Дэталь ткацкага варштата, з дапамогай якой разьдзялялі ніткі асновы. Вострыя зубы бёрда абумовілі яго апатрапейныя рысы: бёрда падкладвалі пад калыску дзіцяці. Мноства зубоў аб'ядноўвае бёрда зь іншымі прадметамі з прадукавальнай сэмантыкай. На яго вытворчай функцыі заснаваны звычай класьці бёрда пад ногі карове ў час першага выгану, «каб дадому прыбівалася».
Бёрда забаранялі перавозіць на кабыле, «бо тая б кабыла была ўжо няплодна». Бёрда ніколі не пераносілі «голага», а абмотвалі яго, як і іголку, грэбень, пасмачкай лёну. Бёрда не аддавалі з дому пасьля заходу сонца, а то не будзе радзіць лён, не пакідалі на ноч на вуліцы, цяжарная жанчына асьцерагалася сустрэчы з суседкай, што несла бёрда: баялася, што дзіця народзіцца худым ці рабым.