Не бядуй, што сьнег халодны
Скрые землю ад вачэй:
Не загіне край твой родны
У тэй цемені начэй!
Якуб Колас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 
Абыдзё`ньнік
 
Тлумачэньне: 

Рытуальны знадбень (у беларусаў часьцей за ўсё Ручнік), выраблены ў пэўнай крызіснай сітуацыі: пры эпідэміі, падчас засухі, градабою ды іншых няшчасьцях (ёсьць зьвесткі пра тое, што ў некаторых мясьцінах абыдзёньнік апошні  раз  ткалі ў пэрыяд «калектывізацыі», у гады Другой Сусьветнай Вайны). Рытуал вырабу абыдзёньніка такі: у адной хаце за дзень ці за  ноч жанчыны  (часам толькі старыя, «чыстыя»  або ўдовы) ці дзяўчаты  пралі кудзелю і ткалі ручнік. Атрыманую тканіну ахвяравалі ў царкву, выраб вешалі на абраз ці крыж на ростанях, абыходзілі зь ім вакол вёскі, поля,  пераганялі праз яго жывёлу. Абыдзённаму ручніку прыпісвалася ўласьцівасьць успрымаць, убіраць у сябе рэальнае зло або служыць неадольнай перашкодай для яго пранікненьня ў жыцьцёвае кола людзей.


Дасьледнікі магічныя якасьці абыдзёньніка зьвязваюць зь яго навіной, а значыць, з абсалютнай чысьцінёй, пры сутыкненьні зь якой разьбіваецца моц нячыстай сілы. У час абходу вёскі абыдзёньнікам ахоплівалася  ўся асвоеная дадзеным соцыюмам прастора. Варыянты рытуалу з наступным спальваньнем абыдзёньніка выступаюць як пазбаўленьне ад сканцэнтраваных у  ім няшчасьцяў, як вяртаньне ў сьвет прыроды «адпрацаванай» рэчы. Інакш кажучы, тканьне абыдзённага палатна зьвязвалася з ідэяй абнаўленьня сьвету і вяртаньня яму першапачатковай чысьціні.


Сіла абыдзённага ручніка палягала ў прысутнасьці ў ім своеасаблівай моцы, псіхічнай энэргіі ўсяго калектыву,  тоеснай высокім духоўным памкненьням.  Архаічныя формы абраднасьці выяўляюць тэндэнцыю, якую можна тлумачыць як утварэньне магічнага кола, г. зн. узьвядзеньне непераадольнай для эпідэміі мяжы. Магчыма, першапачаткова кавалкам палатніны абкружалі ўсю вёску, ствараючы магічнае кола-пояс.  Пазьней рэальнае апаясваньне было заменена на сымвалічнае — абыходам вакол сяла з абыдзёньнікам.


Тканьне ручніка часам  суправаджалася  паралельным рытуалам – варожбамі і ўстаноўкай мужчынамі абыдзённага крыжа. Вядомае ў беларусаў і апаясваньне храма. На сьв. Аляксея плялі абыдзённую сетку, каб добра лавілася рыба.


У гэтых абрадах паўната і завершанасьць усяго працэсу за кароткі  тэрмін часу надавала вырабам сакральнасьць і магічную моц.

прагляд     Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 12.05.2009