Беларусь, Беларусь... гэтых слоў
Пойме музыку, хто ўсёй душой
І магутны, тужлівы іх зоў
Зловіць думкай сваёй жывой...
Уладзімер Жылка
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

МУЖЧЫНЫ, ЯКІХ МЫ ВЫБІРАЕМ      М. Мартысевіч   25 сакавіка 2006 г.         прагляд

Я вельмі люблю мужчынаў. Асабліва беларускіх. Прычыну маёй любові да беларускіх мужчынаў патлумачыць проста: мяне ўсё жыцьцё непрагматычна і неадольна цягне да няўдачнікаў™. Ёсьць штосьці неапісальна кранальнае ў тым, як яны хутаюцца ў шалікі, вінавата пасьміхаюцца, какетліва камплексуюць, не адважваюцца зрабіць першы крок, адстаяць сваё меркаваньне і знайсьці сваё месца пад сонцам. Гэта зачароўвае мяне. Гэта прымушае мяне задумацца.

“Бо я мужык, дурны мужык”, – слова “мужык” у гэтым рэфрэне народніцкага вершу я зь дзяцінства ўспрымала не як клясавае азначэньне, а як гендэрнае. Мне чамусьці здаецца, што Янка Купала ў гэтым тэксьце і іншыя клясыкі ў іншых тэкстах, якія мы вучылі на памяць для іспыту па роднай літаратуры і таму сьнім у неспакойных рэтраспэктыўных снах, – мне здаецца, што яны нікога не заклікалі скідаць ярмо прыгнёту: яны канстатавалі сваё сьветаадчуваньне, асэнсоўвалі сваю запраграмаванасьць на творчую і жыцьцёвую паразу.

Апошнія 200 гадоў паказалі: Беларусь – немагчымая місія. І тым больш захапляюць героі, якія, нягледзячы ні на што, вераць і паўстаюць (“А раптам нешта і будзе?”), але, у адрозьненьне ад галівудзкіх, каб прайграць, і паміраюць, прайграўшы. Найлепшыя мужчыны нашай гісторыі – гэта стомленая і перапэцканая каманда рэгбістаў Віленскай беларускай гімназіі, якія, папраўляючы паламаныя пэнснэ, сыходзяць з поля, дзе іх толькі што зьмяла каманда Ітана. Нам на трыбунах застаецца толькі замілаваньне гэтым маркотным сыходам.

У мадэрнай беларускай літаратуры храналягічна першым лузэрам быў, відаць, лірычны герой Паўлюка Багрыма, якога, зрэшты, ніхто і ніколі не аддзяляў ад аўтара – падлетка, які з-за аднаго сшытка вершаў стаў жаўнерам Расійскай арміі, а пасьля – маўклівым кавалём, і самым пасьпяховым праектам у сваім жыцьці меў нейкую там жырандолю. Але эталённага няўдачніка выявіў Францішак Багушэвіч у паэме са знакавай, як на пачатак новай культурнай сытуацыі, назваю “Кепска будзе”. Гаротны Аліндарка, які пачаў з таго, што нарадзіўся ў марцы, і ў гэтым бачыў містычную прычыну сваіх жыцьцёвых няўдачаў. Пахрышчаны жанчынаю ў рэчцы, празь непаразуменьне названы дзівацкім імем, ён нізавошта трапіў у астрог: паэма заканчваецца тым, што яго, “Дзякуй Богу, адпусьцілі / у той дзень, як і хрысьцілі”. Няўдачнік – гэта ўвогуле скразны герой беларускай соцыякультурнай прасторы, пачынаючы з Кастуся Каліноўскага, у якога нічога не атрымалася. Кажуць, што гісторыя пішацца пераможцамі. Гісторыя Беларусі – выключэньне, бо яна пісалася няўдачнікамі™ (“Кароткая…” – дык адным з самых культавых лузэраў Вацлавам Ластоўскім). Нашыя неафіцыйныя клясыкі – таксама спрэс няўдачнікі: гэта і мілыя няздары-сухотнікі Максім Багдановіч і Ігнат Канчэўскі, і знайшоўшыя гвалтоўную сьмерць Тарашкевіч, Гарэцкі, Аляхновіч, і новы Багрым Уладзімер Дубоўка, і Сяргей Грахоўскі, які нарадзіўся ў вёсцы Нобэль, але трапіў у ГУЛАГ і ніколі не бываў у Стакгольме, і беларускі габрэйскі паэт Аркадзь Гейнэ, які загінуў у 1942 годзе ў галякосьце, і безьліч іншых, – няўдачнікаў™ нагэтулькі, што сёньня пра іх ніхто ня ведае: беларуская Вальгала – Курапаты. Аднак сумаю сваіх няўдачаў яны стварылі кантэкст нашага існаваньня, і ў гэтым – іх самая галоўная ўдача.

