Не бядуй, што сьнег халодны
Скрые землю ад вачэй:
Не загіне край твой родны
У тэй цемені начэй!
Якуб Колас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 
Багаты`р (Багаты`рка)
 
Тлумачэньне: 

Пэрсанаж беларускіх паданьняў і казак, у больш агульным значэньні — магутны чалавек. У паданьнях багатыры ўтваралі рэкі, перасоўвалі горы, вытаптвалі азёры, вырывалі дрэвы ды інш. Паходзіць, верагодна, ад цюркскага «багатур». (У сучасных беларускіх гаворках слова  «багатыр»  сэмантычна зьвязалася з словам «багаты», і  багатага чалавека называюць «багатыр»). У беларусаў назва багатыр сустракаецца даволі рэдка, больш частыя назовы — волат, асілак. Можна меркаваць, што волаты і асілкі ў беларускай традыцыі зьвязаны з больш даўнімі, векапомнымі часамі, часта паказваецца на іх дахрысьціянскае паходжаньне. Нездарма сэмантычная нагружанасьць і.-э. *vel-/ *vol- зьвязана са сьветам памерлых (параўн. імя бога Волас/Вялес). Волаты і асілкі змагаюцца зь нячыстай сілай. Верагодна, выкарыстаньне фальклорнай назвы багатыр больш прыстасавана да таго, што ў тыя часы разумелася як гістарычныя падзеі, у тым ліку да эпічных. Таму нягледзячы на бытаваньне гэтага  тэрміна ў казках, назва багатыр традыцыйна зьвязана зь некалькімі эпічнымі пэрсанажамі, напрыклад паданьні аб Ільлі Мурамцу, ці выкарыстоўваецца ў  паданьнях аб гістарычных асобах, напрыклад багатырка Кацярына (руская царыца Кацярына Вялікая). Польскі пісьменьнік пачатку XVII ст. Мікалай Рэй залічыў князя Канстанціна Астрожскага к «onym bohatyram, o ktorych bajano».

Багатыр (Багатырка) у адрозненьне ад назвы «асілак» і «волат» на Беларусі часьцей сустракаецца ў дачыненьні да жанчын (Багатырка Кацярына, Дарота і інш.). На мяжы Расонскага і Полацкага раёнаў ёсьць Багатыр-гара. Паводле паданьня, на гары калісьці жыла жанчына велізарнага росту і гэтакай жа сілы. Ваду на  гару яна насіла за 10 вёрстаў з возера Нешчарда, адразу па два цэбры, у якія ўлазіла па 15 судаў, г. зн. 30 вёдраў. Каромыслам ей служыў дубовы калодзежны вочап. Аднойчы яе затрымалі  татары і спыталі, як бліжэй патрапіць у Полацак. Жанчына адказала, што не чула пра такі горад, а між тым з гары ў яснае надвор'е бачна была Сьвятая Сафія. Татары раззлаваліся і накінуліся на жанчыну. Яна сваім каромыслам бадай што ўсіх перабіла, але адна з татарскіх стрэлаў трапіла ёй у сэрца.  Багатырку пахавалі на гэтай гары. Ад таго і назва гары — Багатыр-гара. З цэбраў пацякла вада і ўтварылася рэчка Багатырка.

У Смалявіцкім раёне багатырка гары Замак білася з багатыром Юзэфаўскага замка. Бойка адбылася праз балота, па якім цячэ рака Усяж.

Некалькі паданьняў пра багатырак вядома з тэрыторыі былога Лепельскага павета. У адным з паданьняў багатырка перамагла  волата і яго войска, а затым перакуліла  і паставіла ўверх каранямі вялізную елку. У другім лепельскім паданьні багатырка падымае высока над галавой коней і ідзе «валяць» чужаземнае войска.

прагляд     Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 12.05.2009