Прысьвятак у народным календары (адзначаўся 6 жніўня н. ст.). Знаменаваў надыход жніва: «Барыс і Глеб – пасьпеў хлеб». З прычыны сугучнасьці сьвяты Глеб успрымаўся ў якасьці апекуна хлеба. У народных песьнях паведамлялася: «Сьвяты Барыс снапы зносіць... бабкі зьлічаець». У гэты дзень забаранялася рабіць цяжкую працу: «На Барыса за серп і косу не бярыся». Лічылася, што парушальнікам гэтай забароны пагражала калецтва, а жывёле, якая ела скошанае ў гэты дзень сена, – хвароба і нездаровы прыплод; скіданыя ў гэты дзень стагі маглі быць спаленыя маланкаю, тое ж чакала пуню ці гумно са зьвезенай у гэты дзень збажыною. На Барыса і Глеба асьцерагаліся дажджу з навальніцаю, гэты ж дзень лічыўся апошнім днём купаньня.