У народнай культуры замяшчае сабой мужчыну і ўвасабляе жыцьцёвую сілу, рост, урадлівасьць. Часта барада выступае як атрыбут Бога, а таксама як неабходная прыналежнасьць духаў і багоў плоднасьці. У беларусаў Палявік уяўляўся гаспадаром поля ў выглядзе старога з барадой з каласоў. Цікава, што такія тыпова жаночыя багіні, як вавілонска-асірыйская багіня каханьня Іштар і грэцкая Афрадыта маляваліся часам таксама з барадой. Гэта можна растлумачыдь толькі тым, што ў названых багінь раней былі больш шырокія функцыі – яны былі багінямі ўрадлівасьці. На думку Вяч. Іванава асаблівае значэньне мела барада Грымотніка, што ўскосна адлюстроўвалася ў фальклорных формулах, якія стасуюцца да «барады Ільлі»; тады практыка «завіваньня барады» дазваляе рэканструяваць «архаічную форму абраду, калі чалавеку, які сымвалізаваў мужчынскае антрапаморфнае боства, прыстаўлялі бараду, зробленую з адпаведнага злака».
У дапятроўскай Расеі галіць бараду не было прынята, а калі пры Пятры I баярам бароды сталі сілком абстрыгаць, іх захоўвалі, каб быць пахаваным зь ёй і паказаць на тым сьвеце гаспадару замагільнага царства – сьвятому Міколу. Існавала рускае павер'е, што калі ведзьмаку абрэзаць бараду, то ён пазбавіцца чарадзейнай сілы.
У Кіеўскай Русі вырываньне ці абстрыганьне барады лічылася адной з самых цяжкіх зьняваг. Паводле летапісу, княскі ваявода Ян Вышаціч распарадзіўся вырваць бароды паганскім волхвам. У той жа час на мініяцюры Радзівілаўскага летапісу, якая ілюструе забойства князем Глебам Сьвятаславічам волхва, апошні паказаны з паголенай барадой. У «Жыціі», прысьвечаным тром віленскім пакутнікам XIV ст., гаворыцца, што ліцьвіны-паганцы галілібароды і коратка стрыгліся, у адрозненьне ад барадатых і доўгавалосых хрысьціянаў. Кіеўскі князь X ст. Сьвятаслаў Ігаравіч, апісаньне аблічча якога было зроблена візантыйскім аўтарам, таксама не насіў барады. На тэрыторыі Беларусі вядомыя знаходкі брытваў у дахрысьціянскіх курганох і на паселішчах (напрыклад, у арэале культуры ўсходнелітоўскіх курганоў). Не выключана, што распаўсюджаньне звычаю насіць бараду адбылося пасьля прыняцьця праваслаўнай разнавіднасьці хрысціянства, пад уплывам указаньняў Старога Запавету. Кансэрватыўная плынь юдаізму забараняе не толькі галіць, але і падстрыгаць бараду. У адрозненьне ад праваслаўнага ўсходу Эўропы звычай насіць бараду значна менш быў распаўсюджаны на каталіцкім Захадзе.
Барада ў беларусаў лічылася шчасьлівай прыкметай, бачным сымвалам прыхільнасьці боства («на курчавай хазяіна барадзе раі рояцца, мяды плодзяцца»). З другога боку, барада мужчыны мела такія ж абарончыя, ахоўныя функцыі, як і дажынкавая «барада». Пастух ад першага дня сваёй працы да Дзядоў мусіў не галіцца, бо ягоная барада была засьцярогай ад ваўкоў і іншых няшчасьцяў ягонай працы.
У казках вядомы сюжэт, калі волас, вырваны з барады, становіцца цудадзейным памочнікам героя. Да нашых дзён захавалася павер'е: калі сустрэнеш чалавека з доўгай сівой барадой, абавязкова дакраніся да яго – будзе шанцаваць у жыцьці.