УСТУП
Неяк я ў сваім блогу падняла пытаньне наконт спыненьня дзейнасьці многіх сайтаў, што браліся займацца беларускай справай. На што ЖЖ-карыстальнік revanshist (http://revanshist.livejournal.com/) адказаў:
“Я вопытным шляхам вымераў даўжыню нервовага імпульса у мазгах беларуса — два гады. Калі новая ініцыятыва перажыве два гады, яе нарэшце заўважаюць і пачынаюць ставіцца да яе сур’ёзна. Падцягваюцца прыхільнікі і патэнцыйныя партнёры, пачынаюць наладжвацца патрэбныя кантакты. Ініцыятыва пераходзіць на доўгатэрміновыя рэйкі. Да гэтага ты як бы ёсьць, але цябе як бы і няма ў галовах людзей. Вельмі цяжка бывае пратрымацца гэтая два гады і не згубіць імпэт. Звычайна ўжо пасьля першага года рукі пачынаюць апускаюцца. Калі не раней. Але йначай ў нашай краіне і пачынаць нічога ня варта…”
Гэтыя словы мне падаюцца вельмі слушнымі, трапнымі. Да што й гаварыць? Доказы таму — на кожным кроку…
Беларуская інтэрнэт-бібліятэка www.kamunikat.org, створаная як прыватная ініцыятыва на грамадзкіх пачатках, дзейнічае дзевяты год. Па сучасных мерках, ня так і мала. Праўда, дзейнічае яна не ў Беларусі, а ў Польшчы (мо, таму й пасьпяхова? ) Што дапамагае праекту пасьпяхова існаваць і разьвівацца? Ці ёсьць запатрабаванасьць у ім? Зрэшты, як стваральнік сайту не губляе імпэт?.. Гэта і многае іншае мне распавёў аўтар ідэі, стваральнік Беларускай Інтэрнэт Бібліятэкі Камунікат.org Яраслаў Іванюк.