І вось час, калі жыць нам. На вялікай перамене ў клясе застаюцца толькі дзяўчаты – мы рассоўваем парты і крэслы для кляснай дыскатэкі і ўвогуле мысьлім пазытыўна, а яны, бледнатварыя і чырванашчокія, з вачыма як валошкі і валасамі як лён, з патэнцыйным iq 130, плоскаступнёвасьцю, скаліёзам і іншымі падставамі ня йсьці ў войска, вычытваюць сваю паразу ў школьных хрэстаматыях і прымаюць як дадзенае, гэтаксама, як і вычытаную з падручнікаў біялёгіі адсутнасьць у сабе ёду, яны ўсмоктваюць гэта са сваім першым партвэйнам на задворках школы: беларус – няўдачнік™, і ні ў чым няма ратаваньня. Няўдачнік™ – унівэрсальная карма любога мужчыны, на якім стаіць акцыз Belarus, яна ахоплівае як інтэлектуальную сфэру, так і матэрыяльна-побытавую. І аналізуючы іх вершы, і прыбіраючы з падлогі іх шкарпэткі, і слухаючы іхныя перадвыбарчыя выступы, разумееш: лузэрства той паловы жыхароў Беларусі, якую чамусьці называюць “моцнаю”, – зьява генэтычная. Я ўвогуле ня ведаю ніводнага беларускага мужчыны, за якога Божаньку можна паставіць залік па працоўным навучаньні.

Слова “Свабода” – жаночага роду, а ягоны сынонім “Воля” дык увогуле супадае з папулярным жаночым імем. Калі 20 сакавіка на Плошчы пасьля абаяльнага няўдачніка™ Аляксандра Мілінкевіча слова ўзяла ягоная жонка Іна Кулей, адразу стала зразумела, хто гаспадарыць у вясковым доме недзе на Шчучыншчыне. “Вось бы каго ў прэзыдэнткі! – захоплена сказаў хтосьці побач. – Ну чаму ў нас няма жанчын-кандыдатак?” Але ў нашай краіне ніколі ня будзе матрыярхату, таму ў ёй ніколі ня будзе рэвалюцыі. Сустракаеш цяжарную сяброўку, кладзеш ёй руку на жывот і пытаесься: “Каго чакаеш: дзяўчынку ці няўдачніка? ™”

Але ў гэтай творчай недаробленасьці, у гэтай нацыяўтваральнай занядбанасьці формы і зьместу тоіцца нейкая сарамяжлівая сэксуальнасьць. Яна выклікае найперш той кшталт лібіда, які можна апісаць беларускім дыялектным “шкадаваці”. І мой дзядуля Ігнат, які ў паваенныя гады ішоў суткі з вахты на Палескай чыгунцы 30 км па ежу дадому, дзе падаў, зьнясілены, на рукі бабулі Марыі, і мой дзядуля Антон, якога ў паваенныя гады на Пастаўшчыне накіравалі падымаць калгас, а ён загуляў з аграномкай, вылецеў за гэта з партыі і сеў, прысаромлены, на шыю бабулі Зоі, апісвалі ў старасьці свае стасункі з жонкамі адной і той жа фразаю: “Яна мяне ўсё жыцьцё шкадавала”. Фрэйдысцкая лёгіка беларусак усіх пакаленьняў магла б быць прапісаная на тутэйшых валянцінках наступным чынам: “Мне цябе шкада, таму я цябе кахаю”. Вось і сёньня ты сустрэнеш вечарам з працы яго, мэнэджэра сахі і касы, ускалмаціш яму на галаве пядзі дзьве валасоў, пацалуеш у каўтун і скажаш чыста па-наску, па-беларуску: “Превед, ніудачнег!”

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 15.02.2010