Адзінай мэты не зракуся,
І сэрца мне не задрыжыць:
Як жыць – дык жыць для Беларусі,
А без яе – зусім не жыць.
Ларыса Геніюш
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

КРАСАВАЎ ЯЗМІН      М. Гарэцкі   1913         прагляд

Мы зайшлі на пустую вуліцу і селі на лавачку пад хатай. Людзі ўжо спалі.

Дзе-нідзе на небе блішчэлі зоркі. Яны то хаваліся, то ізноў выпаўзалі з-за чорна-сівых бягучых хмар.

З саду даходзіў к нам п'янавата-мляўкі пах язміну. На бярозцы ціхенька варушыліся дробныя лісцікі і сыпалі далоў, на зямлю, кропелькі нядаўняга дажджу.

Я маўчаў і думаў-дзівіўся. А яна, чорная, вірлавокенькая, з сумным паглядам, шаснаццаці гадкоў яўрэечка, блізюхтынька села ля мяне і, няўзнаку, маўкліва гарнулася да мяне, загадаўшыся аб нечым.

Хацеў звярнуць гутарку на што-небудзь будзённа-простае, але яна сумысле маўчала і тулілася ўсё болей і бліжэй.

«Дзяцінімся, больш нічога, – думалася, – як бы яе звярнуць на гэта; ах, каб яна гэта заўважыла».

– Муся, у аўторак мне будзе дваццаць гадоў... Маўчыць.

– Муся, вам... не сцюдзёна? Паклала ручку мне на плячо, маўчыць.

Я не ведаў, што рабіць. Шукаў-шукаў хоць якіх-якіх асаблівых сардэчных пачуццяў у сабе і не знаходзіў. Яна мне надта, праўда, падабалася як мяккая, добрая, начытаная дзяўчынка з не саўсім звычайна-лёгкім дзявоцкім паглядам на жыццё. Мне з ёю было добра, ладна, прыяйна. Гуляць з ёй любіў. I ўсё.

I цяпер мне было дрэнна ад думкі, што яна, маладзенькая, невялічкая, уздумала, маючы трывожна-любую надзею на шчырае спатканне, уздумала пастукацца ка мне ў душу з нечым квола-далікатным, чыстым, і я, калі не захачу скрыўдзіць яе ў лепшых, абмылкавых ці не абмылкавых – усё роўна, пачуццях-жаданнях, я павінен ілгаць – не лгаць, а так – цягнуцца ўслед і прыстаўляцца.

Раптам яна абшчапіла мяне за шыю і па-дзіцячы сціснула...

Я, падаждаўшы, каб абмеркаваць, нясмела і няўмела ўзяў яе за руку і троху пацягнуў да сябе.

I пазіраў сабе, не спяшаючыся, на неба, як там усё збягаліся і збягаліся белаватыя болачкі і збіраліся ў адзін цёмны груд, падобны на аграмадны, кепска складзены стог сена.

– Дзы-ынг, дзы-ынг... – з працягам прабіў на каланчы дванаццаць стары вартаўнік.

А Муся маўчала. Заплюшчыла вочы, паклала галоўку мне на грудзі і быццам дыхаць перастала.

– Мілая Муся, ці праўду казала мне ваша таварышка?..

– Твая, а не ваша, – пачуўся шэпт.

– Ну, т... твая таварышка, што художнік Мартусевіч, пабачыўшы малюнкі ваш...

– Твае, – ізноў ціхенечкі шэпт.

– ...Твае малюнкі, прызнаў у ва... у табе вялікі талент і прасіў працаваць, абяцаўся помач?

Замест адказу тужліва запяяла шапатком: «Хоць ты сэрца вы-ырві ды й адкі-інь далё-ка... Хоць ты сэрца...» – Змоўкла і маўчыць.

– Чаму ж не сказала мне калі, што малюеш?

Маўчыць.

Я сядзеў як пень і лаяў у думках сябе калодаю, дурнем, сажалкавым гнётам... Гадаў, што дзеецца з Мусяй, аб чым яна думае і чаго яна ў час, калі другія гараць, полымем пышуць, яна быццам нежывая... Ці шчыра яна пачувае?

