АДЗІН

Ці йду я вясёлай дзянінай

З касой ці з сахой за сяло

Й ня бачусь з пахілай хацінай,

Пакуль чую сонца цяпло,

I ў полі, працуючы ў поце,

Бядую над горам сваім, –

Дарэмна шукаю, хто шчыра б

Пацешыў ў цярпеньні цяжкім.


        Душа мне і шэпча, і плача:

        Адзін ты, адзін, небарача!


Ці з поля гадзінкаю шэрай

Вярнуся, сяджу за сталом,

Краплюся паціху вячэрай,

Лучынка міргае агнём,

А зьеўшы адно, паглядаю,

Ці хто больш чаго падліе, –

Дый дарма!.. Пры лаве, пры печы

Ўсё твары снуюць не свае.


        Душа мне і шэпча, і плача:

        Адзін ты, адзін, небарача!


Ці ночкай панурай к падушцы,

Ўвесь змучан, прыльну аддыхнуць,

А сэрца, як ліст той на грушцы,

Трасецца, калышацца грудзь.

I жду так – вось прыйдзе хтось любы,

Абніме, атуліць сабой;

Дый дарма!.. Нікога, нікога, –

Хтось кажа, – няма тут з табой!


        Душа мне і шэпча, і плача:

        Адзін ты, адзін, небарача!


Ці йду ў беларусаву хату

Са сну прывітаць на зары,

I рукі там выцягну к брату

I кіну вачыма к сястры,

Ці, ўсеўшыся ціха на прызьбе,

Зайграю там песьню сваю, –

Дарэмна прывету чакаю,

Дарэмна вітаю, пяю.


        Душа мне і шэпча, і плача:

        Адзін ты, адзін, небарача!


28.V.1906.  Я. Купала