Рэшткі колішніх азёр, якія захавалі спэцыфічныя назвы: Балваны, Кравяное балота, Паганскае балота, Каралеўскае балота, Белае балота, Чорная лужа, Чортава балота, Шведава балота, Шведава яруга ды інш. Паходжаньне балотаў апісваецца ў шматлікіх беларускіх касмаганічных паданьнях. У іх апавядаецца, што бог пачаткова стварыў зямлю пасярод пракаветных водаў (гл. Вада) гладкай, роўнай, шырокай і ідэальна круглай. Але чорт, які пры гэтым прысутнічаў і нават здабыў з глыбіні водаў насеньне зямлі, прыхаваў крышачку гэтага насеньня ў роце, каб потым паспрачацца з богам у здольнасьцях да стварэньня. Ды нечакана зямля пачала разрастацца ў яго чэраве, і чорту не засталося нічога, як пачаць выблёўваць гэтае насеньне. Там, дзе ўпала чортава насеньне, і ўтварыліся азярыны ды парослыя ніцымі лозамі балоты і багніскі. Касмаганічная сымволіка балота зьвязана і зь яго рэальнымі ўласьцівасьцямі – гэта беспарадкавая сумесь зямлі і вады, першасных элемэнтаў, зь якіх утвараўся будучы Космас. Таму балоты – улюбеныя мейсцы бытаваньня розных нячысцікаў, якія пераймаюць функцыі антаганіста бога ў акце стварэньня. Але сярод гэтых нячысьцікаў таксама назіраецца пэўная спэцыялізацыя (гл. Багнік, Балотнік, Аржавень, Лозьнік).
Іншыя паданьні пра балоты блізкія да паданьняў пра культавыя азёры (правалілася царква, дом), а таксама да паданьняў пра курганы, гарадзішчы, культавыя камяні (на балоце біліся шведы з рускімі ці французамі, праваліўся шведскі салдат, што ратаваўся ад рускіх ды інш.). У балотаў вядомы сьляды ахвярапрынашэньняў вадзе. Так, у Наўгародскай Кормчай (ХШ ст.) адзначана, што славяне «жроуть (прыносяць ахвяры) бесом, и болотом, и колодезям». Існаваў звычай адносіць на балота і выкідваць «нячыстыя» рэчы (адзеньне памерлага, сьмецьце і да т. п.). У Гарадзенскай губэрні балота часам было мейсцам пахаваньня «нячыстага» нябожчыка – самагубцы. У 1963 г, у балоце блізу вёскі Капланавічы Клецкага раёна знойдзена драўлянае рала раньняга жалезнага веку. Такія знаходкі ў балотах вядомыя ў Скандынавіі, Нямеччыне. Знаходкі ралаў у балоце дасьледнікі тлумачаць як ахвяраваньні сілам вады пасьля вясеньняга ворыва дзеля атрыманьня добрага ўраджаю.