Гдзе ж нам парывацца –
З мудрымі раўняцца:
Чэсьць аддаць Аўторцы
У простай гаворцы!
Не, ня чэсьць, то мала –
Славу сваім трудам
Сама ты зьяднала!..
Ты з пальмай прад людам.
Шмат ксёнжак пісалі
Не аб нашым браце:
Лепш чужых пазналі,
Як у сваёй хаце;
А нас, подлых кмеці,
Міналі здалёка
I хавалі дзеці
Ад нашага вока.
А Ты, пані, сьмела
Заглянула ў хату,
Усё зразумела
I нашаму брату
Працягнула руку
I сэрцам балела,
Глядзеўшы на муку,
I пяром умела
Выліць смутак гэты, –
Што аж душа рвецца,
Што плачуць кабеты,
Ня знаюць, гдзе дзецца!
Чым жа мы аддзячым?
Што ж мы напрыносім? –
Хіба што заплачым
Ды Бога папросім:
Прымі ж нашу дзяку
У малітве, ў сьлёзцы,
Прымі як азнаку
Тваёй славы ў вёсцы.
|
|