А надоечы – успомнілася – усё пыталася, ці пазволяць ёй, жыдоўцы (гэта слова яна гаварыла з нейкай жалабнасцю, як скрыўджаная), па сканчэнні гімназіі мець у вёсцы сваю школку і вучыць сялянскіх дзетак. «Вочкі прамываць тваім белагаловенькім», – яшчэ пажартавала з сумам у голасе.

– Вы шчэ самі вучыцеся, калі тое будзе, – выварочваўся я. А Муся колькі разоў усё ж такі цвёрда і ўпорна памыкалася дапытацца напэўна, і я круціўся, як тая вужака ад бізуна, ад гэтых пільных пытанняў.

Мне ўжо і так надакучылі, былі прыкры тады нацыянальныя і набажэнскія пытанні, апастылела паўсёднае айканне і салодзенька-кіслае стагнанне няшчырых людзей. Глыбока праўдзівага спаткаў мала. «Можа, і Муся, можа, і яна толькі чапурыцца перада мною дзеля чагосьці?» – выпаўзла, як з падпечку, гідкая думка.

– Муся, зірні, зірні – якія прыгожыя, дзіўныя болачкі плывуць на заходзе. Бачыш?

Ледзьве варухнулася, маўчыць.

«Як незразумела і няскладна ідзе сягоння час, – падумаў. – Так, я ведаю Мусю і яе сям'ю гады чатыры ці пяць, але ж «пазнаёміўся» з Мусяй усяго на тым тыдні ў сераду і гуляў з ёй трэці, толькі трэці вечар. Цікава...»

Меркаваў-меркаваў, як і што, і ўрэшце ўцяміў, што трэба яе пацалаваць.

Сагнуўся, узяў яе за плечкі і прыціснуўся к цеплаватаму лічку, пацягнуў да сябе мяккую, любую, гладзенькую, крамяненькую шчочку, але так няўдала, так... што пачуўся прыкры, каб яго век не чуць, гук: «Цмыгу-у-уль...»

Мне зрабілася сорамна за сваё мяжджульства.

Я скасавурыўся, як конь, хмылячыся, і збоку паглядзеў на Мусю. Дужа задзівіўся з нейкай дайжа трывогай, чаму яна такая белая, не глядзіць і маўчыць, хоць ты што? Спіць, не спіць.

Баючыся, каб яна не ўцяміла майго пастылага настрою, я ненарокам, асцярожна шукаў на яе руцэ пульсу і шчупаў дужэй, нібы ад вялікага пачуцця паціскаў дарагую ручку.

Пульс біўся слаба, а біўся – і тое мяне ўзвесяліла.

А яна тым часам на ўсю сілу сціснула маё плячо, прыціснулася як мага ка мне.

– Мілы, харошы... – ціха шапярнула, аж маё сэрца зайшлося.

Мне здалося, што тут і я павінен больш паказаць любоўную прыхільнасць. Крэпка ціскануў я Мусю ў руках, аж у стане ў яе нешта: «Хрэсь!» – хрэснула...

«Ну й ламіна ж я», – стыдзіў сам сябе і чуў, як пабегла кроў у галаву; зачырванеўся, і добра, што хоць ноч, дык не відаць.

А Муся – як мёртвая.

Пасядзеў, пасядзеў, ізноў паглядзеў туды-сюды. Ага, прыпомніў: «Я – ненармальная», – сказала нет ведама к чаму заўчора.

Зірнуў на яе.

Вочы заплюшчаны. Ці то ад доўгіх век, ці то і сапраўды – пад вачамі было чорна-чорна. Ліцо бледнае, што ў нябожчыка, галоўка, нежывая, адкацілася назад...

«А божа! Самлела... Няжыва...» – маланнёй скаўзанула ў галаве, пад лыжачкай зрабілася да прыкрасці пуста, і па плечах быццам пакаціўся халодны пот.

