Каб не мова, даўно б мы растаялі,
Расплыліся б імглой між чужых,
Зьбеглі ў вырай гусінаю стаяю...
Але з мовай – і мы будзем жыць!..
Натальля Арсеньнева
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

ЦМОКІ ЛЯТУЦЬ НА НЕРАСТ      М. Мартысевіч   2008       

0. ПРЫГАЖОСЬЦЬ – ГЭТА...


У тую пятніцу да звычайнага шэрагу рэчаў, што зьзялі ў ультрафіялеце танцполу –


     белай вопраткі,

     штучных караляў

     і ўсьмешак мурынаў –

     дадаліся ейныя сьлёзы.


Спэцыялісты, прысутныя ў той момант у найлепшым начным клюбе аднаго з буйных адміністрацыйных цэнтраў Усходняй Польшчы, нават паспрачаліся аб прыродзе гэтага рэчыва:


– Гэта кумыс, – сказаў асьпірант Эўразійскага гуманітарнага ўнівэрсытэту імя Л. М. Гумілёва (Астана, Казахстан);

– Гэта спэрма, – сказаў вядомы польскі порнафатограф Кшыштаф Паняводзкі;

– Гэта колгейт, – сказаў фотагенічны стаматоляг з Гомеля;

– Гэта жомчуг, – сказаў Тубі, нырэц з абтоку Шры-Ланка.


Гэтыя чацьвёра былі ўдзельнікамі ІІІ міжнароднай канфэрэнцыі эстэтаў і прайдзісьветаў. У гэтым годзе канфэрэнцыя мела назву “Чым ёсьць прыгажосьць?” і была прысьвечаная 80-годзьдзю з дня нараджэньня Мэрылін Манро. Паводле задумы арганізатараў,  

першы дзень канфэрэнцыі праходзіў у Чорнай сынагозе, помніку гатычнай архітэктуры XIII стагодзьдзя;

другі дзень канфэрэнцыі праходзіў у Цэнтральнай гарадзкой бібліятэцы імя Адама Міцкевіча;

трэці дзень канфэрэнцыі праходзіў у падворку драўлянага дамка бацькоў аднаго з арганізатараў.


Паводле задумы арганізатараў, усе гэтыя будынкі былі вельмі прыгожыя.


– Прыгажосьць – гэта калі мама прыходзіць з працы, і блякнуць зоркі сусьвету, і ня ведаюць, ці застацца, – сказаў падчас свайго выступу Тубі, сірата.

– Прыгажосьць – гэта незалежнасьць, – сказаў, адказваючы на пытаньне, порнафатограф Кшыштаф Паняводзкі, дысыдэнт.

– Прыгажосьць – гэта гета, гэта вочы габрэйскіх дзяўчат з агату, гэта многа апалягетаў Цыёну і Б-га багата, – сказаў падчас кофі-брэйку стаматоляг з Гомеля, грамадзянін Ізраілю.

– Прыгажосьць – гэта, – сказаў асьпірант Эўразійскага ўнівэрсытэту, дасьледнік Льва Гумілёва, падчас вечарынкі ў клюбе, паказваючы на ейныя сьлёзы.


У тую пятніцу да звычайнага шэрагу рэчаў, што зьзялі ў ультрафіялеце танцполу, дадаліся ейныя сьлёзы. Спэцыялісты нават паспрачаліся аб прыродзе гэтага рэчыва. І толькі дамавікі, у 24 гадзіны выселеныя спэцназам з д’юці-фры, ліквідаваных на ўсіх аўтамабільных і чыгуначных прапускных пунктах на ўсходняй мяжы Эўразьвязу,

дамавікі, што раней папраўлялі пустышкі ў сьне афіцэрскім дзецям на пагранзаставах,

дамавікі, што, чакаючы далейшых загадаў начальства зьнізу, пакуль падпрацоўвалі тут, прыбіраючы пасьля вечарынак,  

дамавікі, што асьцярожна лізалі ейныя шчокі, калі ніхто ня бачыў, –

ведалі:

гэта быў бэйліс, чысты ірляндзкі бэйліс.


Нават Ісус устрымаўся казаць Пілату, у чым ёсьць ісьціна.

Заграб, Скоп’е, Белград, Падгорыца. Любляна, Сараева, Прышціна.

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 12.02.2010