Дык жа знайце, чаго б я хацеў,
Аб чым думачкі толькі мае:
Каб мой люд маю песьню запеў
I пазнаў, аб чым песьня пяе!
Янка Купала
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

ВЕРАЦЯНО ХАЛОДНАГА ЛЕТА      А. Спрынчан   2008         прагляд

           Паэма зь недасланых вершалістоў


                                       I


Стрымаць сябе, каб нават цень твой не крануць

ні дотыкам, ні словамі прызнаньня,

ні ценямі мінулага майго...

Глядзець на вогнішча,

але не пераскокваць –

бо сёньня ж не Купальле...

І толькі голас чуць, што б’ецца ў камяні...

Гамер мне так чытаў

калісьці «Іліяду».


P.S. Вершалістом

        маё маўчаньне б’ецца...



                                       II


З палыновай халоднай гарбатай

ты кубак падаў мне,

а я апяклася

горкім ценем самоты,

гаркавай магчымасьцю шчасьця,

гаркатою халоднага лета...


P.S. Бліжэй за ўсё

        мне водар палыну...



                                       III


Рысь

на паштоўцы

ловіць твой цень

маімі вачыма, ад жарсьці рыжымі,

і кіпцюрамі выдрапвае

словы прызнаньня на ім,

і ратуе –

пэндзьлікамі вушэй замалёўвае...



                                       IV


Запляці азярод

з маіх валасоў, –

Не зь ляшчыны й сноў

запляці азярод.

Між чужых галасоў

прамаўчу свой зварот:

запляці азярод

з маіх валасоў.


P.S. У азярод заплецена самота

        і ў гэты вершаліст і трыялет...



                                       V


Вусны твае –

палыновыя, як Беларусь...

Голас

гучыць прыгажосьцю Элады...

Ты на руках

узьнімаеш мой цень над зямлёй.

Падае гузік, нібыта жарынка.

Мы разам...

згараем...


P.S. Поўня чытае мой вершаліст,

        неадасланыя радкі

        голасам, поўным сьвятла,

        напаўняе...



                                       VI


У хату лясную, дзе рысь зазірае ў вакно

і бачыць,

як сінімі рунамі неба малюеш,

прыходзіць жанчына, як рысь маладая,

і белыя плямы на сіняй паперы

абрысы яе набываюць –

абрысы лясное тугі.



                                       VII


Выйшла на ганак –

празь цемру пачуліся крокі твае.

Не, ня ты.

Гэта кроплі дажджу з даху...

Ды знаходжу сьляды –

жоўтае лісьце вішняў.

Узгадваю –

ліпень.

У халодным ліпені

нараджаецца

лістапад...


P.S. Вершаліст ападае

         са стала на падлогу,

               падбіраю,

        кладу між старонак кнігі...



                                       VIII


Пакажу табе сузор’е Рысі...

Ты прыгледзься, як яна стаілася

між Мядзьведзіцай Вялікаю і Возьнікам.

Паглядзі,

як сьвеціцца ад жарсьці кожнай зоркаю,

як, здаецца,

нам махае лапаю ў ноч халодную...

Рудае сьвятло яе губляецца

ў нашым вогнішчы...


Сёстры на зямлі яе шкадуюць –

адзінокая...


P.S. У нашым вогнішчы

        губляемся і самі...



                                       IX


Дождж, празрысты як гарэлка,

налівае ў чарку лету,

і яно, халоднае,

п’е пітво сваё

і ня бачыць нас – толькі цені

азяродам паміж і лілеяй,

камянямі паміж і дубамі,

у радках, якіх не запісалі...



                                       X


Я сама згубіла цішыню,

коціцца сьляза па шыі,

рукі, вышытыя крыжыкамі зморшчынак,

цягнуцца да чаркі зь небыцьцём...

А быцьцё заснуць мне не дае

піскам камарыным...

Поўня блізка... –

сьцішуся, каб тайка* не скацілася

на крык...



                                       XI


Мыю твае валасы

пад сонцам вадою празрыстай,

праз гушчыню

прабіраюся да каранёў.

І табе ад мяне не схавацца нікуды...

Сёньня я

дождж начны, што прымроіў,

быццам мыю твае валасы,

бо ты не выходзіў з хаты –

сядзеў і запісваў,

як крапае дождж на ўскраіне,

і ня чуў,

як б’юся ў вакно.


P.S. Баюся сама сябе...



                                       XII


Мой цень згубіўся б у тваім,

калі б ня вецер,

што разьвявае валасы па белым сьвеце...

І зьнебываецца твой цень матляцца ў полымі,

і ты зьнікаеш безь мяне –

стыхіі вогненнай...



                                       XIII


Мне сьнілася, што ты знайшоў крыніцу,

і два вядры вады сьцюдзёнай

несла я

ня ў хату да сябе (яе ў мяне няма)

і не ў тваю (і ты жывеш бяз хаты)...

У белы сьвет...

у хату са сьвятла,

дзе нам даруюць жарсьці і расстаньні,

і супадзеньні з кроплямі дажджу

і з помнікамі людзям і вадзе –

сівымі камянямі...


P.S. І гэты вершаліст

        пакуль ня мае хаты...



                                       XIV


На руках тваіх

зморшчынкі Элады,

драпінкі ад зорнае Рысі,

і апёкі ад вачэй маіх рудых...

Напісала і сама зьдзівілася, –

паэтычныя, нібыта край наш,

твае рукі –

беларуска-працоўна-беларускія.



                                       XV


Цыганскі дождж варожыць мне пра тое,

што час прыйшоў разьвітвацца з табой.

Мне да канца –

бясконцая дарога

і лёс

у кожным камені і дрэве,

дажджы, што знойдзе і тваю крыніцу,

у азяродах, што кахаюць ружы,

і ў зорках, на якія не глядзеў ты, –

шукаць цябе і адшукаць

сябе...


P.S. Цыганскі дождж на ганку выбівае:

               бывае...

        бывае,

               памыляюся...

        бывае...



                                       XVI


У вогнішча кідаеш ты палын,

і ён палае нашай горкай зоркай...

І палыновы водар назаўжды

яднае нас расстаньнем і пяшчотай,

якая ўся –

у голасе тваім,

якая ўся –

ў маёй маўклівай ночы...


P.S. У вогнішча кідаю я палын,

        і валасы ўбіраюць водар жарсьці...

        Пяро жар-птушкі, што на міг убачылі,

        яднае назаўжды сваім сьвятлом...



                                       XVII


Вазьмі мяне ў далоні, быццам сьвечку,

і пранясі над сьветам, дзе вятры

зрываюць лісьце і капелюшы,

хістаюць цені і дажджы...

Ну, а калі згару –

ты не рабі хаўтуры.

Я дажыла

ў тваім жыцьці –

сьвяткуй дажынкі.


P.S. Зрывае вецер

        вершаліст...



                                       XVIII


У леце,

не апошнім і ня першым,

шукаю свой пачатак і канец.

Яно жыве – халоднае, як сьмерць,

пакутнае, як нежаданьне сьмерці.

У ім квітнеюць рудыя лілеі,

і зьнічкі падаюць –

шарсьцінкі зорнай Рысі,

і першы раз сярпом зжынаю жыта,

і ўспамінаю –

я – «Жняя» Купалы.


Цяпер ня страшна мне

зьнікаць у Леце.


P.P.S. На верацяно халоднага лета

           я сваю душу наматала.

           Ды ня выткаць табе кашулю –

           Атрымалася нітка з надрывамі.

           Вельмі рвалася...

           да цябе...


––––––––––––

* Тайка (дыял.) – сардэчная сяброўка.

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 02.06.2010