* * *
Сярод поля студня
І адзіная сцежка ў полі
Гэта сцежка да студні
Якая яшчэ стаіць на ўліку
У самога Вадзянога
І калі каля студні
Збіраецца шмат людзей
Яна адчувае сябе
Цэнтрам зямлі
І ад пыхі і ад хвалявання
У ёй прачынаецца рэха
І круціцца і рыпіць калаўрот
І раскручваецца ланцуг з вядром
Як нітка Арыядны
І стукаецца вядро аб зруб
Як язык у звона
І плюхаецца ў ваду
Як шалом воя
І ўздымаецца вядро
Як найкаштоўны скарб
І вада цячэ з вядра
Як з неба зорны дождж
І радуюцца людзі яе прахалодзе
І застаецца студня адна
Сярод поля і свету
І ўглядаецца ў неба
Пакуль у ёй ёсць вада
Пакуль звініць вядро
Пакуль сам Вадзяны
Трымае студню на сваім уліку
1963. У бабулі Ганны на загуменні пасвіў гусянят. І ўваліўся ў закінутую, аброслую быльнягом і крапівой, студню. І каб не ламачча, якое было там, як вароніна гняздо ў коміне хаты, мяне б не было даўно на свеце...
* * *
Дамоў,
дамоў – ляскоча электрычка.
Дамоў,
дамоў – грукоча гулка гром.
І я гляджу: па шыбах кропель знічкі
Малююць сцежкі, што вядуць у дом.
Дамоў,
дамоў – да песні салаўінай.
Дамоў,
дамоў – да песні жаўрукоў,
Пакуль прыходзіць сустракаць сцяжына,
Уплеценая ў хвалі каласоў.
1965. У двары дзядзькі Вані мужчыны капаюць студню. Мяне не падпускаюць блізка, каб раптам не ўваліўся. Але я ўсё роўна лезу дапамагаць ім. І калі мяне зусім праганяюць з двара, я бяру лапату і пачынаю за хатай капаць сваю студню...
* * *
Апусціліся нізка густыя аблокі,
І падзьмулі сцюдзёныя злыя вятры.
Па апалым лісці ў садзе скачуць сарокі,
Я зграбаю лісцё і палю на кастры.
Падбіраю апалыя яблыкі, слівы,
А сарокі нахабна – бліжэй да каша.
І ад блізкасці іхняй я сёння шчаслівы,
І сарокай наіўнаю скача душа.
Гэтак рэдка цяпер птушкі нам давяраюць,
Гэтак часта ў жыцці не хапае іх мне.
Я не бачу, як птушкі ад нас адлятаюць,
Іх не бачу вяртання дамоў па вясне.
Я цяпер гарадскі, я мадняк і чысцюля,
Як суседка ў царкву, у тэатры хаджу.
Хоць змачыць на дажджы не баюся кашулю,
Як заразы – мне страх гарадскога дажджу.
Як на свяце якім, вы скачыце, сарокі,
Толькі дайце мне вас разглядзець, як сяброў,
Каб успомніць пра вас, калі буду далёка,
І завыць ад жадання вярнуцца дамоў.
1973. Распытаўшыся ў дзеда, дзе можна адшукаць зброю, прыйшлі ў Крэчаўцы да закінутай студні. Патаптаўшы крапіву, пачалі вяроўкай з крукам выцягваць са студні ўсялякае ламачча. Нацягалі цэлую гару металалому. А зброі як не было, так і няма. І раптам у вялікім пуку калючага дроту выцягнулі нейкую жалязячыну, убачыўшы якую, я закрычаў: «Міна!»
І мы разбегліся па кустах, як мурашкі ад страху па целе...
* * *
Жыць нялёгка на гэтай зямлі,
Толькі іншай на свеце няма,
Дзе б так ружы антычна цвілі,
Дзе б, як белая ружа, зіма
Асвятляла нябёсную выш,
У якую, як воўк, ты глядзіш
І не бачыш, што ўслед за табой
Анікога даўно ўжо няма.
Зараслі ўсе сцяжыны травой,
Замяла ўсе дарогі зіма.
Але іншай зямлі ў нас няма,
І зямля нас бароніць сама,
І на ёй нас, нібыта траву,
Не скасіць, не спаліць, не стаптаць.
І нам бачыць заўжды сіняву
Над сабой, дзе анёлы ляцяць...
