Каб не мова, даўно б мы растаялі,
Расплыліся б імглой між чужых,
Зьбеглі ў вырай гусінаю стаяю...
Але з мовай – і мы будзем жыць!..
Натальля Арсеньнева
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

ЗНАКІ      Ю. Голуб   1987         прагляд

                  Мы


У сьвятле Белавежы,

На раскопе баёў

Мы –

стаім неабвержна,

Як над сьмерцю быльнёг.


Мы –

крутога замесу:

З гліны,

веры,

крыві.

Нам ня зрушыцца зь мейсца,

Дзе ў жытах краявід.


Мы –

ствалы радаводу,

Што стагнаў і палаў

Як жыцьцё радавога

На грымотных палях.


Мы –

ня ў здробленым зборы.

На Эўропы грудзе

Расшумеліся борам,

Несьціхана гудзем.


Мы –

Прыгонныя волі:

Знак прымусу ня наш.

Захапленьняў – даволі!

Зараз... крыху... інакш...


Мы –

ня з шайкі ці лейкі.

Адбыліся. Удзень.

Праз грызьню, праз калейкі,

Праз...

Куды мы ідзем?


Мы –

няйначай, манкурты.

Хто ня ведае страт?

Попел сыпле пакутны,

Даўкі дождж з Курапат.


Мы –

калёсікі-сьпіцы?

I з выдатнай радні

Выграбаліся шпіцьлі

У чужыя рады.


Мы –

хапугі і хціўцы?

Пад сьляпучую медзь

Здольны цененька ціўкаць

Там, дзе трэба грымець.


Мы –

забытыя песьні?

Не сьпявае нямы.

Да бліскучак і пэнсій

Прадзіраемся мы.


Мы –

скрываўлены гонар

Да пяты ад вяршка.

Як сябе нам агораць –

Нам самім вырашаць.


Мы –

на заўтра надзелы.

Заўтра – зь сёньняшніх дзей.

Маем цень ад надзеі

Ці надзею, як цень?


Мы –

ня друз Задыяка.

Продкі зналі, аднак:

Справы вечнае знакі

Носяць годнасьці знак.



                    Напачатку


Распрасьцёрся, як сьцяг, касьцёр

I прысудам карае цемру.

Ён чакае братоў, сясьцёр

I нязваных гасьцей ня церпіць.



                    Прывід Яцьвяга


Нада мною вякам рыпець

У імхах гаркоты і ганьбы.

Я барвовы нясу рубец

З Чорнай Ганчы.


Чорнай Русі тыбульскі знак

За маімі плячмі зарастае.

Як яго разьвітальна ўзьняць –

Белавежа маўчыць расстайна.


Мне апальваюць сьлёзы рот.

I мярцьвее каменьне ў доле.

Патаемны яцьвяжскі род

Заслугоўвае іншай долі.


Дзе маланка,

трава,

вада,

Лёс прысудна зьнявагу роніць:

Навучыліся нападаць,

Развучыліся абароне.


З-за бажніцаў,

грудоў,

зь віроў

Паўстаю я з ахвярным тварам.

Бы разьятранае звяр’ё,

Вузкавока глядзяць татары.


Ёдка цягнуцца да сьпіны

Ашалелыя дзіды готаў.

Каб адбіцца,

суняць,

спыніць,

Трэба племя ракой разгортваць.


З-пад мядзьведжых дрымучых

                                                   скур

Наша сэрца ня грукне дробна.

Помсты ноччу затрубіць тур,

Страху выпусьціўшы вантробы.


Смуглатвары і дужы князь,

Бы падрэзаны, падаў ніцма...

Нам загойвае раны гразь,

Памагаючы бараніцца.


Ды навала усё ж не міне,

Падпяразаная цесакамі.

Гэта доля мая мяне

Дубам зваленым прыціскае.


На зьвярыных крутых рагах,

У нагах у Крыве-Крывейты

Мы сабе здабывалі шлях,

А шляхі разьдзімала ветрам.


Роды зьнішчаны, як лаўжы.

Таямніцы.

Вуглі.

Замовы.

Вокал багнаю час ляжыць,

Засмактаўшы, як торбу, мову.


Горай сьмерці нямы палон.

