Рэцэнзія на кнігу вершаў Аксаны Спрынчан «ЖываЯ»
Уражанне ад першага прачытання, дакладней, прагортвання кнігі Аксаны Спрынчан “ЖываЯ” – лірычная гераіня пастаянна ўжывае каву, ставіць крыжыкі і малюе сняжынкі. Аднак адразу ж захацелася і нешта занатоўваць, аналізаваць. Адчуванне таго, што кніга надзвычай цікавая і вартая, пацвердзілася пры другім і трэцім уважлівым прачытанні. Тры лісты выпісаных прыкладаў, але патрачанага часу не шкада – такая кніга адкрываецца ўспрыманню пры кожным звяртанні, прычым узбагачае зноў і зноў.
Тое, што заўважаецца адразу, – незвычайная структура зборніка вершаў. Аксана дае філасофскія анатацыі кожнаму раздзелу ў пачатку кнігі, як быццам бы замест зместу.
І, дзіва, – ажываюць знакі прыпынку, ствараючы вобраз, думку, разважанне.
Паэтка вельмі мудра падыходзіць да слова, разглядае ўсе яго аспекты – і семантычныя, і фанематычныя, і асабліва графічныя. І справядліва: там, дзе сугучнасць, – новыя асацыяцыі, дзе гульня з формай, – дадаецца візуальнае ўздзеянне. Нібыта маючы мэтай узяць ад графікі слова ўсё магчымае, яна прымушае, не, хутчэй дазваляе літарам скакаць, складвацца, разрываць прастору паперы. Часам прачытанне такіх вершаў вымагае вялікай увагі і прыводзіць да нейкай дваістасці, чытач разгублены – захапляцца ўдалай знаходкай ці прыгледзецца да філасофіі зместу. Можна прапанаваць як выйсце прачытаць кнігу два разы: першы раз як зборнік выдатных вершаў, другі – як паэтычную крыжаванку.
Аксана задае нямала пытанняў: “А што такое шчасце?”, “Чаму б не жыць на свеце белым?”, “ Сонца ці месяц?”… і не спыняецца ў пошуку адказаў: “шукаю тое, што яшчэ згублю”.
“Двукропкавы” раздзел – не проста пералічэнне і апісанне родных мясцін, асацыяцый, важных падзеяў у жыцці: ад “галінкі, зламанай у Вербніцу” да “Часа і быцця” Хайдэгера. Гэта таксама расстанне, сыход у часе і прасторы, зварот да успамінаў. Таму лагічным завяршэннем раздзелу з’яўляецца хоку-паэма Лысай Гары: “восеньскі сум і жоўтае лісце, мёрзлыя астры і цыганскі дождж”, але па-ранейшаму “над Лысай Гарой свеціць / сузор’е Хоку”.
Шматкроп’е ў “Жывой” не толькі ў адпаведным раздзеле, яно паўсюль, ненавязлівае, як выдых, як паўза, якую чытач запаўняе сваёй думкай. Ланцуг вобразаў “кроплі-людзі-птушкі-пялёсткі-неба”, якія “зрываюцца з даху”, пастаўлена на графічна адасоблены слупок-лесвіцу “нібыта”, а пасля “не кахае”. Гэты верш – як разважанне-заўвага, ідзе пасля “словаў і сноў, якія перасталі прыходзіць”, пасля “расстання з табой” і дажджу і слёз. Няма ні адчаю, ні дэпрэсіі, і нават не туга ў вершах – самота. Завершаная ў сваёй філасафічнасці. Пра гэта ж – і паэма з недасланых вершалістаў, многія з якіх маюць постфактум, хаця, здаецца, галоўнае ўжо сказана.
“Жыццёвы пароль” аўтарка схавала ў назве кнігі (Жывая Я), у самым аптымістычным складзе “жы”: жыць, ажыны, дажынкі, сняжынка…
Гэты жыццяпіс сапраўды жыццесцвярджальны, хаця паэтка неаднаразова тактоўна і без пафасу і фальшы закранае тэму смерці:
На Кальварыйскіх могілках вясна.
Я з крыжыкаў
раблю сняжынкі –
пераствараю смерць
у снег.
З аднаго боку, настолькі свабодна і шматслоўна разважаць на вечную, але складаную тэму, аўтарцы дазваляе жыццёвы вопыт, асэнсаванне і спасціжэнне асноў, увага да вонкавага і ўнутранага:
нібыта поўня,
поўніцай жыву…
так шмат у жыцці суму,
так мала празрыстасці…
Я з тых часоў,
дзе ўсе жывыя.
Я ў часе тым,
дзе шмат паўмёртвых.
Такі пастаянны зварот да ўспамінаў, мінулага, гісторыі сваёй і свайго народу.
Нават будзённыя назіранні ў вершах тыя, дзе чалавек або істота рыхтуецца да смерці або прыняў яе:
Раве за лесам карова
так вусцішна,
рыхтык забіваць яе
рыхтуецца нехта чужы.
Зязюля села
ў рукі старой. Год назад
муж яе памёр.
Яшчарка ў цэбры
плавае. Прыгледзела-
ся – нежывая.
У апошнім хоку назіранне пераважае над паэтычным адкрыццём.
У адносінах да жыцця – і характар, і пазіцыя лірычнай гераіні:
(…) не спяваю паводле нотаў
ніводнага імгнення жыцця.