Дзяржаў яе, самлелую, у руках і гукаў:

– Му-уся, Му-у-сечка! Ну скажы што-небудзь, Му-у-сечка...

Яна не варушылася. Галава яе без сілы звісла ў маіх руках; адна рука, амярцвелая, з'ехала і ўдарылася аб маё калена.

Мне было жарка, душна, худа. Прытуліў самлеўшую Мусю да сябе і, як

непрытомны сам, гадаў, ці крычаць ратунку, ці бегчы ў якую хатку за вадою, ці што? Што з ёй такое? Дрэнна?

Спуджаным поглядам кінуў ізноў да Мусі і – ай! – асекся: яна адным вокам пазірала на мяне з ціхім пытаннем-дакорам...

ГІачуўся стукат па тратуары.

– Мусечка, ідуць!

Той жа момант яна кранулася, адсунулася ад мяне, адвярнулася і пачала абпраўляць валасы.

Бывае, заснеш удзень, прачнешся і не ведаеш – вечар ці ранне. Так было цяпер са мною.

– Юра, Ю-рачка, пойдзем дамоўку, – пачала гукаць, і здавалася, што яна смакуе імя Юра.

– Пасядзім трошку, Муся.

– Я хачу спацькі... Галоўка баліць... – Як занадта кукоблены дзіцёнак, лашчылася і быццам хацела трошку й пакапрысіць-павярэдаваць.

Узяла маю руку так, каб я абшчапіў яе. Пайшлі-ткі.

Маўчалі ўвесь час і нікога не спаткалі. Падышлі к іхняму ўжо дому.

– Заўтра ўранні ты волен?

– Не, буду на рабоце ў полі.

– А ў поўдзень?

– А ў паўдзён дамоў прыйду.

– Прыйдзі ў сасоннік к мосціку.

– Добра, Мусечка.

Папрашчаліся. Я ўспамінаў закон і не пацалаваў яе. Яна ўзышла ўжо на ганкі і пазваніла, каб адчынілі. Я крыху прыстояў.

– Як ты не заснуў? – няжданае даляцела ка мне з ганка.

Я аглянуўся. Схавалася ўжо за дзвярмі... Пастаяў-пастаяў крыху і пайшоў.

I цяпер сэрца пачынала млець.

Назаўтра я заране ўжо прыйшоў к мосціку. Доўга, доўга хадзіў-дажыдаўся: Мусі няма, няма й няма. Не прыйшла.

«Увечары, пэўне, прыйдзе ў парк, убачымся», – цешыў я сябе, і нейкая туга агарнула маё сэрца.

Прыйшоў вечар. Усе ходзяць-гуляюць, смяюцца, як заўсёды, а Мусі няма... Так і не пабачыў у той дзень.

«Што ж такое?»

На другі дзень таварышка яе паведаміла мне, што Муся «яшчэ ўчора раніцай» паехала к радні ў Вільню. I калі прыедзе – немаведама. Быццам згубіў я што дарагое, дужа патрэбнае, без чаго жыць дрэнна.


* * *


I вось... Праз пяць дзён прыйшло паведамленне, што Муся ў Вільні раптам памерла...

– Самагубства? – з балючай цікавасцю ў дрыжачым голасе запытаўся я ў тае ж самае таварышкі нябожчыцы Мусі.

– Адкасні-іцеся вы, гора... Нівесь чаго яшчэ дабіваецца, – толькі й пачуў я.

«Дык што гэта такое?»


* * *


Прайшло нямала часу, на іншым жыццёвым шляху апынуўся я, многа розных іншых людзей спаткаў, а і дагэтуль ад пары да пары з'яўляецца прада мною квола-даражэнькі абраз невялічкай, чарнявай яўрэечкі з сумным паглядам у чорных глыбокіх вочках.

– Муся, Муся...

I так і чую тады той п'янавата-мляўкі пах красуючага язміну.

«Што й к чаму? Што й к чаму?» – ташную ў гэткі час, бо не маю аніякага ж адказу...

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 24.09.2009