Ох, каб мне той смык,
Каб на сэрцах граў, –
З радасьцяй бы зьнік,
Абы голас даў!..
Франьцішак Багушэвіч
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

ТРАЛЯЛЁНАЧКА      Ф. Багушэвіч   1892         прагляд      фота(1)

Вёска нашая, невялікая вёсачка, меж прыгоркамі, пры балотцы; на выган пясочак з прыгоркаў спёрла, тут і лес блізюсенька, лес хоць і чужы, але выгода ёсць... На канцы вёскі Бартак Сасок жыў. Цяжкі быў чалавек Сасок: за сваю шкоду, хоць з прыпадку зробленую, нікому не даруе, хоць залатоўку возьме, а сам, бывала, уночы конна сядзе і пайшоў чужыя межы спасываць; каменне з свайго поля дык усё, бывала, цягне на чужое... Эй, нядобры быў чалавек: як пазыча суседу рубель, то яму трэба дзень араць, дзень касіць, дзень жаць, кожны дзень па грошу працэнту аддаць, а рубель рублём. Пазыча табе бульбы на насенне – то ўжо сей напалавіну і насенне насеннем аддай; і ўсё гэтак! Купе, бывала, у скарбовым лесе крадзеную калоду, такую, што парай коні як зрушыць, а сам па яе не паедзе – суседаў нашле: удасца – добра, а зловяць – яны прапалі! От які быў Бартак! Бывала, шапкі здымаем прад ім, як прад панам, бо ў яго і пісар і старшыня – прыяцелі, з акцызнікам у мястэчку, як з кумам, вітаецца, дык як жа тут шапкі не зняць? А можа, думалі, і ён старшынёй будзе?.. Суддзёй ужо ж ён і тады быў. Даўно, праўда, усё гэта было, але было!  


Гадоў таму з пятнасце наш Бартак апрануў ужо чорны сурдут, стаў часта ўлегцы ў Вільню ездзіць, казалі – у банку інтарэсы мае, а і да Замораўкі чагось, бывала, наварачуе. Ад нас да Замораўкі недалёка, але туды ніхто не ўчашчае: там пан надта дзікі якісь быў, Прыбалдоў зваўся; сам казаў, што ён ганарал, але мундзеру таго, каб які там быў у яго ганаралскі, бліскучы – таго ніхто не відзеў, хоць крычаў па-ганаралску і біўся.  

Прысылаў ён здвойчы ў нашую вёску то яек, то курэй або парасят купіць, як у яго там госці збяруцца, але, бывала, ні пасланец не аддасць, ні ў дварэ ніхто не заплаце; вот затым у нас і перасталі яму гэтак прадаваць без грошы, а ён перастаў пасылаць надарэмне. Гаспадарка ў яго там ішла кепска: мы сеем ужо на зіму, а ён сабе касіць зачынае; мы на зіму аром, а ў яго зажынкі, і ўсё гэтак, а ўсё-тыкі ганаралам зваўся!..  

Казаў і наш Юдка-каваль, што і яму 100 рублёў вінен, а плаціць не хоча; а вот жа Бартак адважыўся-тыкі яму ўсе свае грошы – семсот руб. – пазычыць, узяўшы обліг на паўтары тысячы. Тагды ўжо з ганаралам часта і гарбату піў! Бывала, пехатой пойдзе да яго, а вернецца ў вялікай панскай каламажцы, а спаткаўшыся з нашым братам на дарозе, здалёку крычыць: «Эй, з дарогі!»  


Раз увосень на сельскім сходзе хацелі мы Бартку выбраць у сотнікі і кажым: ён багаты, сын падрос і парабка можа наняць, дык яму латвей і службу адбываць; а то вот Янук Сакол, як пабыў сотнікам, дык і гаспадарку звёў, а зямлю таму ж Бартку ў арэнду пусціў! Няхай, кажым, цяпер і Бартак закаштуе чэсці!.. Аж ён нам на гэта: «Ах вы, галадранцы, сякія ды такія, вы гэта мяне ў сотнікі?.. Да я вас і так усіх у халодную пасаджу, як захачу, і па мордзе біць буду; я вам, жабракам (а ён тыкі і парабіў нас жабракамі), кажа, не раўня: я сам цяпер пан – ганаралскі маёнтак купіў, – а на вас мне плюнуць, і не маеце права, хамуці, мяне сюды і туды памыкаць! Я вам пакажу!..» Ажно страшна нам зрабілася і паразяўляліся мы, як дурні: іншы шапку зняў, іншы так кланяўся, а ўсе замаўчалі. Так мы яго і не выбралі, а больш сталі баяцца.  