I зь нябыту пячорных лёхаў

Я да вашых іду палёў,

Каб ад вас атрымаць палёгку.


Я гукаю таемны знак.

У Мадэйках,

Ядэшках,

Берштах,

Быццам хочуць наноў пазнаць,

Мне сабакі спагадна брэшуць.


Мой у вашай крыві працяг.

Я яго праз стагодзьдзі няньчыў...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Так апошні рыдаў яцьвяг

З Чорнай Ганчы.



                    Маналёг настаўніка


Не брысьці па трысьці заган,

Не ступіць на агніска босым,

Не зваліцца у здрады твань –

Стаў патрэбным народу посах.


У зьняверы, як рызманах,

Люд пакратаць сьвятло ахвочы.

Я на промні сябе разьмяняў –

Хай бы ён раскрышталіў вочы.


Адбалелых з народам год

Зрубцаванаму сэрцу ня шкода.

Калі думаеш пра народ,

Неабходны тады народу.


А карэньне яму

                           лычы

Распаролі ў шматкі заганна,

Дый цяперака лаўкачы

Не супроць памясіць нагамі.


Бач,

каб зьнішчыць ушчэнт народ,

Для пачатку яго пасвараць:

Бацьку сын заціскае рот,

Бацька плюне –

гары сын гарам.


I са сваркі,

бяды,

шумы

Выцягаюць халіфы рыбку...

(Сьвежы прыклад: «метал»-шумы

Затаўклі бессаромна скрыпку.)


...Задрыжала раптам рука,

Ды, каб ваш кругагляд пашырыць,

Запытайцеся ў Васілька,

Запытайце ў Рыгора Шырмы.


За ідэю сябе расьпяць –

Абяцанка-цацанка многіх.

Штосьці іх хрыбты не рыпяць,

У цяпле не зьмярцьвелі ногі.


Гадаваць жывата гарбуз

Ледзь ня стала зямляцкай рысай.

Бескарысная праўда – друз,

Нам бы ўдосталь маны карыснай.


Я ня зьведаў калымскіх мук

З абцугамі,

даносам,

крэчам.

Толькі посах з уласных рук

Перад мукамі тымі кленчыць.


I, дарэчы, пра посах зноў:

Ён да веры наш шлях засьведчыць.

Забаронных прагнула зон

I ня толькі сярэднявечча.


Нам зь нявер’я паўстаць у рост,

З душаў злосна адзьдзёршы ветах,

Каб на полі айчынным рос

Колас праўды, як промень веку.



                    Успамін пра паэтку


Фота

Скорана скронь

Непакорнаю пасмай...

Эўрапейскі раскрой.

Капялюшык. Сучасна.


Не адбітак красы,

Без намёкаў на годнасьць –

Ад нязломных крушын

Воблік той, верагодна.


Бач, за тою душой

Скарчанелыя зімы.

Зь іх хто выйшаў-дайшоў -

Справіў зноўку радзіны.


Дахадзягі дайшлі

Крамяністага складу.

Мерзьне ў мужнай душы

Тундры жорсткае ляда.


«Суку ўздымем на крук!

Абязьвечым ці нават...» –

Як нахабны парсюк,

Пырскаў сьлінай Цанава.


Ноч, як год, паўстае.

дрот.

Аўчаркі.

Баракі.

Пісталет на стале...

Стынь па жылах. Набракла.


. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .


...Сярод поўных півонь

Пад ліпнёвай завесай

Нас на ганак павёў

Час ня вельмі злавесны.


Мы ступаем на жар?

Не, ступаем на ходнік.

Ручнікі.

Каляндар

Беларускі, заходні.


Мовіць таю алавік,

Любіць слоўка: шляхотна.

Ад шляхоў палявых...

Ад калючых шляхоў тых...


У жанчыны далонь

Не працягнута шаўкам.

Перад ёю далоў...

Позна сьцягнута шапка.



                    Аўтарскае


У дугу сябе не сагну

На шляху з варагаў у грэкі.

Мала-веле каля агню,

Беспрытульны, хачу пагрэцца.


Пазычаю цяпло. Аддам

Далягляду

траве,

начлегу.

