У Беларусі – ясныя вочы,
Многа любові ў грудзях:
Звонкае поле, звонкія сосны,
Звонкі і сонечны шлях.
Пятрусь Броўка
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

ЧАРНОБЫЛЬСКАЯ МАЛІТВА      С. Алексіевіч   1997       
З ь м е с т:

Гістарычная даведка

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ. ЗЯМЛЯ МЁРТВЫХ

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. ВЯНЕЦ ТВАРЭННЯ

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. ЗАХАПЛЕННЕ ЖУРБОЮ

Мы паветра, мы не зямля...  

М. Мамардашвілі


ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА


"... Трэба найперш разарваць заслону невядомасці, што акаляе Беларусь. Бо ж для свету мы terra incognita – невядомая, нязведаная зямля. Пра Чарнобыль ведаюць усе, але толькі ў сувязі з Украінай і Расіяй. "Белая Расія" – гэтак прыкладна гучыць назва нашай краіны на англійскай мове".  

"Народная газета ", 27 красавіка 1996 г.


"На тэрыторыі Беларусі няма ніводнай атамнай станцыі. З дзейных АЭС на прасцягах былога СССР геаграфічна да беларускай мяжы бліжэй за ўсё размешчаны АЭС з рэактарамі тыпу РБМК: з поўначы – Ігналінская, з усходу – Смаленская, з поўдня – Чарнобыльская...  

26 красавіка 1986 г. у 1 гадз. 23 хв. 58 сек. серыя выбухаў разбурыла рэактар і будынак 4-га энергаблока Чарнобыльскай АЭС. Чарнобыльская катастрофа сталася самай буйнай тэхналагічнай катастрофай XX стагоддзя.  

Для маленькай Беларусі (насельніцтва 10 млн. чалавек) яна з'явілася нацыянальным бедствам. У гады Вялікай Айчыннай вайны нямецкія фашысты знішчылі на беларускай зямлі 619 вёсак разам з іх жыхарамі. Пасля Чарнобыля краіна страціла 485 вёсак і пасёлкаў: 70 з іх ужо навек пахаваны ў зямлі. У вайну загінуў кожны чацвёрты беларус, сёння кожны пяты жыве на заражанай тэрыторыі. Гэта 2,1 млн. чалавек, з іх – 700 тыс. дзяцей. Сярод фактараў дэмаграфічнага згасання радыяцыя займае галоўнае месца. У Гомельскай і Магілёўскай абласцях (найбольш пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы) смяротнасць перавысіла нараджальнасць на 20%.  

У выніку катастрофы ў атмасферу выкінута 50x106 Ки радыенуклідаў, з іх 70% выпала на Беларусь: 23% яе тэрыторыі заражаны радыенуклідамі са шчыльнасцю больш чым 1Ки/км2 па цэзію-137. Для параўнання: на Украіне заражана 4,8% тэрыторыі, у Расіі – 0,5%. Плошча сельгасугоддзяў са шчыльнасцю забруджвання ад 1 і больш Ки/м2 складае болей як 1,8 млн. гектараў, стронцыем-90 са шчыльнасцю 0,3 і больш Ки/м2 – каля 0,5 млн. гектараў. З сельгасужытку выведзена 264 тыс. гектараў зямлі. Беларусь – краіна лясоў. Але 26% лясоў і больш чым палова лугоў у поймах рэк Прыпяць, Днепр, Сож адносяцца да зоны радыеактыўнага забруджвання...  

Як вынік пастаяннага ўздзеяння малых дозаў радыяцыі з кожным годам у краіне павялічваецца колькасць хворых на ракавыя захворванні, разумовую адсталасць, нервова-псіхічныя расстройствы і генетычныя мутацыі..."  

З6. "Чарнобыль". "Беларуская энцыклапедыя", 1996. Сс. 7, 24, 49, 101, 149.
  

"Па дадзеных назіранняў, 29 красавіка 1986 года высокі радыяцыйны фон быў зарэгістраваны ў Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Румыніі, 30 красавіка – у Швейцарыі і Паўночнай Італіі, 1–2 мая – у Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, паўночнай Грэцыі, 3 мая – у Ізраілі, Кувейце, Турцыі...  

Закінутыя на вялікую вышыню газападобныя і лятучыя рэчывы распаўсюджваліся глабальна: 2 мая яны зарэгістраваны ў Японіі, 4 мая – у Кітаі, 5-га – у Індыі, 5 і 6 мая – у ЗША і Канадзе.  

Менш за тыдзень спатрэбілася, каб Чарнобыль стаўся праблемай усяго свету..."  

З6. "Наступствы Чарнобыльскай аварыі ў Беларусі".  

Мінск. Міжнародны вышэйшы Сахараўскі каледж  

па радыеэкалогіі. 1992 г. С. 82.


"Чацвёрты рэактар, мянуемы аб'ектам "Сховішча", па-ранейшаму зберагае ў сваім свінцова-жалезабетонным чэраве каля 20 тон ядзернага паліва. Што з імі адбываецца сёння, не ведае ніхто.  

Саркафаг будавалі спехам, канструкцыя унікальная, напэўна, інжынеры-распрацоўшчыкі з Піцера могуць ёю ганарыцца. Аднак манціравалі яго "дыстанцыйна", пліты стыкавалі з дапамогаю робатаў і верталётаў – адсюль і шчыліны. Сёння, згодна з некаторымі дадзенымі, агульная плошча зазораў і трэшчын большая за 200 квадратных метраў, з іх працягваюць вырывацца радыеактыўныя аэразолі...  

Ці можа саркафаг разбурыцца? На гэта таксама ніхто не адкажа, дагэтуль немагчыма дапяць да многіх вузлоў і канструкцыяў, каб уведаць, які ў іх запас надзейнасці. Затое ўсе разумеюць: разбурэнне "Сховішча" прывяло б да наступстваў нават страшнейшых, чым у 1986-м..."  

Часопіс "Огонек", №17, красавік 1996г.

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 12.05.2009