Эх, скручу я дудку!
Такое зайграю,
Што ўсім будзе чутка
Ад краю да краю!..
Франьцішак Багушэвіч
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 
 фота(1)
Аго`нь
 
Тлумачэньне: 

Адна з першасных стыхій, якая ўдзельнічала ў акце стварэньня сьвету, у міфалагічных уяўленьнях продкаў супрацьстаіць вадзе. Па адной з  вэрсіяў, агонь упершыню трапіў на зямлю разам з Перуном. Бог паслаў яго на зямлю, каб пакараць чорта, які спакусіў першых людзей сьвету — Адама і Еву. Чорт схаваўся за ясенем, а Бог перуном запаліў яго. З таго часу людзі пачалі разводзіць агонь і карыстацца  ім. Агонь мае амбівалентны характар: ён можа сагрэць і накарміць («справядлівы», «свойскі»), а можа і зьнішчыць, спаліць («чортаў агонь»).


Асаблівай  павагай карыстаўся «жывы» агонь, які здабывалі шляхам трэньня двух драўляных брускоў. Ім падпальвалі саламянае пудзіла на Масьленку, распальвалі купальскае вогнішча (гл. Купальле). На Вялікдзень тушылі «стары» агонь, а праз тры дні ў двары распальвалі такім чынам новы, «малады». Другі раз гэты ж абрад паўтаралі на Багача, Сямёна або Узьвіжаньне, калі спраўлялі Жаніцьбу коміна. «Жывым»  агнём распальвалі вогнішчы з двух бакоў вёскі, каб засьцерагчы жывелу ад эпідэміі.  Сымволіка агню шырока выкарыстоўвалася ў вясельнай і пахавальнай абраднасьці. Як надзейны ачышчальны сродак ён павінен быў зьнішчыць усе падробы ведзьмакоў супраць маладых, таму перад тым як вясельны поезд уедзе ў двор,  у варотах палілі стары саламяны сноп. Калі ў сям'і паміраў чалавек, то сьледам за труной у гаршку несьлі  гарачыя вугалькі, якія бралі з печы ў хаце памерлага. Гаршчок з вугалькамі пераварочвалі і ставілі на магілу. На Беларусі вядомы звычай «грэць нябожчыка». На другі або на трэці дзень паьсля пахаваньня ў двары  памерлага спальвалі стружкі, якія засталіся пасьля габляваньня дошак для труны.


Стаўленьне чалавека да агню як да жывой істоты, якая можа і дапамагчы, і пакараць, паслужыла асновай для ўзьнікненьня цэлай сістэмы рэгламентацый паводзінаў у дачыненьні да яго. Забаранялася пляваць на агонь («будзе вогнік або ўвесь рот і язык абсядуць балячкі»), нельга было заліваць агонь вадой, трэба было дачакацца,  каб сам дагарэў і  патух.  Катэгарычна забаранялася пазычаць агонь чужым людзям і  асабліва ў вялікае сьвята. Каб засьцерагчы сваё жытло і гаспадарку ад «перуновых стрэл», на ліштве, над уваходам або на «каньку» хаты выразалі або мацавалі разеткі з выявай знака Перуна. Гл. таксама Зьніч, печ, свечка.

прагляд     Адзнакi: 10.0 /1 Водгукі(0)
Дадаў PL 12.05.2009