КАЗІК
Казік вярнуўся з працы зусім хворы. У яго падскочыла тэмпература, а жывот пакрыўся гідкімі плямінкамі зудлівае высыпкі.
У хаце занепакоіліся. Пайшоў з дому здаровы чалавек, а вярнуўся ледзь жывы. І Казікава жонка Ядзя, і ягоная маці Маня, і нават дачка, школьніца Валя, без перапынку пыталіся: «Што з ім?». Казімір ляжаў, выпрастаўшыся, на канапе, і ледзь чутна адказваў. Жанчыны даведаліся, што іх муж, сын і бацька нічога кепскага не еў і не піў, што на працы пачуваўся добра, што пасля зайшоў у краму па папяросы, па дарозе з крамы адчуў нямогласць, галава пачала круціцца, у вачах заскакалі зорачкі. Як дайшоў да ўласнага падворка, не помніць. Жанчыны пакінулі хворага ў зале, перайшлі ў варэльню, каб абмеркаваць бяду дый пачаць нешта рабіць, бо ад лекара Казік адмовіўся. Яму не верылася, што ў трыццаць пяць гадоў чалавек можа без дай прычыны сканаць.
Казікаў сын Антось сядзеў на крэсле каля канапы ды спалохана зіркаў на змярцвелы вастраносы бацькаў твар, што нядобра цямнеў на белай падушцы.
- Тата, а вы не памраце, як дзед Ваця? - Антось спытаў шэптам.
Яму згадаўся дзед, што памёр увесну. Згадалася пахаванне і глыбокая яміна на каталіцкім баку могілак. У яміну струменіўся падсохлы на травеньскім сонцы светлы пясок. Шасцігадовы Антось забаяўся, што бацьку, як і дзеда, пакладуць у чорную труну, галавою на белую падушачку, а баба Маня прымусіць пацалаваць халодны, як камень у пограбе, лоб нябожчыка.
- Не бойся, Антосік, не памру. Мы яшчэ з табою на гармоні пайграем. І на трубе я цябе граць навучу. Будзем на святы ў аркестры хадзіць. Мы яшчэ з табой машыну купім і катацца будзем. Захочам у лес - селі ды паехалі. А захочам у Менск, мы і ў Менск з'ездзім, - Казік пагладзіў стрыжаную пад бокс галаву сына і падправіў чубок, што выглядаў непатрэбным над спалоханым тварыкам з заечаю губой.
Казіку раптам зрабілася крыўдна за сябе, маладога, калі ён п'яны хапануў сякеру ды кінуўся на жонку, што ўжо восьмы месяц хадзіла Антосем. Цяжарная жанчына ледзь уцякла з хаты, а раз'юшаны муж пахапаў яе сукенкі дый пасек на парозе. Антось нарадзіўся хваравіты і брыдкі з твару. На левай скроні ён насіў вялікую, як боб, чорную радзімку, з якой тырчалі сівыя валаскі. А пад носам у яго ружавеў глыбокі шнар заечай губы...
У свае васемнаццаць гадоў Антось паспрабаваў запускаць вусы, але яны раслі рэдзенькімі, светлымі і не хавалі непрыгожай адмеціны. Тады ён наляпіў сабе штучныя вусы, але і ад іх давялося адмовіцца - людзі кпілі і насміхаліся. І сын пракляў бацьку, бо паверыў, што брыдкая губа з'явілася на твары ў той самы момант, калі п'яны Казік секануў на парозе па Ядзінай сукенцы.
Ядзя гэтаксама пракляла Казіка і з'ехала ў Менск да Валі, якая паспела выйсці замуж за курсанта вайсковай вучэльні.
Адно згорбленая баба Маня дажыла доўгі век пры сыне, які ўпарта ішоў да мары свайго жыцця - легкавой машыны, уласнай, дагледжанай і любай, на якой можна і ў лес, і ў Менск, і нават у горад Парыж да сцяны камунараў, да той самай сцяны, паўз якую Казіка правялі ў калоне палонных у 1945 годзе.
Шлях да сцяны Парыжскіх камунараў пачынаўся з тае самае хаты, дзе ён ляжаў на канапе з невядомай хваробай. І пачынаўся з гульні, з дзіцячай забаўкі. Казік майстраваў з рэечак і паперы мадэль самалёта, а ягоная кузіна, лядашчае дзяўчо, схавала клей. Нястрыманы, шалёны ад прыроды Казік зазлаваў, пачаў лаяцца, разламаў ушчэнт мадэль, а калі бацька паспрабаваў супакоіць сына скураным пасам, выскачыў на сярэдзіну вуліцы і закрычаў:
- Страляць вас усіх трэба! Страляць!!! Бандзюгі, партызаны! У гэтай хаце партызаны!..
