Гудам-звонам срэбна-медным
Звоняць звоны на званіцы.
Звоняць звоны ў час дзяньніцы,
Надвячэр’ем ясна-бледным...
Якуб Колас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

АДВЯЧОРКАМ      Ц. Гартны   1910         прагляд

Стаяла летняя цёплая пара. Дзень выпаў вельмі харошы і пагодлівы. Неба ад самай раніцы да змяркання было чыстае, яснае.

Пасля цэлага дня цяжкай працы ў цеснай, душнай майстэрні надумаў я адвячоркам выйсці ў поле – на волю, туды – к невялікаму хваёваму хмызнячку, што раскідаўся недалёка мястэчка, на невысокай, заросшай дзірваном горцы.

Я часта любіў хадзіць у гэты ціхі і мілы вугалок, садзіцца на пакрытым мохам каменьчыку ці на гнілым пянёчку і думаць. Найбольш я любіў думаць аб жыцці і аб долі-нядолі працавітага беднага люду, бо я сам працаўнік, сам бяздольны...

І вось на гэты раз, калі я прыйшоў к хмызнячку і прысеў там на вузенькай сцяжынцы, мяне зразу ахапілі неадчэпныя думкі-гадкі. І я ім паддаўся. У маёй змучанай галаве пачалі рысавацца такія вобразы: я чалавек такі, як і ўсе другія людзі. Я працаўнік шчыры і верны, зжыўся са сваёй майстэрняй, – дык чаму ж мне так міл гэты зялёны лясок, гэтае шырокае, нязмернае вокам поле, гэтыя вясёлыя пташкі? Чаму я так ірвуся сюды – да гэтай прыроды? Я рвуся, а мяне стрымліваюць, не пушчаюць. Іншыя здаволены ўсім, ім гэта непатрэбна... Чаму ж мне няхват? Чаму мне мала? Чаму?

А проста затым, што я бязвольны, слабы раб; затым, што я скаваны па руках і нагах кайданамі нядолі; затым, што я прымушаны цяжкім лёсам сваім, як пташка ў клетцы, сядзець дзень і ноч у цесных, халодных сценах апрацівеўшай майстэрні, у задусе, у дыму. Затым, што я, як адрэзаны ад свету, волі, сонца і людзей, вельмі рвуся на прастор, на волю, да прыроды... А там, у балючых грудзях, б'ецца маладое, гарачае сэрца, ірвецца да свабоды... А дарога загароджана, завалена... І за што? Чаму? Ці затым, што я чалавек працоўны, што я працую для другіх, што свет жыве з гэтай маёй працы... Зачым? Недзе адазваўся звон, і думкі абарваліся. Быццам са сну схапіўся я, аглянуўся ўкруг – ці не відаць дзе жывой душы, каб падзяліць з ёю мае цяжкія, дакучлівыя думкі і гадкі жыцця... Нікога нідзе. На дварэ змяркалася. Сярод цішы гулка несліся з мястэчка зыкі звону, раўняліся са мной, міналі мяне і прападалі недзе далёка, далёка... Услед за імі ляцелі і мае думкі...

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 03.02.2012