Даволі зьдзекаў і прымусаў!
Даволі глуму і пакут!
Хачу быць вольным Беларусам‚
Аслабаніць свой родны кут!
Алесь Змагар
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 
Бало`тнік
 
Тлумачэньне: 

Самы пачварны з усіх нячысьцікаў, якія жывуць у балоце. Ён уяўляўся страшэнным таўстуном, зусім без вачэй, увесь у тоўстым пласьце гразі, да якой наліпла ў беспарадку багавіньне, мохавыя валокны, смаўжы, жукі і іншая вадзяная жамяра. Балотнікі не здольныя да пяшчоты і ласкі. Панурыя, няўклюдныя, нерухомыя, яны жывуць поруч  са сваімі братамі Багнікам і Аржавеньнікам, а  таксама Лозьнікам (Лазавіком), дапамагаюць адзін аднаму перасьледаваць ахвяру – чалавека ці свойскую жывёлу.  Прыгожымі вобразамі і гукамі яны заманьваюць ахвяру, якую пад зваблівай  расьлінаю чакае дрыгва.  Калі ахвяра, блытаючыся ў каранях і ствалах лазьняку, пачынае тануць, нячысьцік хапае яе за ногі і паволі, але ўчэпіста цягне да сябе. Паверхня багны сыходзіцца, не пакідаючы сьлядоў пагібелі.


Усе разнавіднасьці нячысьцікаў, што жывуць у балоце, не баяцца грамовых стрэлаў, якія трацяць сьмяротную сілу ад судакрананьня з паверхняю. Найвялікшая небясьпека – асушэньне балота каналамі. Калі сыходзіць вада,  нячысьцік гіне, не ў стане выбрацца, і жытло робіцца яму магілаю. Парэшткі Балотніка зьліваюцца зь зямлёю і служаць угнаеньнем – адным нячысьцікам робіцца меней, бо ўсе яны вечна самотныя кавалеры. Балотнік цешыцца расьлінным і жывёльным жыцьцём на паверхні свайго жытла. Раніцою і ўвечары ён крычыць на розныя галасы: раве, як птушка бугай, крача па-качынаму, булькоча, нібы цецярук, каб завабіць паляўнічага ці драпежніка. Калі прырода раськвечвае паверхню жытла Балотніка кветкамі, ягаднікамі, грыбамі, нячысьцік патаемна вырошчвае між іх багун, які задурманьвае чалавеку галаву. Балотнік прабівае там і тут балотныя вакенцы, атуляе іх здрадніцкай расьліннасьцю,  падганяе туды рыбу. Гэтыя сатанінскія пасткі загубілі не аднаго чалавека. Надта злуе Балотніка чалавечая выдумка хадзіць па багне на балотных лыжах: паверхня трасецца, а чалавек рухаецца і не тоне. Яшчэ больш злуецца Балотнік у сьпякотнае лета, калі чалавек праводзіць па балоце нават каня з возам. Баіцца Балотнік вымерзнуць ад зімовых маразоў. Зь яго бярлогі час ад часу падымаецца цёплае дыханьне, утвараючы балотную палонку.

прагляд     Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 12.05.2009