Ішоў 1942 год, і ў Койданаве было поўна немцаў і паліцыянтаў. Казікаў крык перапалохаў усю вуліцу. Людзі пахаваліся ў дамкі і з-за фіранак цікавалі, як Казікаў брат Бронік разам з бацькам Вацем звязвалі рамянямі хлопца, што з'ехаў з глузду. Звязаны Казік праляжаў у хаце на печы два дні, пакуль афармляліся ягоныя дакументы на адпраўку ў Нямеччыну. Ваця сам пайшоў у паліцыю, дзе і ўгаварыў кіраўніцтва, каб забралі сына і звезлі куды найдалей. Паліцыянты ўпарціліся, не хацелі браць дакументаў, бо Казік быў занадта малады, усяго 15 гадоў, але Ваця дамовіўся, і ў паперах змяніліся лічбы, і неслух паехаў у Германію.
Пра жыццё ў Нямеччыне Казік успамінае з прыемнасцю, ён не хаваў, як іншыя, што жылося там соладка і сытна на вялікім хутары пад Берлінам. Казік трапіў не на завод і не на шахту, а на дагледжанае поле заможнага гаспадара, якому спадабаўся белагаловы вастраносы хлопчык-беларус.
- І чаму ты не нарадзіўся немцам? - ушчуваў гаспадар. - Ты ж, Казік, рыхтык немец - арыец. І валасы ў цябе светлыя, і вочы блакітныя, і профіль германскі, можна і на манеце выбіць. Каб не ведаў, што са славянаў, дык і не паверыў бы, што ты беларус.
А ў дадатак да гэтых вартасных характарыстык за якія паўгода Казік вывучыўся гаварыць па-нямецку. І гаспадар прызначыў яго на пасаду наглядчыка. Казік сачыў, каб два дзесяткі маладых славянак мелі ўсё неабходнае і добра працавалі.
Але вось вайна скончылася. Нямеччыну падзялілі на зоны. Казік апынуўся ў французскай, і яго адправілі ў парыжскі лагер для інтэрнаваных асобаў. Калі калону славян вялі паўз сцяну камунараў, нейкі жартаўнік-афіцэр загадаў спыніцца, каб усе паглядзелі на помнік сваім «ідэйным папярэднікам».
У Парыжы Казік пражыў паўгода. Першыя тры месяцы ён чакаў дакументаў, а калі нарэшце атрымаў пашпарт, дык не змог яго зберагчы. Укралі. Можа і дагэтуль недзе жыве несапраўдны Казімір Вацлававіч Кісель - беларус і каталік. Ну, ды Бог з ім. Толькі Казіку з-за гэтага злодзея давялося прасядзець у лагеры яшчэ тры месяцы. Адно суцяшала - Парыж, як там ні кажыце, не Архангельск, а Францыя не СССР, дзе Казіку давялося адразу пасля прыезду пайсці ў войска, каб не апынуцца ў якім сібірскім ці архангельскім лагеры, хапала і таго, што ён вярнуўся ў лагер сацыялістычны.
Першае, што Казік зрабіў, як прыйшоў з войска, дык ажаніўся, узяў зусім маладзенькую сірату Ядзю. Неўзабаве нарадзілася Валя, а за ёй праз тры гады - Антось, які так баяўся за бацьку, каб той не памёр, пакуль жанчыны ў варэльні ніяк не маглі вырашыць, дзе шукаць ратунку ад невядомай хваробы. Тым разам менавіта Антось выратаваў бацьку. Той самы стрыжаны пад бокс Антось, які пазней пракляў Казіка і на ўсіх фотакартках у сямейным альбоме замазаў бацькаў твар чорным атрамантам.
Сям'я развалілася. Баба Маня памерла. Казік застаўся адзін у вялікай хаце. Ён зрабіў рамонт, адпусціў рудыя з сівізною вусы ды пачаў насіць капялюш замест шарай кепкі. А самае галоўнае: Казік нарэшце прыдбаў машыну - новую памаранчыкава-чырвоную, зіхоткую.
