Даволі зьдзекаў і прымусаў!
Даволі глуму і пакут!
Хачу быць вольным Беларусам‚
Аслабаніць свой родны кут!
Алесь Змагар
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

ГАРАВАТКА      К. Акула   Таронта, 1963-1980.       

АД АЎТАРА


Сёлета мінае трыццаць гадоў ад часу масавага нішчэньня беларускіх кніжкаў у БССР. Зьнішчана каля 2000 назоваў накладам звыш за 10 мільёнаў. Сказаў-бы хто, што чужак-калянізатар, высяляючы беларускі творчы й кіруючы элемэнт у Сібір, разбураючы культурныя асновы паняволенага народу, пераняў прыклад ад свайго блізьняка-пачвары 20-га стагодзьдзя - гітлераўскае Нямеччыны. Гэта не зусім так. Беларускі навуковец С.Брага ў сваёй працы «Доктар Скарына ў Маскве» грунтоўна даводзіць, што Маскалі спалілі Скарынавы кнігі ў Маскве, калі слаўны сын зямлі беларускае, выдатны навуковец і першадрукар завёз іх туды для пашырэньня.  

Улада маскоўскіх цароў, баяраў і царкоўнікаў абапіралася тады на гвалце й народнай цемнаце. Яны пільна сьцераглі, каб ніякі сьветач звонку не разагнаў цемры - асновы іхнага панаваньня. Усё, што бязь іхнага дабраславенства пранікала ў Маскоўшчыну, падганялі пад агульны назоўнік «хулы» і «ерасі». Баяліся, каб сьвятло навукі й праўды не дайшло да простых людзей. А Скарына-ж якраз і перакладаў на беларускую мову й друкаваў кнігі Сьвятога Пісаньня «для пажытку й дабра люду паспалітага».  

Ёсьць выразная паралель між лёсам Скарынавых кнігаў у Маскве й тых, што амаль чатыры стагодзьдзі пазьней маскоўскія калянізатары спалілі ў Менску. Тут і там Маскалі нішчылі беларускія навуковыя й культурныя каштоўнасьці, бо баяліся, каб народ не пазнаў праўды й ня стаўся вольным.  

Што-ж супольнага маюць гэтта прыгаданыя барбарскія ўчынкі Маскалёў із творам «Гараватка»?  

Канкрэтную творчую працу над «Гараваткай» папярэдзілі доўгія роздумы. Творчая йдэя мусіла дасьпець, трэба было яе вынасіць у сэрцы. Падчас гэтага выношваньня ці раз даводзілася шкадаваць, што няма пад рукою сырца - значыцца, розных гістарычных і мэмуарных матар'ялаў, што памаглі-б зазірнуць у народную мінуўшчыну. Чужакі-акупанты стагодзьдзямі забаранялі народу тварыць свае культурна-навуковыя скарбы, нішчылі ў цяжкіх умовах створанае, заціралі-замяталі сьляды нашых продкаў, каб нашчадкі былі сьляпыя.  

І на зьмену прыходзілі іншыя думкі. Як-жа гэта сталася, што народ нашы, доўга прыгнятаны-ганьбаваны, пазбаўлены сваёй царквы, навуковых і культурных інстытуцыяў, арганізацыяў, даведзены да жахлівае рабскае галіты, зусім бязпраўны, так заняволены, што ўжо пазьней, каб выплысьці з гэтага жахлівага бяздоньня, мусіў насамперш дамагацца «людзьмі звацца»; як-жа народ гэты ня толькі ператрываў, але й захаваў сваю чыстую, багатую самабытнай культурай, народную душу? Дзе й у чым сакрэт народнае ўстойлівасьці?  

Адказу давялося шукаць між жывых, намі знаных людзей. Гэтыя людзі жылі з намі й побач нас. Трэба было адно ўмець іх бачыць, да іх прыслухоўвацца. У безпрасьветнай цемры яны выглядалі простымі, звычайнымі. Адылі яны розьніліся ад іншых тым, што тварылі, вялі як умелі, ды безаглядна змагаліся з чужнікамі за свой быт і правы. Прыгадайце непісьменных, можна сказаць, вусных паэтаў і казачнікаў, вясковых мудрацоў, таленавітых мастакоў-самародкаў, сьпевакоў, якім чужнікамі былі пазачыняныя ўсе дарогі ў людзі. Народны фальклёр гэта-ж ня што іншае, як вялікі багаж народнага мастацтва й мудрасьці, якраз во створаны гэтымі людзьмі. У вольнай сваёй дзяржаве, здабыўшы навуку, гэтыя людзі вялі-б за сабой народ, былі-б ягонай славай. Колькі-ж нашых талентаў змарнела, або, выхапленых з народнае гушчы чужнікамі-калянізатарамі, пасьля сталася красой і славай чужых дзяжаваў і культураў!  

