Будзем жыць! Днямі яснымі, новымі
Пойдзем, пойдзем з табою ў гару,
Наша жытная і васільковая,
Несьмяротная Беларусь!
Натальля Арсеньнева
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 
Ба`й (Бо`й, Бу`й)
 
Тлумачэньне: 

Князь, міфічны першанасельнік Беларусі,  родапачынальнік беларускага этнасу. Ён з'явіўся на будучым беларускім этнічным абшары яшчэ ў тыя пракаветныя часы, калі «сьвет толькі зачынаўся». I аповед пра яго валадараньне этнагенэтычнае паданьне пачынае з кароткай касмаганічнай экспазыцыі. Напачатку нічога не было — адна толькі вада.  Пасярод вады тырчэў камень. Аднаго разу Пярун пачаў біць у гэты камень і выбіў тры яскаркі: белую, жоўтую  і чырвоную.  Як упалі гэтыя яскаркі на ваду, усё ў сьвеце скаламуцілася, а як зноў прасьвятлела, то аказалася, што вада і зямля адасобіліся. Па некаторым часе завялося  і ўсякае жыцьцё на зямлі і ў вадзе, З'явіўся тут і першы чалавек — Бай. Ён пачаў  заводзіць чалавечыя парадкі. Бай меў многа жонак і яшчэ болей дзяцей.


Славіўся Бай як магутны асілак і княжыў над усім тутэйшым людам. Меў князь  Бай два любімых сабакі незвычайнай моцы і кемлівасьці, якіх звалі Стаўры і Гаўры. Улюбёным заняткам Бая было паляваньне з лукам у пушчах на дзікіх зьвяроў.


Калі прыйшоў час паміраць, князь Бай адказаў усю сваю маёмасьць сынам і загадаў шанаваць яго верных сабак.


Аднак адзін сын — Белаполь — быў у гэты час на паляваньні і яму ад бацькавай спадчыны засталіся толькі Стаўры і Гаўры і наказ пусьціць іх па волі; і  колькі зямлі аббягуць яны за дзень, тая і будзе ягонай спадчынай. Злавіў Белаполь дзьвюх птушак: адну з паўднёвага мора, другую — з заходняга, пусьціў іх і нацкаваў сваіх сабак. Паляцелі птушкі кожная ў свой бок, а за імі імкліва пабеглі сабакі. Па сьлядох тых сабак пацяклі дзьве буйнейшыя беларускія рэчкі — Дзьвіна і Дняпро. У тых абшарах і стаў сяліцца Белаполь, і ад яго пайшлі розныя плямёны беларусаў. А Стаўры і Гаўры на загад старога князя народ і дагэтуль ушаноўвае адзін раз на год перад Сёмухай. Дзень гэты завецца Стаўроўскія Дзяды.


Вельмі архаічны характар міфалагічных вобразаў і князя Бая і яго сабак Стаўры і Гаўры не выклікае сумневаў. Беларускі этнаганічны міф непасрэдна суадносіць іх з часамі першастварэньня: «Калісь яшчэ сьвет толькі зачынаўся, дык нічога нідзе не было. Усюды стаяла мёртвая вада...» Пасьля  заканчэньня фазы касьмічнага ўпарадкаваньня князь Бай аказаўся першым насельнікам толькі што створанай зямлі. Адпаведна ён стаў і першым памерлым, які, як правіла, станавіўся валадаром царства мёртвых, пра што сьведчыць яго фальклорная спрычыненасьць да памінальнага дня. Гэтымі рысамі князь Бай аказваецца абсалютна тоесным адпаведным пэрсанажам іншых індаэўрапейскіх міфалогій. Прыгадайма тут ведыйскага Яму і яго двух чатырохвокіх сабак, авестыйскага Йіму з чатырма псамі, грэцкага Аіды з трохгаловым Керберам. Ва ўсіх выпадках сабакі з'яўляюцца вартаўнікамі царства памерлых. Эпічнымі аналагамі гэтых вобразаў ёсьць два вялізныя сабакі на залатых ланцугах, што пільнукшь уваход у рай, дзе валадарыць сам Бог (казка «Знайда Дуброўскі»), або добра вядомы Кашча, абавязковымі спадарожнікамі якога былі два харты. Кашча сам можа разумецца як увасабленьне сьмерці і сьвету памерлых.


На архаічны характар беларускага культу, магчыма, паказвае свайго роду «білінгва» ў звароце да Стаўры і Гаўры: «Стаўры,  Гаўры, гам. прыхадзіце к нам!» Параўн. «...гам, прыхадзіце...», дзе першы элемэнт можа разглядацца як  вытворнае ад і.-е. асновы *^ца/е-(т)- са значэннем «хадзіць», прадстаўленай у багата якіх і.-е. мовах, у тым ліку і ў беларускім слове «гаць» з пачатковым значэньнем «праход». У формуле звароту можа фігураваць толькі архаічная, ці толькі больш сучасная форма.


Матыў разьмеркаваньня бацькам спадчыны сваім сынам добра вядомы як роднасным індаэўрапейскім міфалогіям (параўн. разьмеркаваньне спадчыны Таргітаем сваім сынам Арпаксаю, Ліпаксаю  і Калаксаю  — будучым родапачынальнікам розных скіфскіх плямёнаў), так і казачнаму эпасу (казкі тыпу «Бацькава спадчына»). Яшчэ  адзін вельмі архаічны матыў у нашым этнагенэтычным міфе — гэта рытуал уваладараньня на тэрыторыі, якую за пэўны прамежак часу аббягае тая ці іншая сакральная жывёла, у дадзеным выпадку два сабакі (гл. таксама Вітаўт). Вобраз двух сабак Стаўры і Гаўры паказвае на верагодны блізьнечы характар вобраза самога Бая (у гэтым зьвязку параўн. бел. абоі, абая «абодва», ст.-прус. аЬЬаі, гоц. Ьаі «тое самае», прычым форма «абоі» ўважаецца дасьледнікамі за і.-е.  архаізм).

прагляд     Адзнакi: 10.0 /1 Водгукі(0)
Дадаў PL 12.05.2009