У найбанальнейшых рыфмах –
глыбокі верлібр жыцця.
Там, дзе смерць, знаходзім… вясну:
Лісточкі распускаюцца
і новыя крыжы…
…снег (…), памёршы ўраз,
народзіць новую вясну.
Таму што смерць – пачатак новага жыцця:
…ведаю, што ветах мой настане,
як толькі прыйдзе час
свяціць маладзіку…
З другога боку, у “дыялог” “жыццё-смерць” урываецца каханне (ці смерць кахання?):
я дажыла
ў тваім жыцці –
святкуй дажынкі
спасцігаючы (…) жыццё, як каханне
І, пэўна, пачуццё любові і кахання, нараджае парадаксальнае сцвярджэнне:
я так люблю жыццё,
што паміраць не страшна.
Парадокс з’яўляецца ў іншых формах:
не хапае чужой адсутнасці
У тваёй рацэ
камень, што не тоне.
Аўтарка тонка адчувае:
а) мнагазначнасць слова:
Атрымалася нітка з надрывамі.
Вельмі рвалася…
да цябе…
Ты падаеш надзею мне,
а жабраку –
рубель апошні.
б) багацце сінонімаў, блізкіх па значэнні і аднакаранёвых слоў:
вужакаю, якую ты
ад страху зблытаў
са змяёю
Гэта дапамагае будаваць верш, без строгай класічнай формы і рыфмы, а на тонкім, псіхалагічным адчуванні вобразнасці слова.
Не люблю цябе,
не кахаю.
Сінанімічны ланцуг з градацыяй: полымя – сонца – агонь – цяпло
я апяклася
горкім ценем самоты,
гаркавай магчымасцю шчасця,
гаркатой халоднага неба…
Галоўная пара кнігі – не “жыццё–смерць”, а, насамрэч, “нябыт–быццё”:
нябыту сум і гарката быцця
танцуем быцця тайніцу
Суседнічае з гэтай парай вобраз паўнаты, напоўненасці:
такое
поўнае жыццё
што вось-вось
падасца
перальецца
ў нябыт
“Парнасць” вобразаў сустракаецца даволі часта:
сябры і горы, слова і гарэлка;
зрываюць лісце і капелюшы,
хістаюць цені і дажджы
На “парнасці” пабудаваны верш пра глыбокі верлібр жыцця.
в) фаналагічнае багацце слова (асаблівая ўвага – анафары):
у дыханні адчаю
дыханне тваё
адчуваю…
засмечаны свет
слядамі самоты
рыхтык забіваць яе
рыхтуецца (…)
Верш пад літарай “ш”, якая, на першы погляд, не зусім паэтычная і мілагучная, сабрала дастаткова слоў, каб стварыць не адзін вобраз: шэршань, шэрасць, зашэрхласць адзіноты, ашалелая, шашаль, шэдэўральна, шчасце.
абароненыя Гарою,
ці аброненыя сасною
люты не грае на лютні
шлях шляхотна-крохкі
Падчас фанетыка з’яўляецца ў чыстым выглядзе:
выбухны,
звонкі,
вуснава-зубны
зычны гук –
найлепш вымаўляецца ў пацалунку.
г) увага да архетыповых вобразаў (камень, крыж…)
д) лексічная напоўненасць, асаблівая разнастайнасць назваў фауны і флоры, многія батанічныя назвы лёгка ўплятаюцца ў канву вершаў, набываюць арыгінальнае пераноснае значэнне:
гляджу на кветку-матылёк –
лабелія…
Палеская краса.
А я называю –
сон-траву,
якая ведаю
калыханку сонца,
якая верыць
у сны на вятры…
пчала беларускае рэўнасці
папрашу
пасадзіць аронію
між елак і соснаў
для пеўчых і чорных драздоў
е) пераноснае значэнне слова
Не ведаю, куды глядзець –
на мапу радзімак тваіх
ці на зорную мапу неба.
ж) паранімічнасць слоў:
пупышкі на вязе – у чорнай вязі літараў
Такая свабода ў адносінах да слова вядзе да з’яўлення новых формаў слова, новых слоў, арыгінальнага прачытання знаёмага, да нечаканасці рыфмы:
за-сы-нае,
за-дачка-е
рэч-ка-ў-сабе
жанчыну-ў-сабе
самоту – са-мной-ты
Часам спалучэнне абстрактных назоўнікаў падаецца ўскладненным для неспрактыкаванага чытача:
каб потым лёгкасць
ізноў засталася
без цяжарнасці
твайго працягу…
дзялюся наканаваннем / несумоўнасці
Удаюцца Аксане і больш аб’ёмныя формы, у якія яна заўсёды дадае нешта сваё, перайначвае: паэма з недасланых вершалістаў, цыкл вершаў “Цяжарнасць і лёгкасць быцця”, хоку-паэма Лысай Гары, Э-дыпціх, Паэма-імкненне.
У апошнім раздзеле аўтарка ўвогуле адмаўляецца ад знакаў прыпынку, нібыта ўзлятае, раствараецца ў вобразах. І – застаецца, роўнай, бруістай крыніцай паэзіі, празрыстай, якая наталяе прагу прыгажосці, якая цікава аздобленая, на якую можна глядзець (і чытаць) бясконца.
Юлія Новік для сайта “Родныя вобразы”.
© сайт “Родныя вобразы”.