Гэта ж было ўвосень каля ўсіх святых, а, дачакаўшы каляд, Бартак і сваю зямлю і Янукову Сакалову аддаў напалавіну. Мы ўжо ўвідзелі, што тыкі і праўда – ён купіў маёнтак. На першага Юр'я перагнаў быдла да Замораўкі, а Прыбалдоў выехаў, як стаіць, з сям'ёй таго ж дня. Юдка-каваль горка плакаў, бо сто рублёў прапалі...  

Бартак Сасок купіў ад Прыбалдова маёнтак са ўсім дабыткам, з вазамі і карэтамі, а навет з вялікім, як конь, сабакай; але павінен быў заплаціць даўгі і свае семсот рублей залічыць; а даўгоў тых было ці мала: у банку тысяч трыццаць, то толькі працэнтаў дзве тысячы шторок трэба было заплаціць, а так людзям розным тысяч з дваццаць набралася.  

У маі прыехаў судавы ўходчыну рабіць, і нас, суседаў, паклікалі. Глядзім мы, калі ўжо Бартак і Бартчыха з тым судавым разам абедаюць і навет кухар на стол падаець. Бартчыха ў чорнай панскай сукні! На нашую пахвалёнку ніхто і не адказаў... Судавы, пратрымаўшы нас да вечара, прачытаў якісь папер аб тым, што Бартак з Бартчыхай купілі Замораўку, і мы пашлі па хатах, а яны панаваць засталіся. Бартак стаў стражэйшым панам ад ганарала: дзярэ за шкоды – жыць не можна, а крычыць, а лае, а па полі конна, як праўдзівы ганарал, гарцуе... аж страх! Да касцёла, бывала, калі прыляціць чацвёркай, а яна ў капялюху бліскучым з жоўтай стужкай і брыжыкамі, а наверсе, пане, сядзіць птушка як жывая, чыста ж сіваваронка, толькі што не закаўкае. Ідуць па касцёле, аж увесь народ азіраецца! А кожную нядзелю ў дварэ госці: то станавы, то пісар, то хвельчар, часам пасрэднік, то сакратар з'ездавы, то судавы, а іншы раз і ўсе разам збяруцца, ды днёў тры ў карты гуляюць і п'юць – лепш як у таго праўдзівага ганарала.  


А жаць як прыйшлося, дык на полі невясёла ў Барткі: жыта мала, а жней яшчэ меней: і не ўрадзіла, і жнеі дарагія – плацілі і па тры злоты!..  

Бартак злуецца, а Бартчыха спацыруе сабе па садзе з парасончыкам. Не сцерпеў Бартак і кажа да жонкі:  

– Вот не шкодзіла б, каб Ваша, пані Каська, сярпок узяўшы, ды па загончыку прайшлася, замейце таго, што дарма па садзе дрыптаеш – а то жыта сыпіцца і грошы няма гэтак жнеям плаціць.  

– Вазьмі ж, васпан, касу ды па сенажатцы прайдзіся, тагды я ўжо апрану сукню ядвабную і капялюш з птушкай дый пайду жаць...  

– От жа пойдзеш і ў спадніцы рабой і без капелюха! – скіпеўся Бартак.  

– Не дажджэш ты, – адказуе Бартчыха, – каб я, гэтакага маёнтку пані, ды пайшла...  

Слова за слова, ды давай вадзіцца!  


Бартчыха ды калісь у двары служыла і камісару спадабалася, а злыя языкі па каліндару варожаць, што і старшы сын Бартчыхі надта паспяшыў радзіцца па шлюбе; камісар і пасагу даў за ёй штосьці 300 рублей, але можа то і брэшуць? Бартчыха была гумарыстая і не надта каб мужа дбала, а ўсё больш сваім розумам жыла. Бадай ці не яна і пілавала Бартку, каб маёнтак купіў? А купіў ён яго і на сябе і на жонку разам.  

Доўга яны гэтак вадзіліся: і тыя нарадзіны першага сына ён спамінаў, і свой пасаг яна спамінала, спамінала і тое, як на вяселлі камісар казаў мужу, што Каська пакаёўкай была, дык раздалікацілася і ён не павінен змушаць яе да цяжкай работы, а няхай за тыя 300 рублёў дзеўку павек найме...  

Разабрала Бартку аж па макаўку! Аж рыкнуў на жонку:  

– Вон, сякая-такая! Вон з кодлам сваім: я тут пан, не ты пані!  