Неяк я праходзіў паўз Казікаў сад. Ён гукнуў мяне і пачаў прасіць, каб я пагаварыў з Антосем і сказаў, што бацька ў чалавека адзін, які ўжо ёсць, і другога не будзе, а машыну ён усё роўна аддасць сыну. Зрабілася шкада гэтага пакрыўджанага лёсам і людзьмі дзядзьку ў фетравым капелюшы з вядром ігруш лімонак у руцэ. Я паабяцаў перагаварыць з Антосем. Да той размовы я недалюбліваў Казіка, бо недзе ў душы застаўся дзіцячы сполах ад таго, што ён, убачыўшы мяне на сваёй яблыні, паабяцаў абрэзаць грабеньчыкам стручок, які хаваецца ў хлопцаў паміж ног. Але ў восеньскім садзе пад ігрушаю прыйшло на памяць, што гэта мая маці Ніна схавала клей, якім Казік мацаваў мадэль самалёта.
Антося я ўгаворваў доўга. Мы пілі гарэлку, і ён паказваў фотаальбом, дзе замест Казікавага твару чарнелі неакуратныя пляміны. Нарэшце я выцягнуў з яго абяцанне паехаць да бацькі і пагаварыць. Антось і сапраўды з'ездзіў у Койданава, а Казік паказаў яму завяшчанне, паводле якога машына пасля смерці бацькі пераходзіла да сына. Але Антось з Казікам зноў пасварыліся. Сын жа не ведаў, што праз месяц бацька памрэ ў той самай машыне.
Казік не трапіў у аварыю, ён ціха скіраваў на ўзбочча дарогі, дастаў з кішэні трубачку з нітрагліцэрынавымі таблеткамі, але сэрца раптам спынілася. Казіка пахавалі побач з маці, на каталіцкім баку могілак.
А ў сям'і пачалася новая сварка з-за спадчыны, бо Валя не захацела, каб за проста так новая машына належала брату. Бог ім суддзя. Але дзе Бог, там і людзі, якія маюць прагу да чужых радасцяў і бедаў.
Такую прагу да ўсёведання мела Казікава суседка - цётка Пэля, яна ведала ў Койданаве ўсё і пра ўсіх, а чаго не ведала Пэля, таго або зусім не было, альбо яно не ўяўляла аніякай цікавасці. І гэта пра яе ўспомніў Антось, калі зблажэлы бацька ляжаў на канапе і ніхто не мог прыдумаць, як ратаваць нябогу. Антось пабег да жанчын у варэльню і сказаў, што трэба як хутчэй паклікаць цётку Пэлю. Жанчыны ўзрадаваліся, бо і сапраўды, хто ў Койданаве, як не Пэля, мог загаварыць сполах, напрарочыць лёс, назваць хваробу? Толькі яна і магла.
Пэля прыйшла і села на край канапы, дзе ляжаў невядома чым агаломшаны Казік.
- Казічак, - пачала цётка сваім касцельна-ласкавым голасам, - а ці не пашкадаваў ты чаго сам сабе?
Нечакана для ўсіх Казік сеў на канапе, чым перапужаў прысутных, акрамя, зразумела, цёткі Пэлі, якая адно заправіла сівую пасмачку пад чорную хустку і сказала:
- А я вось зайшла, бачу, ляжыць наш Казічак ні жывы ні мёртвы і адчуваю, што пашкадаваў ён сабе нешта, моцна так пашкадаваў...
- Торт! - выгукнуў на ўсе грудзі Казік. - Торт я сабе не купіў. Зайшоў у краму па папяросы. На вітрыне торт стаіць з крэмавымі ружамі, шакаладнымі лісцікамі. І так мне захацелася таго торта, што ледзь сліну пракаўтнуў. Ледзь стрываў. А ў кішэні поўна грошай, зарплата і прэмія. Але ж усе ведаюць, на машыну трэба адкладаць. Не купіў я торт. Сцяўся і не купіў. Ядуць яго чэрці. Дый не можа такога быць, каб мяне так скруціла, а потым выпрастала з-за нейкага там торта з ружамі! Нешта вы, цётка Пэля, наблыталі...
Казік разгублена зірнуў на жонку. Ядзя адвярнулася, каб не засмяяцца.
- Можа, і блытаю. Бог яго ведае, - стоячы ў парозе, пагаджалася Пэля і падсоўвала наравістую пасмачку валасоў пад край хусткі. - Толькі ты ж сабе, а не мне пашкадаваў.
Казікаву дачку Валю выправілі ў краму, але дарма - тарты раскупілі.