Прыгажосьць існуе па-за межамі зроку,
Прыгажосьць існуе па-за межамі часу...
Скараціўшы адлегласьць у некалькі крокаў -
Нашы вочы і рукі застаюцца сам-насам.
Віка Трэнас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

У ПАНСКІМ ЛЕСЕ      М. Гарэцкі   1913         прагляд

– Ах ты, рагатун пракляты! Адлезь, табе кажу, а то, брат, поўху зловіш, ці ведаеш!  

– А стой, не спужаліся. Дый не карожся дарма, пакуль з табой як з добраю. Не хочаш з ласкі, будзе без ласкі!  

– Уцякай, падла стары. Мяшок бяры, хустку бяры, абдзірай, сабака панскі, а гэткія жарты пакінь, поскудзь ты!  

– А мы во як...  

– Ы-ы, не чапай... Хрась! Хрась!  

Забаўтаўся стары ляснік, пахіліўся, раскірэчыў ногі і саўсім непрыгожа асеў к зямлі.  

Дрыгнуў шабадранымі ботамі, пацягнуўся.  

Чорная, гідкая, страшная кроў паплыла ў яго з галавы, пэцкала новы жупан, стрэльбу.  

Маладуха астаўпянела, з жахам вытрашчыла вочы, тупы шчапель, што карэнне капала, шмякнуў з рук на зямлю.  

Ой! Тошна, дрэнна... Няма як аджывіць. Тое ўжо навекі.  

Бежч... бежч... О-ё-ё-ёй... Што гэта?  

Дрэвы нядобра заківалі макаўкамі, прытулілася трава, ледзьве трэснуў сучок, лёгкая болачка ўцякла з аднаго боку неба на другі.  

Бегла, як шалёная, маладуха.  

Ляжаў, як калода, стары ляснік.

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 12.05.2009