ЛІТАНЬНЕ АДЗІНОЦЕ

Зноў я прыходжу у часе зьмярканьня

Складаю Літаньне, нясу Табе даньне

         Ад сэрца свайго, Адзінота;

Можа, раней, як яшчэ не радзіўся,

Табе быў адданы, Табе прысудзіўся;

         Крулева мая, Адзінота;

Можа быць, маці, калі спавівала

І ночы ня спала, над люлькай сьпявала,

         Аддала Табе, Адзінота;

Меў я ад родных пяшчоты – упады,

Мне мамка-галубка і ўсе былі рады,

         А Ты – над усіх, Адзінота;

Ты надавала мне брэдняў у садочку

Ля хаткі радзімай, ў вішнёвым куточку,

         Дзіцяці яшчэ, Адзінота;

Ласка Твая, што ўсяго навучыўся,

Ў жыцьцё, і ў людзей, і ў Цябе улюбіўся,

         І воля Твая, Адзінота;

Сьмерцю сваёю – ці наглаю згіну,

Ніколі Цябе я ужо не пакіну, –

         Ня здолеці мне, Адзінота.

Часам Табе пасылаю праклёны,

Зубоў скрыгітаньне, уразаў мільёны

         Ўладаньню Твайму, Адзінота;

І дух непакоры, руіны, паўстаньні

Над ўсе пераможны, кідае ў расстаньне,

         Абы ад Цябе, Адзінота;

Потым прыходжу пануры, пахілы,

Хачу падзівіцца на вобраз Твой мілы,

         Пякнейшы за ўсё, Адзінота!

Ты ж, як матуля, прытуліш і прымеш,

Ашушкаеш ласкай і тугу сунімеш,

         І зноў я з Табой, Адзінота!

Гэтак, нявольны ніколі сабою,

Прыходзіў сягоньня па спрэчцы з Табою

         Ў пакоры. Прымі, Адзінота!


  А. Гарун