Хоку-паэма Лысай Гары
1.1
Муха на шыбе
зьвініць восеньскім сумам.
Чуецца хоку.
1.2
Жоўтае лісьце
ў сажалцы замест жабак.
Вецер крумкае.
1.3
Цень ад матылька
на цэлыя тры радкі.
Хоку чытаю.
1.4
Зязюля села
ў рукі старой. Год назад
муж яе памёр...
1.5
Пара ад кавы
падымаецца ў неба;
хмарка цямнее.
2.1
Сноп жыта стаіць
у хаце. Прыгадала
«Жняю» Купалы.
2.2
Гушчу ад кавы
з цукрам вожык спрабуе.
Смачнага лёсу!
2.3
На хрызантэмах
жоўтае лісьце вішні
вось-вось узьляціць.
2.4
Яшчарка ў цэбры
плавае. Прыгледзела-
ся – нежывая.
2.5
Птушка прысела
на дрэва. Апошні ліст
расправіў крылы.
2.6
Працягвае мне
далоні свае восень,
халодны поціск.
2.7
Жоўты ліст кладу
ў пажаўцелую кнігу.
Безназоўнае...
3.1
У ракушцы
попел ад цыгарэтаў;
высахла мора.
3.2
Вясёлка ў небе
па-восеньску прыгожым.
Мёрзлыя астры.
3.3
Жоўтая восень.
Елкі пазелянелі.
З зайздрасьцю вечнай.
3.4
У кастрычніку
дождж цыганскі, як летам;
змывае шэрань.
3.5
Пяць, сем і зноў пяць...
Над Лысай Гарой сьвеціць
сузор’е Хоку.