Мусіць, зараз зь Евай Адам,

Бесклапотныя, спаць палеглі.


Як парэпаны ледавік,

Нахіляецца цень кургана.

I бур’яну нягучны смык

Долю выпетраную ня ганіць.


I над старыцай песьні

                                      мне,

Пэўна, шчасьця не забракуе.

Угары пры чаканьні зьмен

Зоркі дробныя маракуюць.


Ну, а дзесьці...

А дзесьці злосьць

Хіжа вузіць прыцэлаў зрэнкі...

Разьвінае дуброву лось...

Шыю лебедзь нясе ў Лазенках...


Ды пры чым тут лебедзь ці лось?

Грымне «чорны цюльпан»

                                             Саланга –

Юны хлопец аброніць лёс,

У крыві і сьлязе саляны.


На прыступках халодных хмар

Абзавецца гранітна рэха...

Арыштант мацюкнецца з нар...

Здрыганецца гудок на рэйках...

Хусткі бабчынай зьвяў ражок.


Помню –

быў ён ня раз вільготным...

А ці б сам палез на ражон?

Не пусьціла б, пэўна, выгода?



                    * * *


...Падкідаю гальлё ў касьцёр,

I агонь, галодны, глыдае.

Памяць нашу ці хто расьцёр?

Заплыла, як лоем, гадамі?



                    * * *


Археолагі ўсіх часоў

У Гародні,

Міры

і Крэве,

Ля якіх, адкажыце, частот

Адкапаеце мову крэўных?


Дзе згубілася – наўскасы –

Каляды і любові завея?

Мо дарадчыкаў галасы

Нам часова яе заменяць?


На манкурцтва ня здольны люд.

Здольны –

гады або паяцы.

Дзе паяцы – там блуд і хлуд,

А праз хлуд нам няёмка пяцца.


На трывалы ступіўшы грунт,

Здагадаюцца неяк дзеці,

Што, маўляў, іхні бацька –

                                             шпунт:

Б’юць па макаўцы – дзе

                                         падзецца?


Дзецям швэндацца раіў зьдзек

Па гаях наймілейшай песьні

I ня чуць, як ня чуе зэк,

Што яго аплятае плесьня.


Перакормленыя крумкачы

Сярод ночы ня мне вяшчуюць.

I таму пасярод начы

Я пад сэрцам сваім начую.



                    * * *


Напяваючы пра васілёк,

Адмыкаючы зь цемры дзьверы,

У валошкавым строі здалёк

Да кастра набліжаецца Вера.


Побач вербы ідуць наўзгад,

Зьверху ветру гудзе прапелер.

Будзіць сьцежку яе пагляд,

Цешыць зоры яе прыпеўка.


«Я на рэчцы хусьце мыла,

На бярозу вешала.

А я хлопцаў не любіла,

Разгаворам цешыла».



                    Вера


Тут калісьці блукаў яцьвяг,

Потым легла – ня зьлічыш –

                                               войска.

Я –

сялянскіх бацькоў дзіця

I унучка спаленай вёскі.


Наша спадчына –

промні жаць

I любіць васількі вучыцца

На палетку, дзе болей жах

Не наводзіць вайны ваўчыца.


Наша спадчына – пакахаць

Безаглядна,

адчайна,

ясна.

На расстаньне хусткай махаць,

Пры сустрэчы абняцца шчасна.


Наша хата –

з зоркай вайны.

Колер зоркі крывёю повен.

Плача камень, бы ад віны,

Як былога пажар успомніць.


Наша хата –

са смольных плах

I з абрусам зямной гасьціны –

Там, дзе вішні бялюткі ўзмах

Запрашальна ляціць гасьцінцам.


Наша будучыня – лісты,

Што зязюля гадоў стварае,

Хоць мы родам паходзім з тых,

Хто яе не жадзён дарамі.


Наша будучыня як знак

Баразны,

а ў ёй зярняткі,

I над ёю, каб пеў і зваў,

Голас жаўранка і дзіцяткі.



                    Замест эпілёга


Дзе бясконца залёг прасьцяг

Стужка сьцелецца залатая.

Цемра хоча полымя сьцяць -

Зоры грэць яно адлятае...

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 17.08.2010