У Беларусі – ясныя вочы,
Многа любові ў грудзях:
Звонкае поле, звонкія сосны,
Звонкі і сонечны шлях.
Пятрусь Броўка
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

ПАЎЛІНКА      Я. Купала   1912       
Асобы

АКТ ПЕРШЫ


Абшырная святліца. Направа ад публікі вокны ў сад, бліжэй да аркестра – стол; каля стала – лавы і табурэцікі, над сталом – вісячая недарагая лямпа, на сцяне – абразы. Налева – дзверы ў сенцы, бліжэй да аркестра – куфар. Напроці – сцяна і дзверы ў бакоўку (каморку); справа пры сцяне ад бакоўкі – ложак, засланы коўдрай, у галавах высока накладзена падушак; налева – у кутку – печ; на сцяне стрэльба, тарасвецкі з гірамі гадзіннік І некалькі тандэмных малюнкаў. Час – асенні вечар перад Пакровамі.



З'ЯВА I

Паўлінка адна


Стройная і досыць прыгожая дзяўчынка. Адзеўшыся ў недарагую крамніну, але чысценька; без хусткі — у валасах колькі грабеньчыкаў. Сядзіць на ложку і пільна шые крамны кафтанік. Як падымаецца заслона — Паўлінка пяе.


Ой, пайду я лугам, лугам,

Дзе мой мілы арэ плугам;

Ой, пайду я лугам, лугам!

Ён арэ поле валамі,

А я плачу ўсё слязамі;

Ён арэ поле валамі.

(Перастаўшы пець.)


Э-э, штось не пяецца сягоння. Неяк сэрцайка трасецца, як бы хто яго знячэўку перапужаў. А мо гэта песня вінавата? Даліпантачкі аніяк не магу сама з са-бой да ладу прыйсці. Ану, на шчасце зачну другую. Якую ж бы тут? Ага!.. (Пяе.)


Дый чаго ж ты, дуб зялёны,

Пахінаешся?

Дый чаго ж ты, мой міленькі,

Задумляешся?

(Пеючы падыходзіць да акна і паглядае, пасля ізноў садзіцца.)


А ўсё-такі нешта нецікава на сэрцы. I чаго яму, бедненькаму, не стае? Піць і есці,дзякаваць Богу, хватае, часам татка дае грошы і на сукенкі... Чаго, чаго, здаецца, тут хацець?.. Ох, ох, як жа маркотненька! Прост хоць збірай манаткі ды йдзі ўпрочкі з хаткі. Ужо вечарэе: зараз не будзе як шыць, а трэба сягоння канешне кончыць. Заутра Пакровы... у Міхалішках кір-маш... Эх, эх, каб хаця той прыйшоў, каго так хочацца сягоння пабачыць. (Садзіцца пры акне і пачынае зноў, шыючы, пець.)


Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі,

Селі яны, палі на сівым Дунаі!

Селі яны, палі, ваду замуцілі

Дый нас, маладзенькіх, з сабой разлучылі.

Бадай тыя гусі марне запрапалі,

Як мы любіліся — цяпер перасталі.

(Паглядзеўшы ў акно.)


Ну, ужо зусім няма як без агню шыць! Зараз трэба запаліць лямпу. Цямнее і цямнее, ночка набліжаецца, а яго як няма, так няма! А шчыра абяцаўся, шэльма, напэўна прыйсці. (Шукае запалак і запальвае лямпу.) I што гэты тата да яго мае. 3 таго часу, як даведаўся, што ён на мяне мілым вокам паглядае, усе роўна як чорная кошка між імі перабегла. Ён-то нічога, але тата — дык жыўцом бы яго з'еў. Ну, але тата свае, Якім свае, а я — свае. Паглядзім, чый верх будзе: таткаў, ці мой, ці яго? (Падумаўшы.) Казаў, прыйдзе сягоння, каб там і ліха гарэла. «Трэба, кажа, сякую ці такую зрабіць пастанову. Мы, кажа, не дзеці — маем свой розум і можам сабой пакіравацца. Толькі ты, кажа, Паўлінка, павінна на гэта прыстаць канешне, бо іначай, кажа, згінем, як рудыя мышы...» (Ускочыўшы.) Ай! нехта ідзе. Ён, ён, нгшэуна, ён!

Адзнакi: 10.0 /2 Водгукі(0)
Дадаў Андрэй 12.05.2009