Першае, што зрабілі Адам і Ева, выгнаныя з Эдэма, – склалі з камянёў ахвярнік Богу.
Апошняе, што зробіць чалавек у гэтым свеце, – зруйнуе або апаганіць Храм.
Пасля чаго панясуцца па свеце чатыры вершнікі, і вада ператворыцца ў кроў, і сонца пацямнее, як валасяніца, неба звернецца звіткам, і зоркі пападаюць на зямлю, быццам недаспелыя смоквы са смакоўніцы...
Храмасфера – адзін са слаёў сонечнай атмасферы, які можна бачыць у час зацьмення ў выглядзе яркага кольца вакол Сонца.
У Храм чалавек ідзе найчасцей у часы цемры, разгледзеўшы там святло.
У беларускага Храма заўсёды намагаліся забраць імя, гэтак жа, як і ў беларусаў. Будынак традыцыйнага беларускага Храма – «абарончага тыпу». Царква-крэпасць – гэта пра нас.
Храмам ёсць і чалавек, бо ў ім жыве Бог... Але ж у чалавеку жыве і Звер. Храм і звярынец – спалучэнне, якое не абяцае спакойнага жыцця.
Але ў чалавеку закладзеная «прага Бога». Наблізіцца да Яго, зразумець, што Ён ад цябе хоча, і выканаць гэта... Самае пэўнае – збудаваць Храм.
Па дарозе на Івянец мне паказалі драўляную цэркаўку, зробленую адным умельцам-вернікам. Падчас працы ўпаў з рыштаванняў, паламаўся... І ўсё роўна, яшчэ ў гіпсе, працягнуў будоўлю.
А брат Майсея Аарон выплавіў стод з завушніц, ахвяраваных кабетамі, якія знудзіліся па выяве бажаства. Ці не таму слова «кумір» найперш звязанае з вобразам кабеты, загіпнатызаванай экранам тэлевізара, старонкай бульварнага рамана або бляскам чарговага залатога стода?
У царкве на берлінскай Курфюрстэндам ля ўвахода – талерка з вялізнымі чырвонымі яблыкамі. Хто ахвяруе на Храм пару марак, ва ўзнагароду можа ўзяць яблык. І, напэўна, спажываючы яго, адчуць перамогу над тым, грахоўным, плодам і наблізіцца да страчанага Эдэма.
Блажэнны Аўгусцін апісваў Град Божы – адзіны вялізны Храм, які існуе тут і цяпер і вечна, супрацьпастаўлены Граду зямному. Град Божы – праведнікі. Лозунг інквізіцыі «Прымусь іх увайсці» меў на ўвазе грэшнікаў.
Калі французская прынцэса Марыя Генрыета стала іспанскай каралевай, яе чакаў вясельны падарунак – урачыстае аўтадафэ. Каралева не мела права нават страціць прытомнасць ад смуроднага дыму, якім грэшнікі прымусова ўваходзілі ў Град Божы.
Святы Францішак Асізскі маліўся ў вялікім Храме прыроды, пад купалам неба.
Але з неба можа паліцца халодны дождж, і не станеш на брудную траву каленьмі, калі ты ў залочанай рызе...
Аляксандр Мень пісаў, што Храм складаецца са слова, вобраза і таемства.
Калі няма апошняга з пералічаных складнікаў – не можа быць Храма.
Канец васьмідзесятых. Еду па Маскве на тралейбусе. Злева, у нейкай нізіне, – клубы белага дыму, быццам адкрылася пекла.
Месцічы тлумачаць – басейн на месцы Храма Хрыста Выратаваўцы.
Аднакурсніца па Літінстытуце хваліцца, што плавае ў тым басейне штотыдзень і нармальна... Толькі вада гнілая.