– Даўно, – кажа Каська, – я чакала ад цябе гэтага, і так хацела кінуць, а цяпер і кідаю!  

– Але, кідай, ды ізноў у вёску, – адказаў Бартак.  

– І кіну, і ў вёску не пайду, – кажа Каська, – а хоць зараз Прыбалдоў за ахмістрыню, як за паню, возьме да места...  

Пазлаваліся, распляваліся, так як хто зімным перакінуў, і разышліся; а назаўтра Каську пёрлі два чорныя агяры1 да вакзала, каб ехаць да Прыбалдова. Бартак з той немарасці кінуўся ў гарэлачку, а далей стаў зіркаць на кабетак. Бывала, як хто аб жонцы спомне, што кінула, дык аж счырванее.  

– Не вялікая, – кажа, – наўда, што кінула, ды і не так то кінула, як я сам яе прагнаў.  

Так, бывала, хваліцца ўсё, што прагнаў ды прагнаў, а людзям гэта і трэба.  


Пачакаўшы гадок-другі, мы відзім, што Бартак чыста перамяніўся, раздалікаціўся: на полі не бывае, зімой у месце гуляе... А раз вярнуўся ўжо і з паненачкай такой харошай, цянклявенькай, шталтам за губарнанку2, а называў яе якойсьці кузынкай3 і цалаваў пры людзях. А яна, тая кузынка, такая смяхотная ды вясёлая была, як бы вот паненачка праўдзівая: нічагусенька, бывала, не робе, толькі сабе бегае, выспевуе: «Тра-ля-ля, тра-ля-ля!» Або як калі асядлаюць ёй каня ў якоесьці рагатае сядло, фурман сядзе на другога каня ў самы рабочы час, вот яна і гарцуе па дарогах, іншы раз вярстоў за 10 заб'ецца, коні ў пене, фурман падаб'ецца, яна ўсё «тра-ля-ля, тра-ля-ля...» Так мы яе і празвалі Траляля.

Але добрая была, вечны ёй пакой: бывала, хто ў вёсцы захварэе, то яна і па доктара пашле, і на лякарства дасць, і дзецям то па грушачцы, то па яблычку. Любілі тыкі мы яе, гэту Тралялю.  

Раз за малым не ўсёй вёсцы прыпёрлі павесткі з акружнога аб тым, што жонка Барткава падала скаргу, што муж выгнаў яе з двара, што з другой жывець, што палавіну яе маёнтка забраў, па пяць тысяч на рок даходу цягне, а ёй ні гроша не даець... І давай нас цягаць па сведках: то ў кансыстор4, то на следства, то проста ў суд акружны, гадоў за тры. Тым часам нашая Траляля захварэла і ў тры дні навек заснула, пакінуўшы дзіцятка драбнюсенькае. Бартак зажурыўся, як за сцяну заваліўся: палавіну маёнтка Бартчыха адабрала, а другую прадалі з ліцытацыі5 за даўгі, і пашоў Бартак зноў у вёску, але суддзёй ужо ніколі не быў і ўсім кланяўся. Не доўга, бедны, пабыў і тут, бо за штось у турму пасадзілі... Там ён і ўмёр!  

Бартчыха з рок на сваёй палавіне панавала, увосені пажар амёў усе будынкі, а тут прад новым рокам банк прадаў і рэшту маёнтка. Так то скончылася панаванне Сасковае.  

Тралялёначку ж тую бедную мы, злажыўшыся з душы па дзесяць грошы, аддалі, як сваё дзіця, да Марціскі крывой на мамкі на рок, а далей не ведалі, што рабіць з беднай сіротачкай, дык ксёндз зыскаўся літасцівы – узяў малую кузянятачку да старой арганісціхі і там ужо штось плаце, а яна гадуе і пацеры вуча; і расце паненачка, так гадоў ужо мусі з дзесятак мае; а такая вясёлая ды смяхотная, якраз жа Тралялёначка!  



––––––––––––

Апавяданне «Тралялёначка» было апублікавана ў 1892 г. ананімна асобнай кіжачкай у Кракаве, у друкарні У.Л.Анчыца (той самай, дзе і зборнік «Дудка беларуская»).


1 Агяры – жарабцы.

2 Шталтам за губарнанку – быццам за гувернантку.

3 Кузынка (пол.) – блізкая сваячка.

4 Кансыстор – кансісторыя, высокая рэлігійная ўстанова, якая вырашала касьцельна-адміністрацыйныя і судовыя справы.

5 Ліцытацыя (пол.) – аўкцыён.  

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 12.05.2009