Гэтыя народныя мудрацы й самабытныя творцы якраз і былі тымі жыцьцядайнымі клеткамі, празь якія ў чужой няволі пульсавала беларуская нацыянальная кроў. Гэта ў найбольшай меры былі тыя ўстойлівыя карані, якіх ня мог падсячы чужы барбар-прыблуда. Падчас народных паўстаньняў яны выходзілі на перадавыя пазыцыі, вялі за сабою народныя масы.  

Народныя асілкі-волаты, трывалкія й устойлівыя ў штодзённай злыбядзе, сьціплыя й гэройскія ў змаганьні, мудрыя й непрыміральныя да народных ворагаў, ёсьць славай і натхненьнем наступных пакаленьняў. Ці-ж ня варты яны таго, каб знайсьці ў нашай літаратуры другое нараджэньне?  

Працэс падсяканьня чужнікамі нашых народных карэньняў, устойлівасьць і рост гэтых карэньняў, цяжкое змаганьне з чужой навалой - тэма вялікая, удзячная й цікавая. Яна даўно кліча да працоўнага варштату тварцоў беларускае культуры.  

«Гараватка» - гэта сьціплая спроба адлюстраваньня кароткага, але як-жа бурліва-жахлівага адрэзку нашае гісторыі. Твор разплянаваны на тры кнігі. У «Дзярлівай птушцы» мо дарма нехта спадзяваўся-б знайсьці поўнае мастацкае й жыцьцёвае завяршэньне асобаў і дзеяў.  

Дарэчы, колькі словаў аб адмоўных пэрсанажах.  

Вырадкі, што ёсьць у кожным грамадзтве й народзе, быццам тая буза на чыстай крынічнай вадзе, засьмечваюць народны арганізм. Калі-ж чужая ўлада намагаецца падпарадкаваць гэты арганізм шляхам разкладаньня, нікчэмнікі гэтыя стаюцца шкоднымі й ненажэрнымі бацыламі - упіваюцца ў жывы мякіш народнага цела, ідуць на здраду сваім і на службу ворагам. Калі прыгадаеш, што за панаваньне над нашым народам вось ужо даўно змагаліся дзьве ці тры варожыя сілы, усьведаміш латва, чаму гэтыя вырадкі-нікчэмнікі былі ў вялікім попыце.  

У «Дзярлівай птушцы» яны адно пачынаюць расьці. Выплывуць яны наверх і ўзбуйнеюць ці, як кажа народ - вырастуць ім рогі - калі працавітыя й богалюбівыя нашыя людзі апынуцца пад «роднапартыйнай» уладай ці пазьней яшчэ пад ботам «гэрэнфольку».  

Наапошку, ад імя выдавецкае супалкі «Пагоня» я многа забавязаны тым нашым суродзічам на выгнаньні, каторыя фінанасава памаглі выдаць гэтую кнігу. Усіх гэтта не магу прыгадаць, дый некаторыя з розных меркаваньняў не жадаюць публічнае падзякі.  

У першую чаргу выданьне кнігі грашова падтрымалі наступныя асобы, каторым належыцца вялікая ўдзячнасьць: А.Протас, інж. В.Станкевіч, С.Карніловіч, К.Каранеўскі, ген. Ф.Кушал:, д-р Б.Рагуля, А.Субота, Б.Даніловіч, В.Стома, Н.Сільвановіч, д-р Я.Сажыч, інж. Ч.Ханяўка, мгр. П.Манькоўскі, А.Монід, А.Маркевіч, д-р Л.Трусэвіч, В.Касьцюкевіч, М.Нікан, д-р В.Васілеўскі, д-р Ул.Бакуновіч, Ч.Будзька, мгр. В.Навіцкі, С.Гутырчык, Л.Стагановіч, П.Кажура і Ўл.Курыла. Вельмі дзякую Брату ў Хрысьце а.Яну Пятроўскаму, каторы сходнай цаной за друк, зычлівымі парадамі дый борздым і добрым выкананьнем друкарскае працы ці не найбольш спрычыніўся да хуткага выхаду першае кнігі «Гараваткі» ў сьвет.  


К.Акула





Сьвятой памяці бацькоў


О, БЕЛАРУСЬ!


Тваё мінулае ў мармурах не застыла  

І медзьдзю-бронзай не зьвініць.  

Яно ня знае готыкі, антычных стыляў,  

Ня знае колераў сузорчатых зарніц.  


Яно пахавана ў глыбокія курганы, -  

Крывёй-бальзамам гоіць сны.  

Твой гэній, у мінулым паруганы,  

Да славы ўзьнімуць вольныя сыны.  


Ты сілы траціла свае дазваньня;  

Цябе абплакаў на кургане клён.  

Штогод тваё спраўлялі ўкрыжаваньне,  

Штогод гісторыі праклён.  


Таму й мінулае ў мармурах не застыла  

І медзьдзю-бронзай не зьвініць.  

Яно ня знае готыкі, антычных стыляў,  

Ня знае колераў сузорчатых зарніц.  


Язэп Пушча

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 19.08.2009