць на эміграцыі Беларусы; што канкрэтна казытала ягонае партыйнае сэрца гэта тое, што адыходзяць ад нас людзі выдатныя, а бязь іх, вядома, справа дрэнь...

Прагныя канчатковай перамогі зла над дабром, паразіты-дармаеды трывожацца. Варта таго і іншых бальшавіцкіх паўзуноў папярэдзіць, што зьмена прыйдзе. Яна прыйдзе і тут, на эміграцыі, яна прыйдзе й дома. Няхай яны, партыйныя паўзуны, ворагі беларускага паняволенага народу не забываюцца, што народу нашаму ня раз ужо, дый ня меншыя, чымся яны, злыдні паніхіды сьпявалі, а ён выжыў, жыве дый вас, нячыстую бальшавіцкую хэўру, перажыве. І здабудзе запраўдную вольнасьць.

Бо станецца як сказаў паэт:

Я ш ч э   п р ы й д з е   в я с н а,   я ш ч э   п р ы й д з е!

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 19.08.2009