Прыгажосьць існуе па-за межамі зроку,
Прыгажосьць існуе па-за межамі часу...
Скараціўшы адлегласьць у некалькі крокаў -
Нашы вочы і рукі застаюцца сам-насам.
Віка Трэнас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

ДОСВІТКІ      М. Гарэцкі   1926 г.         прагляд

Доўга цягнуцца зімовыя досвіткі. За вокнамі цёмна і лютая сцюжа, а ў сцюдзёнай хаце невясёла гарыць цямнявая лучына, нудна трынкаюць марудныя верацёны. Да свету яшчэ далёка-далёка!  

Не пяюць удосвецця песень, і маўклівыя праллі толькі ціха думаюць свае ціхія досвітныя думы.  

Але бяссонны дзядуля, размачыўшы лыкі і сеўшы ў кажусе на калодачку пасярод хаты, любіць гэтым часам развеяць сонны сум у маладых сваімі пераказамі аб розных прыгодах з даўняе мінуўшчыны.  

Пляце дзядуля старадаўнія плятні і любіць іх, як свае лапці, а ўжо яго старэйшы ўнук, яшчэ і не дзяцюк, а толькі ладны хлопчык, што ні ў вошта, аднак, ставіць лапці перад ботамі, ужо ён не можа ўцерпець - і перабівае ціхую стройную плынь казання і слухання. Бунтуецца яго маладое сэрца супроць незразумелай для яго пакоры панскіх падданых.  

- А каб на мяне, - кажа ён дзеду, - то ўзяў бы я добры кол, прыпільнаваў бы пана дзе-небудзь у зручным куточку ды так бы свіснуў яго па ўху, што ён бы і сваіх не пазнаў! Не стаў бы другі раз сячы людзей.  

- Эх, братка ты мой, братка! - усміхаецца на ўнука дзед. - Няўжо ж ты гэтак любіш біцца? Ці табе, такому маладому, так казаць! Брыдка гэта - біцца... Але быў у нас адзін: бывала, як яго сячы, возьме кол, стане ў кут і не даецца. «Палезьце толькі! Першаму, кажа, растаўку мазгаўню». А потым уцячэ ў лес і бадзяецца дзён дзесяць. Але што ж? Недзе ж яму дзецца - вернецца сам або яго зловяць. Схопяць знянацку, звяжуць, пакладуць на ўслоне, пара людзей сядуць на ногі, пара на галаву, а трэцяя пара з двух бакоў так адлупцуюць беднага, што пасля яшчэ дзён колькі ляжыць ды стогне...  

- Каб усе не даваліся, як ён, то не абсеклі б!  

Дзед толькі засмяецца і кажа далей перарваную гісторыю.  

- А каб на мяне, - зноў замінае дзеду ўнук, - узяў бы я карабочак сернікаў і добры пук саломы, выбраў бы я цёмную восенную ночку і так бы засвяціў у панскім двары, што пан той і сваіх бы не пазнаў.  

- Эх, братка ты мой, братка! - усміхаецца дзядуля. - Лацвей табе цяпер казаць, - не тое было ў даўні час. Быў у нас гэткі адзін. Бывала, як толькі восень - гарыць гумно ў нашага пана. Згарэла раз, паставіў цераз год другое. Згарэла і тое, паставіў трэцяе. А пасля прыехалі к пану казакі, сагналі ўсіх людзей у двор, выбралі ад кожных дзесяці сем'яў па чалавеку, разлажылі іх голых на таку ў гумне. Прыйшоў пан, запаліў свечку ўвелькі з добрую качалку і ну па радоўцы падсмальваць задраныя бароды, дый пытаецца: «Не ведаеш, цераз чый грэх спалілася гуменца ў твайго пана?» - «Ой паночку, змілуйцеся, не ведаю». Абышоў усіх, а ляжалі ў два рады, як снапы, - і ніхто не ведае... «Ну, то, кажа, як вы такія святыя, што ніхто з вас не мае грэху, - царства вам нябеснае!» Выйшаў з казакамі за вароты, сказаў заперці там нягрэшных і запаліць, і гэтае гумно... Божухна-бацюхна! Пан багаты, што яму значыць спаліць гумно (пустое, без хлеба) і страціць сотні дзве падданых, калі ў яго лесу таго за колькі дзён вокам не скінуць, а падданых не адна тысяча. Завылі ўсе людцы, што стаялі ў вокнах, кінуліся да пана, але не з коллем, а з гаручымі слязьмі, каб не губіў невінаватых. Плачуць, галосяць, поўзаюць наўкол пана па зямлі, як ракі або чэрві. «Запальвайце! - крычыць пан. - Мае людзі, мой адказ!» Хацелі ўжо казакі паліць, аж крычыць з гумна адзін: «Мой грэх!» Выпусцілі ўсіх, а яго звязалі, павезлі некуды скрозь ноч. Дзейкалі ў нас людзі, што спаліў яго пан у лесе. Можа - праўда, можа - не, толькі ўжо ён прапаў недзе навекі, ніколі не вярнуўся. А начальству пан сыпнуў грошы, каб не слухала людскіх дзейканняў і не шукала чалавека. Сам жа пан быў і начальнік...  

- Каб усім кагалам кінуліся на пана, то не прапаў бы чалавек, - спіраецца задуманы хлапец.  

- Эх, братка ты мой, братка! - ківае галавою дзед. - Паглядзім што-то ўжо будзе з вас, маладых ды бойкіх.  

Маўчыць тады, бывала, малады ўнук.  

І так цягнуцца доўгія-доўгія зімовыя досвіткі... Да свету яшчэ далёка, і кажа дзед, як загінуў малады Васіль, што кахаў харошую дзяўчынку-немку і любіў яе маляваць, і як звялася па смерці дзедавага дзеда багатая пчэльня, і як трасла дзедавага дзядзьку трасца, здаўшыся яму начою ў лесе нямою бабаю...  

- Не ймецца веры, дзедку, у тое, што ты кажаш, - усміхаецца нарэшце такі і ўнук. - Трасца не можа здацца бабаю, бо гэта ёсць толькі хвароба.  

- Можа і так, - пакорна згаджаецца дзядуля, - а людзі кажуць, і я кажу... Мне самому нічога ніколі не здавалася. Вам жа, маладым, лепей тое ведаць, што вам у школе кажуць, а нам, цёмным, што... Што мы ведаем?  

- Як чалавек хворы, дык яму тады здаецца ў хворых мазгах... - спяшаецца ласкавей сказаць унук, бо цяпер жаль ён чуе да свайго цёмнага, пакорнага дзядулі...

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 12.05.2009