* * *

Вазьму свой лёс і перайначу!

Як лёгка сказана! Мана:

Плачу за горкую удачу

Расянай кропелькай віна.


Яе на мой прыезд чаканы

Расьціла мама цэлы год.

А год апаў, як ліст каляны,

А год гарчыць, як позьні мёд.


З плячэй адкінуўшы турботы,

Імкнуся стаць я весялей

Ці не таму,

                 што адзіноту

Баюся выдаць на сяле?


Бо тут усё сваёй хадою:

I першы ліст, і першы гром,

I певень з поўняй маладою,

I Камарыха з Камаром.


  Я. Янішчыц