СМЫК

Ох, дайце ж мне смык,

Каб усюды граў!

Хоць бы сам я зьнік,

Абы голас даў;

Каб той голас чуць

Па усей зямлі,

Гдзе людзі жывуць,

Гдзе даўней жылі!

Выйшаў бы я ў гай, –

Чык-чырык дуба,

Аж ён граў бы, знай,

Як тая труба,

Што пазьве на суд

У астатні час

Увесь Божы люд...

Пазаве і нас.

Хвойку б пацягнуў,

Каб аж бор прылёг,

Увесь лес сагнуў

У барані рог;

I завыў бы ён,

Каб усё пачуў,

І наш енк і стон

У бары б лунуў!

Каб бярозку раз

Пацягнуў смыком,

Яна вечны б час

Раўла б з мужыком!

Каб аж зёлачкі

Заігралі бы,

Як шчыголачкі,

Засьпявалі бы!

Як смычком бы тым

Камень зачапіць,

Дык пайшоў бы дым...

«Камень не сьцярпіць!»

У жарству, пясок,

Каб рассыпаўся,

Каб даў галасок,

Аж захліпаўся!

Каб пачуў усяк

Ды каб літасьць меў:

Каб цьвёрды разьмяк,

Каб мяккі аж млеў!

Ох, каб мне той смык,

Каб на сэрцах граў, –

З радасьцяй бы зьнік,

Абы голас даў!..


  Ф. Багушэвіч