Вяровачка з пянькі, лёну ці раменны пасак для прымацоўвання лапця і анучы. На Палессі вяровачныя А. часта фарбавалі ў чорны колер (іншы раз звівалі з чорнай шэрсці); “Цяцёрка ў чорных аборках” – казалі пра сялянскую франціху. На Маларытчыне вядомы А. з конскага воласа. А. працягвалася (забарсвалася) праз вушкі лапця (забарсні), абкручаная анучай ступня зацягвалася А. у пад’ёме і закручвалася накрыж да сярэдзіны галёнкі ( на Пн Беларусі мужчыны карысталіся кароткімі А., якія закручвалі толькі да шчыкалаткі). На Тураўшчыне жанчыны намотвалі А. шчыльна, без прамежкаў.