Не бядуй, што сьнег халодны
Скрые землю ад вачэй:
Не загіне край твой родны
У тэй цемені начэй!
Якуб Колас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

ТАЯМНІЦА ЗАКІНУТАЙ ХАТЫ      А. Масла   2005       
З ь м е с т:

Украдзеная казка

Ганарлівыя ружы

Воблачка

Пых і Пух

Зорачка

Будзільнік

Як гара чалавека ратавала

Цудадзейныя лекі

Нядбайная гаспадыня

Лагодны воўк

Сапраўдны Правіцель

Таямніца закінутай хаты

Пакінутае дзіця

УКРАДЗЕНАЯ КАЗКА


Жыў-быў казачнік. Вольны, як вецер, гуляў ён па свеце, казкі ў мех збіраў. Ідзе лесам – сярод дрэў казку знойдзе, полем – у травах адшукае. Птушак, звяроў паслухае – пад завязку казак у мяху. А з людзьмі пагамоніць – гісторый адразу цэлы воз. Казкі – яны ж па ўсім свеце рассыпаны, у кожнай дробязі схаваны. Іх толькі разгледзець трэба ўмець. І пачуць.

Для добрага казачніка гэта работа звыклая. Не сказаць каб лёгкая. Ого, як старацца трэба, каб сапраўдную казку сустрэць! Найперш – ніколі не гараваць, што памалу расцеш, як, бывае, дружа, і ты гаруеш. Казкі найбольш дзяцей любяць. І дарослых, якія не баяцца дзецьмі заставацца, светам любавацца, быццам толькі-толькі нарадзіліся. Вось да іх і трапляюць самыя лепшыя казкі. Нават дадумваць нічога не трэба. Махнуў чароўнай чарацінкай – і знойдзеная казка сама па сабе ў кніжку запісваецца.

А казачнік, пра якога мы раскажам, быў добры. Шчыры, лагодны, таварыскі, даверлівы. Як дзіця. І казкі самі да яго ў мех сыпаліся. Так, як і тым пагожым ранкам, калі казачнік лугам ішоў. Адкуль ні вазьміся на чыстым небе – хмара. І такі дождж з яе лінуў! Кароткі, на пару хвілін. А спорны – да ніткі прамачыў казачніка. Ізноў заззяла сонейка на небе, дыяментамі рассыпалася ў мокрай траве вясёлка. Спыніўся казачнік і мяркуе, дзе б абсушыцца. А з мокрага меха «ха-ха» ды «хі-хі-хі». Гэта казка з дажджом у яго мех сцякла. Ладненькая, кучаравенькая.

– Прывітанне, – кажа, – я Воблачка!

– Ды я цябе ўсё жыццё шукаў! – усклікнуў казачнік.– Так карцела расказаць, як на небе аблокам жывецца! Адкуль дождж бярэцца, як вясёлка нараджаецца, як аблокі па небе вандруюць, як радуюцца і смуткуюць... Так і казку назавём – Воблачка!

Воблачка радасна заківала галавой, бо трапіць у добрыя рукі для казкі – шчасце не меншае, чым казачніку знайсці яе. А гэты з першага погляду адгадаў, пра што яна. Значыць, і пераказаць людзям зможа як належыць.

Дастаў казачнік чароўную чарацінку, толькі сабраўся ёй махнуць, як чуе:

– Прывітанне, дружа!

Ідзе лугам да яго даўні сябра. Пабачыў ён Воблачка – і знямеў. Ён таксама казкі збіраў, таму добрую ад дрэннай адрозніць мог злёту.

– Дзе, – пытае, – знайшоў?

– Ды тут, на лузе, – не таіцца наш казачнік і пачынае апавядаць казку складна, ладна. Слоўца ў слоўца яна знітавалася за лічаныя хвіліны.

Слухае прыяцель казку, і крыўдна яму робіцца. На досвітку ён на гэты луг прыйшоў, ногі стаптаў, кожнай красцы па-кланіўся, пад кожны лісцік зазірнуў – і нічога не знайшоў. Варта было ад дажджу прыкрыцца парасонам, як казка з неба ўпала! І трапіла не да яго! Але не выдаў прыяцель сваёй зайздрасці, вырашыў перахітрыць больш удалага казачніка. Пачаў ён маніць:

– Урадлівы на казкі лужок! Я тут раніцай тузін іх назбіраў. Не ўсе нават у мех змясціліся. Давялося адну пад кустом на памежжы пакінуць – не горшаю за тваё Воблачка. Мо нікуды яшчэ не дзелася. Калі не лянуешся – збегай, забяры – тут недалёка...

– Ды я Воблачка яшчэ не спарадкаваў, запісаць не па-спеў...

– Ат, колькі той работы. Ты бяжы, а я тваё Воблачка папільную.

Не вельмі хацелася казачніку знойдзеную казку адну пакідаць. Але шкада, калі тая, не забраная, прападзе.

– Тады я скоранька, – кажа, – адна нага тут, другая – там.

– Не хвалюйся, дагледжу тваё Воблачка, – паабяцаў прыяцель. А сам, ледзь казачнік адвярнуўся, цісь – і схаваў казку ў сваю торбу. Спяшаючыся, перавіў ёй кудзеркі па-іншаму. Пасля чароўнай чарацінкай махнуў – і запісаў у сваю кніжку. А каб і камар носу не падтачыў, змяніў яшчэ імя казкі –Хмаркай назваў.

Вярнуўся тым часам казачнік. Ніякай казкі за лугам не знайшоў – вырашыў, што спазніўся. І Воблачка не бачыць.

– Куды, – пытаецца сябра, – казка мая падзелася?

– Яе ветрам ледзь не знесла, – адказвае той, вочы хава-ючы. – Дык, каб не згубіцца, яна ў маю кніжку папрасілася.

Схапіў казачнік кніжку, чытае – нібы яго казка. І разам з тым – чужая. Няма ў ёй ні

водару красак пасля дажджу, ні зіхацення вясёлкі ў кроплях...

– Што ж ты нарабіў – ты казку загубіў! – заплакаў у роспачы казачнік.

А прыяцель і сам ужо бачыць гэта. Добра ж ведае: не бывае ад крадзеных казак шчасця.

– Даруй, браце, не ў добрую хвіліну мы сустрэліся,–стаў перапрашаць сябра

казачніка.– Што за спакуса апанавала – не ведаю...

Але што ні гавары цяпер – казка ўжо ў кніжцы. А напісанага пяром не высечаш тапаром. Пайшла кніжка па свеце гуляць. Да розных людзей трапляла. Пра Хмарку апавядала. Але, перагарнуўшы старонкі, скора забываліся людзі, што ў той кніжцы напісана. Бо хітрасцю не проста кудзеркі па-іншаму казцы завілі, а ўсёй радасці яе пазбавілі.  

А казачнікі? Разладзілася іх сяброўства. Кожны сваёй дарогай пайшоў. Адзін пабажыўся, што век на чужое не спакусіцца. Другі – што ніколі знойдзеных казак кідаць не будзе.

Ды вось бяда – з той пары сталі абмінаць іх казкі. Ні адзін, ні другі ўжо мяхамі іх не

носяць. Бо казкі не любяць ні сквапных, ні нядбайных.

Калі марыш сустрэць у жыцці сапраўдную казку, помні пра гэта і ты, дружа.

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 08.12.2009