AX, ЯК ТАМ ДОБРА...
Вiльня
А было гэта гэтак.
Група паслоў польскага сойму левага кiрунку вярнулася з Менску. Большасьць сярод гэтых «экскурсантаў» былi беларускiя паслы.
Попутчiк спаткаўся ў Вiльнi на нейкай вечарыне з паслом Мятлой.
– Ну, i як там у Менску?
– Гм... О!.. Ого!..
– Узапраўды?
– О, яшчэ як!
– Далiбог?..
– Эге!..
– Беларускiя школы?
– Тысячы! Уся савецкая Беларусь пакрыта густой сеткай школ...
– Беларускiх?
– Беларускiх.
– Унiвэрсытэт?
– Беларускi.
– Выдавецтва?
– О! Тыраж кнiжкi даходзiць колькiдзесят тысячаў... Госiздат плацiць вялiзныя ганарары... Зьявiлася шмат маладых выдатных талентаў...
– Што вы кажаце!
– Ага!
– Тэатр?
– О, тэатр!.. Каб вы бачылi!.. Каб вы былi ў тэатры!.. Тэатр!.. О-го-го!
– Рэпэртуар?
– Арыгiнальны i перакладны. Зьявiлася шмат беларускiх п’есаў: «Кастусь Калiноўскi», «Каваль-ваявода», «Вiр», «На Купальле»...
– Акторскiя сiлы?
– Ой-ой-ой!.. А якiя пастаноўкi!.. Дэкарацыi... балет...аркестра...
– Ну?
– Кажу вам.
– Няўжо-ж?
– Але... але!
– Гм...
Попутчiк найбольш цiкавiўся тэатрам. Калiсь у Менску стараўся стварыць прафэсыянальны тэатр. Цяпер у гэтым-жа Менску, дзякуючы дзяржаўнай субсыдыi, ёсьць першарадны тэатр, дзе працуюць сапраўдныя акторы...
У старым езуiцкiм катэхiзiсе сярод пытаньняў i адказаў ёсьць, памiж iншым, гэткiя:
– Цi ў небе добра?
– Ax, як добра...
Гэтае «ах» узмацоўвала людзей у веры ў шчасьлiвае жыцьцё ў небе.
Гэтак сама дзеялi на Попутчiка «ахi» i «охi» Мятлы. Ён усё болей пераконваўся, што ў Менску...
... ах, як добра...
Пасьля яшчэ спытаўся:
– А як вам здаецца? Калi-б, на той прыклад, я туды паехаў?..
– Дык-жа вас там чакаюць!
– Што кажаце! Была там гутарка аба мне? Успамiналi?
– I ня раз. Казалi, што вы ў Менску надта патрэбны.
– Дык думаеце, што я зрабiў-бы добра, калi-б паехаў?
– Бязумоўна! Там – вось поле да працы!
– Ну, як гэта... Як-бы сказаць?.. Тэрор?.. ГПУ... Памятаю, калiсь карысталася вялiкай папулярнасьцю «стенка»...
– Што вы... Але-ж гэта беспаваротна мiнавала. Гэта былi часы ваеннага камунiзму. Цяпер жыцьцё зусiм нармальнае.
– Ну, а як справы харчаваньня?
– Усяго колькi хочаш. Цяпер-жа НЭП... Магазыны завалены харчамi... А iкра!.. Ах, якая смачная iкра!.. Ну, толькi з мануфактурай труднавата.
– Дык, канец канцоў, кажаце, каб ехаць?
– Я на вашым месцы нi хвiлiны-бы ня думаў...
* * *
Гэтая гутарка адбывалася ў 1926 годзе.
У Вiльнi шырыла свае ўплывы «Грамада», захоплiваючы ўсiх; там, у БССР, яшчэ трывала распачатая Ленiным «перадышка», новая эканамiчная палiтыка i давала магчымасьць свабадней уздыхнуць. На рынках зьявiлiся прадукты вёскi, у крамах было даволi спажывецкiх тавараў.
Праводжаная энэргiчна, паводле загаду зьверху, беларусiзацыя ня надта падабалася старым расейскiм чыноўнiкам, якiя апанавалi ўсе савецкiя ўстановы ў Менску, але цешылася беларуская iнтэлiгенцыя з таго i гэтага боку гранiчнае мяжы. У беларускай сацыялiстычнай савецкай рэспублiцы беларусы бачылi свой П’емонт, якi злучыць парэзаныя рыскiм трактатам беларускiя землi.
Дык няма дзiва, што на Вiленшчыне шырылiся рэвалюцыйныя настроi, а вочы ўсiх зварачалiся на ўсход, дзе...
... ах, як добра!..
А «Сялянска-Работнiцкая Грамада» дапамагала гэтым настроям пашырацца яшчэ болей.
Толькi маленечкая група беларусаў, якая гуртавалася ў «Беларускай Часовай Радзе», процiставiлася «Грамадзе» й вяла палiтыку г. зв. «палёнафiльскую».
Лiдэрам «Грамады» быў атуманены бальшавiкамi iдэйны беларус Бранiслаў Тарашкевiч, на чале «Рады» стаяў кар’ерысты i «тёмная лiчность» др. Арсен Паўлюкевiч.
* * *
Попутчiк... быў вiцэ-старшынёй паўлюкевiчаўскай «Рады». Але рэвалюцыйныя настроi запаўзалi i да «Рады». Попутчiк ужо быў амаль чырвоны i, калi ня зрываў канчаткова з Паўлюкевiчам, дык толькi дзеля таго, каб дачакацца адпаведнага моманту, калi разам iз сваiм выхадам з «Рады» можна будзе зрабiць яе развал. Iншыя сябры былi таксама народ няпэўны. Паўлюкевiч ведаў гэта добра, i ягоныя вочы неспакойна сачылi ўсiх. Ён прадчуваў, што хочуць зрабiць яму нейкую неўспадзеўку, разварушыць ягонае «хлебнае дело» – Беларускую Раду...
Бунтарскi настрой сярод сяброў «Рады» павялiчвала яшчэ тая прычына, што ваявода Рачкевiч ня выплацiў субсыдыi i сябры даўжэйшы ўжо час ня толькi ня мелi на гарэлку, але нават на абед.
Попутчiк быў раздвоены. Уваходзячы покуль што ў склад «Рады», ён духова быў ужо з рэвалюцыйнай «Грамадой».