1975. «Студня глыбокая, як неба...» – кажа дзед Юзя і вылівае ваду з вядра ў бітон. А я цярпліва чакаю, пакуль ён напоўніцца вадой, і ўяўляю, што ў студні замест дна хмарнае восеньскае неба...
* * *
Прачнуўся ад дажджу, нібы ад плачу,
Прачнуўся, як у сне сваім памёр.
Гляджу ў вакно і ноч, як попел, бачу
І вуліцу – раскіданы касцёр,
Дзе, як вуголле, ліхтары дымяцца,
Дзе ветру пад кустамі не схавацца,
А мокраму кідацца да вакон,
Аб шкло, нібы аб неба, разбівацца
І падаць на затоплены газон.
Прачнуўся ад дажджу, нібы ад крыку
Аб тым, што мы жывём і будзем жыць
І неба, нібы звон наш без’языкі,
Нікому з нас павек не разлюбіць,
Бо дождж ідзе, нібыта звон звініць...
1975. Ад хутароў у наваколлі нашай вёскі засталіся рэшткі затравелых садоў і глыбокія студні...
* * *
Ляціць апошні белы снег зімы
На дрэвы чорныя і на дамы,
Як самагубца, на зямлю ляціць,
Якога ў гэтым свеце палюбіць
Нікога не знайшлося анідзе.
І самагубцам на зямлю ўпадзе
Апошні белы снег, каб потым мы
Успаміналі адыход зімы
І ўспомніць не маглі, нібы вярнуць
Той снег у неба, што пачаў вясну,
Дзе я, сустрэўшыся на міг з табой,
Нібыта мёртвы снег з жывой вадой,
Ажыў, нібы трава ў вадзе, душой...
2008. У маіх Пугачах яшчэ ёсць глыбокія студні, як вежы вялікага замка, які існуе ў Вялікай Краіне Любові, што схавалася пад зямлёю і травамі...
* * *
Гэты свет як вада, што цячэ
Паміж пальцаў у нашага Бога.
І слязы ў цябе след на шчацэ,
Як твая з адзіноты дарога,
Па якой ты ідзеш да людзей
Праз дажджы, праз снягі, праз спякоту
І губляешся, нібы ў вадзе
Цень ад пылу з-пад стоптаных ботаў,
Тут у свеце, які, як вада,
Што між пальцаў цячэ, не знікае
І знікае, як знікла Арда,
Што была, як вада, залатая...
2008. Кажуць, што калі залезці ў глыбокую студню, то днём з яе можна ўбачыць у небе зоркі. І калі гэта так, то ноч – гэта дно студні, з якой бачна зорнае неба...
* * *
Глыбокае мора высокай травы
Шапоча нябёсам, што ты шчэ жывы.
А ты ў гэтым моры на самым на дне,
Як куля з нагана ў чырвоным віне,
Ляжыш адзінока і ў неба глядзіш,
Ты хочаш памерці – пра гэта маўчыш, –
І хочаш дажджу ты цяпер прычакаць,
Ды ў небе не хмары – вароны ляцяць,
І бачаць яны, што ў высокай траве
Не толькі іх цені, а вецер жыве,
І ты шчэ жывы, як і твой родны кут.
Радзіўся ў пакутах, памрэш ад пакут,
І ў моры глыбокім высокай травы
Твой дух праплыве, нібы пыл палявы
З-пад нейчых калёсаў, што дзесь за гарой
Прапалі ў тумане вячэрняй парой...
З хмурынаў пральецца, як з вёдраў, вада,
І змыецца пыл, застанецца жуда.
2008. Поўня як студня, напоўненая золатам... Студня як поўня, на дне якой засталося некалькі вядзёр срэбра...
* * *
На кухні з крана капае вада,
І больш нічога ў свеце не чуваць.
А за вакном, як бездань, цемната,
З якой анёлы ў вочы мне глядзяць.
І мне здаецца – зусім адзін
Застаўся ў свеце, што да зор ляціць,
Нібыта лісце з восеньскіх асін
Да вогнішча, якое шчэ дыміць.
І я гляджу спакойна ў цемнату,
Бо я адзін, як гэта цемната.
Я з крана п’ю, нібы жыццё, ваду,
І, як жыццё, канчаецца вада.
І больш нічога ў свеце не чуваць.
Перада мной нязведаны прастор.
І страшна не ахвота паміраць
У свеце, што не даляцеў да зор.
2008. Усё часцей чую, як студню называюць калодзежам. У вялікіх гарадах тысячы калодзежаў. Але ўсе гэтыя калодзежы каналізацыйныя...