Адзін з багоў дахрысціянскага пантэона ў беларусаў. У вядомага этнографа П. Шпілеўскага (Драўлянскага) захавалася апісанне беларускага свята ў гонар Я., якое адзначалася 27 красавіка (па ст. ст.) і захоўвалася яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. Выбіралі дзяўчыну і апраналі яе ў белае адзенне Я., які ўяўляўся маладым прыгожым мужчынам, босым, з чалавечай галавой у правай руцэ і жытнёвымі каласамі ў левай. Дзяўчыне апраналі на галаву вянок з кветак і садзілі на белага каня, прывязанага да слупа. Вакол іх дзяўчаты ў вянках вадзілі карагод (часам і па засеянай ніве) і спявалі песні пра Я. як апекуна ўрадлівасці (расліннай і чалавечай).
Пасля прыняцця хрысціянства ўсюды 23 красавіка (6 траўня) прынята адзначаць свята Юр 'я, які ўвабраў у сябе многія рысы Я. і мае блізкае па гучанні імя. Белы колер адзення Я. атаясамліваецца з белым адзеннем Бога ці святога Юр'я. У палабскіх славянаў 15 красавіка адзначаўся дзень бога Яравіта. Нямецкія місіянеры суадносілі Яравіта з богам вайны Марсам, і ў той жа час ён лічыўся богам урадлівасці, ва ўладзе якога знаходзіліся зеляніна і плады зямлі. У часе вайны залаты шчыт Яравіта неслі перад войскам. 3 гэтай ваярскай функцыяй бога можна супаставіць і чалавечую галаву ў руцэ Я. У юраўскіх песнях таксама падкрэсліваецца, што святы Юр'я «...будзе вас сабіраць і меччу галовы адсякаць». Характэрна, што на ноўгарадскім абразе «Чудо Георгия о Змие» пачатку XIV ст. святы Юры трымае шчыт з выяваю сонца ў выглядзе чалавечага твару ў фас. Некаторыя даследнікі бачаць у гэтым адлюстраванні далейшае развіццё вобраза Я. як сонечнага божышча, з чым стасуецца і прызначэнне шчыта Яравіта, залаты колер якога можна супаставіць з белым колерам адзення Я. ктотна, што Яравіт уваходзіў у склад чатырохчасткавай сістэмы багоў у палабскіх славянаў, а гэта стасуецца з чатырма Пяркунасамі ў балтаў. У адным з рукапісаў XV ст. адзначана, што «Перунъ есть многъ», іншымі словамі — мае шмат іпастасяў.
У беларускім фальклорна-этнаграфічным матэрыяле вядома свята «ярылавіца» («ярылкі»), якое адзначалі на Юр'я (у красавіку), на Сёмуху, русальным тыдні і на Купалле (май—чэрвень). Свята ўтрымоўвае як магічна-земляробчыя элементы, так і шлюбна - эратычныя.
У Расіі ў XIX ст. свята ў гонар Я. спраўлялася ў нядзелю перад Пятроўскім пастом (Кастрамская і Уладзімірская губ.). Наладжвалі пахаванне пудзіла Я. з падкрэслена выразнымі мужчынскімі атрыбутамі. У Мас-коўскай вобл. святкаванне Я. адбывалася ноччу, каля вогнішчаў на ўзгорку паблізу ракі, яно мела «разбэшчаны характар». У некаторых мясцінах на свята Я. распальвалі вогнішчы, варылі і фарбавалі яйкі, пасля заходу Сонца купаліся. Вядома назіранне, што Ярылін дзень (Ярылкі) у Расіі захаваліся там, дзе не святкавалі Купалле.
А. Голан імя Ярылы лічыць роднасным імёнам старажытнагрэцкага Эраса, Геракла, бога вайны Арэса, а таксама Юрыя-Георгія. Пазнейшы святы Юры ўвабраў у сябе рысы як хрысціянскага пакутніка, так і паганскага божышча. Iмя Я. этымалагізуецца ад славянскага *іага «вясна».