О любоў мая, Беларусь!
Над туманным начным стаўком
Пралятае самотная гусь,
Разразаючы люстра крылом...
Уладзімір Караткевіч
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

ПАЛОМАНЫЯ РЭБРЫ      К. Акула            прагляд

Беларуская група ў Тароньце купіла новы, куды большы, чым ранейшы, дом, такі, зь якім "можна будзе ў людзі паказацца". Плянавалася навасельле, рабіліся дэкарацыі вялікай залі, жанчыны рыхтавалі стравы на кухні, а мяне, - здаецца ці не Алесь Грыцук, - папрасіў пайсьці ў горад і купіць партрэт Альжбеты Другой, каралевы Брытанскага Камэнвэлту, Канады й іншае...

- Яна-ж каралева Канады, ведаеш. Наш Янка ёсьць, слаўны Кастусь таксама, а без каралевы аніяк нельга, бо й госьці высокія будуць, - тлумачыў мне Алесь, хаця й непатрэбна тое было. Я прыехаў у Канаду на два гады раней за яго й ведаў краіну й мову лепш чымся ён.  

У гэты дзень пайшоў я "шукаць каралеву". Пасьля роспытаў у вялікіх і меншых крамах мяне зьдзівіла, што ня мог нідзе знайсьці патрэбнага партрэту ў гэны час маладой і прывабнай жанчыны. Дарэчы, яе бацьку Джорджа ВІ-га і яе давялося мне бачыць у 46-м годзе.

- Ведаеце, нармальна ў нас партрэтаў каралевы няма. Які тут на яе рынак... Калі вось яна прыедзе наведаць Канаду, дык тады спэцыяльныя пртрэты яе прадукуюць такія газэты, "Таронта Стар", ці іншыя, - тлумачыла мне маладая прадаўшчыца ў краме Вулварт.

- Ну а калі я хачу цяпер купіць, дык дзе знайсьці?

- Спрабуйце ў Ітана ці Сімпсана.

Вось так і пасылалі мяне ад Джана да Джова. Людзі тут, як я спасьцярог, жывуць у матар'яльным дастатку й нашы пэўне адсталі ад іх ззаду на паўстагодзьдзе. Праўда, нашых вечна з войнамі, ці бязь іх, вынішчалі дзярлівыя суседзі. І цяпер тут поўны дастатак, а партрэт каралевы цяжка купіць. Там-жа, у маскоўскім ярме ў крамах і наагул нішчымніца й бесканечныя чэргі, але ўсюды і адсюль пазірае на цябе "айцец усіх народаў".

Зьбіваючы падноскі на таронцкіх ходніках у пошуках партрэту каралевы, прыгадаўся мне зімовы дзень...

Першай зімой, як вызваліла нас ад усякага дабра бальшавіцкая бязбожная навала, аўдавелы бацька ледзь даваў сабе раду зь дзецьмі і гаспадаркай. Акупант вычысьціў у сьвіране аруды. Бацька будзіў мяне зімою дзесьці а гадзіне чацьвертай раніцай і пасылаў у хлебную краму ў адлеглае за тры кілямэтры мястэчка. Ад другоее гадзіны па абедзе да восьмае вечарам наведваў я ў тым-жа мястэчку савецкую школу, а раніцай бегаў за хлебам. Малыя, такія як я, прыходзілі ў хлебную чаргу раней, зяблі гадзінамі, каб папярэдзіць "быкоў"... Быкамі мы называлі старэйшых дзяцюкоў, што зьяўляліся перад крамай незадоўга перад яе адкрыцьцём, нас, малых, крыўдзілі, з чаргі выціскалі...

У адзін марозны й ветраны дзень я быў на самым перадзе чаргі. Калі мяне прыперлі да клямкі, нешта кальнула ў грудзі. Вялікая боль. Я самлеў. Калі ачуняў, ня мог адразу сьцяміць дзе знаходжуся. Чаму я ляжаў на сьнягу, чаму так балела ў левай грудзіне? Вецер неміласэрна сьцёбаў дзьве "чырвоныя анучы" - сьцягі над дзьвярмі крамы, а вышэй іх, на вялікім і доўгім чырвоным палатне, белыя літары крычалі:

СПАСІБО ТОВАРІШЧУ СТАЛІНУ ЗА СЧАСТЛІВОЕ ДЕТСТВО!

Я спрабаваў устаць, разглядаўся. Людзі, няйнакш, зьвярмі парабіліся. Пакінулі мяне, скалечанага, самлелага, на сьнягу. Я неяк даклыпаў дамоў ізь слязьмі ўвачох і памятаю, што доўга балела ў грудзёх. Лекара ня было. Прырода ўзяла верх. Гады чатыры пасьля пачуў я ад мэдычнага афіцэра Восьмай арміі ў Італіі: - А дзе й калі ты рэбры паламаў?

Гэта яны зрабілі прасьвятленьне грудзей для праверкі здарўя пры ўступе ў армію.

- Як кажаце? Рэбры паламаў? Ніколі, здаецца...

- Глядзіце сюды, - казаў мне медык, паказваючы клішу маіх грудзей. - Гэта вось вашыя рэбры, тут дзьве зрасьліся. Гэтыя белыя палоскі паказваюць дзе косьці зрасьліся.

Запраўды, уважней прыгледзеўшыся, я пераканаўся, што мэдык гаварыў праўду. Але й дзе й калі паламаў я рэбры? І памяць адшукала той далёкі зімовы дзень, чаргу за хлебам, васпаваты грузінскі твар і "счастлівое детство", калі мне было чатырнаццаць.

Там партрэтаў поўна, а хлеба заўсёды не хапае. Гэтта людзі жывуць у дастатку, хоць шматлікія нялёгка працуюць. А навошта на вуліцах ці на крамах партрэты каралевы ці мясцовага лідара? Калі пашану да каго маеш, то яе ў сэрцы носіш...

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 19.08.2009