Мне шаснаццаць. Спякотны чэрвень. У нас практыка па малюнку. Мы размясціліся на зялёным пагорку ля мінскага кафедральнага сабора, тады яшчэ Марыінскай царквы, і робім акварэльныя накіды. Вада ў слоіках хутка мутнее. Выкладчык раіць нам ісці па ваду... у царкву. Самыя смелыя ідуць і хутка вяртаюцца з поўнымі слоікамі і вясёлым каментарам убачанага. Нарэшце і мы з сяброўкай, узяўшыся за рукі, нясмела заходзім у прахалоду і таямніцу. Набіраем у прытворы вады са звычайнага крана, але сыходзіць не спяшаемся – цікава. Прыхаджан мала – чалавек дзесяць разам са святарамі. Ціснемся да мармуровай калоны са сваімі слоікамі, у дэкальтаваных сарафанах, так што бачна адсутнасць крыжыкаў. Чарнявая цётка, якая басам спявае малітву, зіркае на нас усё пільней і замест малітвы пачынае апантана паўтараць: «Госпадзе, пазбаў ад спакусы!» Цётка пазірае на нас так страшна, яна хістаецца, голас яе грыміць усё гучней, і мы выбягаем з Храма, як мянялы ад Хрыстовага бізуна.
Малюнкі, выкананыя на святой вадзе, асядаюць дзесьці ў лабаранцкай, каб пасля паслужыць палітрамі для наступных навучэнцаў.
Ад таго наведвання Храма ў памяці на ўсё жыццё застаецца пачуты малітваспеў, які дасюль паўтараю ў цяжкія хвілі: «Господи, помилуй, Господи, спаси, Господи, мне больно, крест мой поднеси...»
Храм павінен быць вышэй за іншыя будынкі. Ацалелыя ў савецкім Мінску Храмы ўмуроўвалі ў бетонныя шэрагі квадратных дамоў, ссякалі крыжы і купалы, і абавязкова каб побач было вышэйшае, ідэалагічна праверанае збудаванне.
У Расіі калісьці існаваў закон «празораў» – каля Храма трэба было пакідаць незабудаваныя месцы, каб яго можна было бачыць здалёк і з усіх бакоў.
А першыя хрысціянскія Храмы ладзіліся ў катакомбах, глыбока пад зямлёй, там жа, дзе хавалі памерлых святароў і прыхаджан. Але, можа быць, адтуль, ад цёмных сырых пячораў, было бліжэй да неба, чым ад гіганцкіх раззалочаных купалоў, збудаваных на сродкі высокапастаўленых злодзеяў...
Храм нагадвае пра храмоўніка, «рыцара храма» з рамана Вальтэра Скота. Храмоўнік закахаўся ў прыгажуню габрэйку і памёр ад разрыву сэрца.
Практыка па малюнку ў Вільні. Вечарамі мы блукалі па вузкіх брукаваных вулках, заходзілі ў Храмы... Праваслаўныя цэрквы былі ў бальшыні занядбаныя, з пабітымі вокнамі, размаляваныя здзеклівымі надпісамі. У адным з такіх Храмаў я ўпершыню паставіла свечку. І ўпершыню перахрысцілася, усхвалявана разумеючы, што стала на бок пакрыўджаных і зняважаных.
Да Храма трэба ісці. І нават не заўсёды па зямлі. Храмы Новай Гвінеі – плеценыя з прутоў – будуюцца проста ў моры. Шлях да іх – па вадзе. Зазвычай усе дарогі краіны сыходзіліся да яе галоўнага Храма – і ў Рымскай імперыі, і ў дзяржаве інкаў. Нашы дарогі сыходзяцца да якогась адміністратыўнага будынка. Ён найчасцей квадратны і шэры, як ахвярны камень.
У Сярэднявеччы быў закон, паводле якога Храмы належала ўзводзіць на месцы старых, зруйнаваных.
З вакна тралейбуса добра відаць на беразе Свіслачы, ля таго месца, дзе ў яе ўцякае паланянка Няміга, белы камень на месцы старажытнага Храма. Дарожкі, засыпаныя бітай цэглай, пазначаюць контур сцен. Падмурак – глыбока ў зямлі...
Гэта – наш Храм і сэрца горада, але ніхто не звяртае на яго ўвагі. А ён стаіць, толькі нябачны, – бо Храм зруйнаваць нельга. Можна зруйнаваць яго цела з зямнога праху, а духоўная сутнасць Храма – бессмяротная.
А побач, у падземным пераходзе метро, безліч кветак ахвярам – загінуўшым на Тройцу маладзёнам. Ці зайшлі іх душы ў нябачны нам Храм?