Элемэнт традыцыйнага строю, сэмантычна вылучаны ў багата якіх абрадах (калядных, пахавальных і інш.). У глыбокай старажытнасьці абутак быў своеасаблівым «пасьведчаньнем» родавай прыналежнасьці. Кожны род меў сваю форму абутку, матэрыялам для якога служыла скура з задніх ног татэмнай жывёліны. У Сярэднявеччы скураны абутак упрыгожваўся вышыўкай ніткамі. Узоры мелі магічны характар.
Вядомыя абрады, у якіх па памерлых ахвяравалі стары стаптаны абутак. Яшчэ нядаўна мейсцамі існаваў звычай: на Каляды дзяўчаты набіралі поўныя начоўкі свайго абутку і падкідвалі ўгару. Чый абутак хутчэй выпадзе з начовак, тая дзяўчына магла спадзявацца неўзабаве выйсьці замуж.
На Беларусі існуе нямала паданьняў пра археалягічныя помнікі (гарадзішчы і курганы), якія нібыта былі насыпаны швэдамі (французамі, туркамі, татарамі), што нанасілі зямлю ботамі.